24 студзеня ў Мінску прайшоў першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. У гэтым форуме ўдзельнічалі і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла — члены Экспертнай рады па пытаннях абароны жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Тэма ўстойлівага развіцця апошнія паўтара гады ўсё часцей гучыць у беларускіх СМІ, больш за тое, па дадзеных БелТА, з 1 лютага 2019 года беларускія законы і прававыя акты павінны адпавядаць мэтам устойлівага развіцця. У той жа час само гэтае паняцце мала для каго з’яўляецца зразумелым.
У чым жа сутнасць устойлівага развіцця і чаму Каталіцкі Касцёл так гэтым занепакоены? Гаворка ідзе пра тое, што рэсурсы нашай планеты не бясконцыя і трэба іх берагчы, каб перадаць нашым нашчадкам свет, прыдатны для жыцця.
Эканамічнае развіццё не павінна знішчаць прыроду. Гэтае пытанне стала асабліва актуальным у другой палове ХХ стагоддзя, калі ўздзеянне людзей на навакольнае асяроддзе стала надта заўважальным.
Тэма экалогіі пачала гучаць усюды ўжо ў 1980-я гады, а ў апошнія 20 гадоў стала адным з найважнейшых напрамкаў у сусветнай палітыцы. На першы погляд, усё лагічна: планета Зямля — наш агульны дом, і мы павінны вучыцца быць добрымі гаспадарамі ў гэтым доме, сачыць за чысцінёй і падтрымліваць парадак. Якая тут праблема?
Рэч у тым, што экалогія сёння стала ідэалагічным і палітычным пытаннем, а ў якасці асноўнага адказу на яго прапануецца зніжэнне колькасці насельніцтва нашай планеты або прынамсі яго стабілізацыя — устойлівасць, адсюль «устойлівае развіццё».
Прычым у першую чаргу гэта датычыцца так званых менш развітых краін (less developed countries).
Калі коратка, то багатыя краіны, так званы «залаты мільярд», не зацікаўленыя ў росце насельніцтва ў бедных краінах. У багатых краінах ужо больш за 50 гадоў нараджальнасць вельмі нізкая, а калі людзі ў бедных краінах працягнуць размнажацца, рэсурсаў не хопіць на ўсіх. На форуме ў Мінску было выразна сказана, што свет перанаселены, што ёмістасць біясферы нашай планеты абмежаваная, яна можа змясціць толькі 3 мільярды людзей.
Гэтыя ідэі на самай справе не новыя, яны былі агучаны яшчэ ў 1970-я гады Рымскім клубам і дзяржсакратаром ЗША Генры Кісінджэрам у дакладзе NSSM 200, прычым адказнасць за рэалізацыю планаў па зніжэнні нараджальнасці была ўскладзена ў асноўным на структуры ААН. Таму мэты ўстойлівага развіцця (МУР) праводзяцца сёння па ўсім свеце пад эгідай гэтай глабальнай арганізацыі.
Варта адзначыць, што неспецыялістам у МУР вельмі складана разабрацца — гэта 17 мэтаў, 169 задач (!) і цэлы шэраг індыкатараў, занадта шмат тэксту і незнаёмых тэрмінаў. Разам са станоўчымі ідэямі па абароне навакольнага асяроддзя, ліквідацыі галечы і інфармацыйных тэхналогіях у МУР замаскіраваныя і абсалютна непрымальныя паняцці, схаваныя ў абцякальных фразах. Аднак сутнасць гэтых паняццяў падрабязна выкладзеная ў іншых дакументах ААН і яе даччыных арганізацый: Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ — WHO), Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).
У першую чаргу гаворка ідзе пра сексуальныя і рэпрадуктыўныя правы, пад якімі крыецца навязванне абортаў і кантрацэпцыі, а таксама пра гендарную роўнасць і інклюзіўнасць, пад якімі крыюцца правы так званай ЛГБТ-супольнасці. Пры гэтым нельга аддзяліць адны мэты ад іншых — альбо мы прымаем усё цалкам, альбо нас запісваюць у ворагаў эканамічнага прагрэсу.
Менавіта таму ідэі МУР так хвалююць Каталіцкі Касцёл, бо разам з абаронай навакольнага асяроддзя — лясоў, рэк, балот і тарфянікаў — прапануюць адмовіцца ад традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцяў, на якіх пабудавана наша цывілізацыя.
Вось яскравы прыклад з Афрыкі, які распавялі каталіцкія місіянеры. У Намібіі востра стаіць праблема якаснай пітной вады. І структуры ААН прапануюць у некаторых вёсках наступны варыянт: мы для вас пабудуем артэзіянскую свідравіну (гэта вельмі дорага), а вы ўсіх дзяцей вашай вёскі адправіце на курсы сексуальнай адукацыі або ўсім жанчынам паставіце спіралі ці праведзяце стэрылізацыю. Гэта значыць чыстая вада (МУР №6) у абмен на адмову ад нараджэння дзяцей (МУР №3). Бываюць яшчэ больш жорсткія патрабаванні — калі міжнародную фінансавую дапамогу краіне ўвязваюць з прызнаннем аднаполых шлюбаў (МУР №5).
У Беларусі глабальныя фонды паводзяць сябе больш гнутка і інтэлігентна, чым у Афрыцы, але, тым не менш, іх прыярытэты застаюцца ўсё тыя ж — адной рукой яны за экалогію і ліквідацыю галечы, а другой — за зніжэнне нараджальнасці і гендарную ідэалогію. І тут нашым уладам не пазайздросціш, бо наша краіна была адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, мы звязаны міжнароднымі абавязацельствамі, без якіх складана казаць аб нейкім эканамічным развіцці.
Аднак у сувязі з цяжкім дэмаграфічным крызісам у аснову беларускай дзяржаўнай палітыкі пакладзены менавіта традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, мы імкнёмся да росту насельніцтва, пра што гаворыцца ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. І ў Беларусі мэты ўстойлівага развіцця аказваюцца ў супярэчнасці не толькі з дзесяццю запаведзямі, біблейскімі прынцыпамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла, але і з палітыкай, скіраванай на незалежнасць краіны.
Больш падрабязна з прапановамі і заўвагамі Экспертнай рады па пытаннях абароны жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі можна азнаёміцца тут >>>