Каментар арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да паслання папы Францішка
на 52-і Сусветны дзень міру:
«ДОБРАЯ ПАЛІТЫКА СТАІЦЬ НА СЛУЖБЕ МІРУ»
1. У першы дзень Новага года, калі адзначаецца ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, Каталіцкі Касцёл паводле ўжо ўсталяванай традыцыі моліцца ў інтэнцыі міру.
Сусветны Дзень міру ўстанавіў папа Павел VI 8 снежня 1967 г. спецыяльным лістом, скіраваным да ўсіх людзей добрай волі, у якім прапанаваў на пачатку календарнага года адзначаць Дзень міру. Звычайна ў гэты дзень Папа звяртаецца да ўсіх людзей са спецыяльным Пасланнем.
Тэма сёлетняга Паслання папы Францішка: «Добрая палітыка стаіць на службе міру».
Святы Айцец жадае падкрэсліць, што клопат пра мір, які займае цэнтральнае месца ў місіі вучняў Хрыста, павінен таксама быць у цэнтры сучаснай палітыкі. Ад палітыкаў і іх рашэнняў залежыць мір.
Пасланне пантыфіка складаецца з сямі пунктаў, у якіх паслядоўна абгрунтоўваецца значэнне палітыкі ў захаванні міру ў сучасным свеце, напоўненым войнамі, насіллем і тэрарыстычнымі актамі.
2. У першым пункце «Супакой гэтаму дому!» (пар. Лк 10, 5) Папа нагадвае словы Хрыста, які, пасылаючы сваіх вучняў на місію, выразна падкрэслівае, што іх галоўнае заданне — несці мір у свет. Нясенне міру займае цэнтральнае месца ў місіі вучняў Хрыста. Гэта таксама прапанова, скіраваная да ўсіх людзей, якія спадзяюцца на мір ва ўмовах трагедый і насілля ў гісторыі чалавецтва.
«Домам», пра які кажа Хрыстус, з’яўляецца кожная сям’я, супольнасць, краіна, кантынэнт і ўся планета. Гэта таксама кожная асоба, без ніякай дыскрымінацыі.
3. У другім пункце Паслання папа Францішак звяртае ўвагу на выклікі добрай палітыкі. Мір падобны да надзеі і кветкі, якая змагаецца, каб квітнець сярод камянёў гвалту.
Палітыка з’яўляецца важным сродкам будавання грамадства і ажыццяўлення чалавечых праектаў, аднак калі палітыкі не ўспрымаюць яе як служэння чалавецтву, то яна можа стаць інструментам прыгнёту, маргіналізацыі і нават знішчэння.
Хоць заданне палітычнай адказнасці з’яўляецца абавязковым для ўсіх, яно ў першую чаргу датычыцца тых, хто атрымлівае мандат, каб служыць сваёй краіне, абараняць яе грамадзян і працаваць для стварэння ўмоваў для годнай і справядлівай будучыні. Палітыка, калі яна праводзіцца з пашанай да жыцця, свабоды і годнасці людзей, можа стаць узнёслай формай любові да бліжняга.
4. У трэцяй частцы Паслання Пантыфік засяроджваецца на тым, як любоў і чалавечыя цноты ў палітыцы служаць правам чалавека і міру.
Зыходзячы з вучэння папы Бэнэдыкта XVI аб тым, што калі дзейнасць чалавека натхняецца і падтрымліваецца любоўю, то яна спрыяе будаванню «Божага горада», папа Францішак кажа, што гэтая думка яго папярэдніка можа быць праграмай дзеяння для ўсіх палітыкаў, незалежна ад іх культурнай або рэлігійнай прыналежнасці, якія жадаюць працаваць на карысць людзей, практыкуючы тыя чалавечыя цноты, якія вызначаюць добрую палітычную дзейнасць, а менавіта справядлівасць, роўнасць, узаемную павагу, шчырасць, сумленнасць і вернасць.
У сувязі з гэтым Папа нагадвае складзеныя вязнем В’етнамскага атэістычнага рэжыму кардыналам Франсуа-Ксав’е Нгуэн Ван Туанам «Благаслаўленні палітыка»:
- Благасаўлёны палітык, які добра разумее сваю ролю ў свеце.
- Благаслаўлёны палітык, паводзіны якога з’яўляюцца прыкладам сумленнасці.
- Благаслаўлёны палітык, які працуе для агульнага дабра, а не для свай выгоды.
- Благаслаўлёны палітык, які застаецца верным сабе.
- Благаслаўлёны палітык, які працуе дзеля будавання еднасці.
- Благаслаўлёны палітык, які імкнецца да радыкальных перамен.
- Благаслаўлёны палітык, які ўмее слухаць.
- Благаслаўлёны палітык, які не баіцца.
Далей папа Францішак заўважае, што кожнае абнаўленне выбарных функцый і кожны выбарны тэрмін, а таксама кожны этап грамадскага жыцця з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб вярнуцца да крыніцы і зыходных пунктаў, якія натхняюць справядлівасць і закон.
5. У чацвёртым пункце Папа разважае над заганамі сучаснай палітыкі.
Акрамя цнотаў у палітыцы шмат недахопаў, якія вынікаюць як з асабістай некампетэнтнасці, так і са скажэнняў у палітычным асяроддзі і розных яго ўстановах.
Гэтыя заганы пазбаўляюць палітычныя сістэмы даверу, аслабляюць ідэал аўтэнтычнай дэмакратыі і з’яўляюцца ганьбай публічнага жыцця, а таксама пагражаюць грамадскаму міру. Імі з’яўляюцца карупцыя, парушэнне правоў, адсутнасць павагі да агульных правілаў, незаконнае ўзбагачэнне, абгрунтаванне ўлады сілай або шляхам адвольнага звароту да аргументу дзяржаўных інтарэсаў, нежаданне адмовіцца ад улады, ксенафобія, расізм, адсутнасць клопату пра экалогію, неабмежаваная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з мэтай узбагачэння, пагарда да мігрантаў і перасяленцаў.
6. Пяты пункт Паслання прысвечаны ўплыву добрай палітыкі на маладых людзей і даверу палітыкаў да іншых людзей. Калі палітычнае кіраванне імкнецца толькі да абароны некаторых прывілеяваных адзінак, то пад пагрозай знаходзіцца будучыня, асабліва маладых людзей. Калі ж палітыка падтрымлівае маладыя таленты і пакліканні, якія патрабуюць рэалізацыі, то ўсталёўваецца мір на ўзроўні сумлення і асобы. Усё гэта азначае, што палітыка служыць міру, калі прызнае харызмы і здольнасці кожнай асобы.
Папа падкрэслівае, што кожны чалавек можа закласці сваю цагліну у пабудову супольнага дома.
Аўтэнтычнае палітычнае жыццё, якое грунтуецца на праве і дыялогу паміж бакамі, аднаўляецца ў перакананні, што кожны чалавек і кожнае пакаленне змяшчаюць у сабе надзею, якая можа вызваліць новую энергію інтэлектуальных, культурных і духоўных узаемаадносін. Нашыя грамадствы патрабуюць «будаўнічых міру», якія маглі б быць аўтэнтычнымі пасланцамі і сведкамі Бога, які хоча дабра і шчасця чалавецтва.
7. У шостым пункце Папа заклікае адкінуць стратэгію вайны і страху. Сучасны свет жыве ў атмасферы недаверу, якая караніцца ў страху перад іншым ці чужым, а таксама ў страху страціць сваю выгоду. Гэта, на жаль, знаходзіць адлюстраванне на палітычным узроўні ў выглядзе закрытасці і нацыяналізму, што ставіць пад сумнеў братэрства, якога патрабуе сучасны глабалізаваны свет.
Папа падкрэслівае неабходнасць вучыцца з гісторыі мінулых войнаў, што мір не можа быць дасягнуты раўнавагай сіл і страхам, а таму эскалацыя запалохвання і бескантрольнае распаўсюджванне зброі супярэчаць маралі і пошуку згоды.
Мір базуецца на ўшанаванні кожнай асобы, пашане да права і агульнага дабра, створанага свету, які Бог нам даверыў, і маральнага багацця, якое перадалі нам мінулыя пакаленні.
8. У сёмым пункце «Выдатны праект міру» Папа, узгадваючы 70-ю гадавіну з’яўлення Сусветнай Дэкларацыі Правоў Чалавека, нагадвае вучэнне св. Яна XXIII аб тым, што ўсведамленне правоў чалавека павінна весці да ўсведамлення яго абавязкаў, бо ў гэтым выражаецца асабістая годнасць чалавека.
Таму мір з’яўляецца вынікам вялікага палітычнага праекту, заснаванага на ўзаемнай адказнасці і ўзаемазалежнасці людзей. Гэта не што іншае, як выклік, які патрабуе прыняцця.
Мір — гэта навяртанне сэрца і душы. Існуюць тры вымярэнні ўнутранага і супольнага міру:
- мір з самім сабой;
- мір з іншымі людзьмі;
- мір са стварэннем.
8. Сваё Пасланне папа Францішак завяршае сцвярджэннем, што мірная палітыка павінна чэрпаць натхненне з гімна Марыі Magnificat, які Яна як Каралева міру, спявае ад імя ўсіх людзей: «І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца. Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам. Скінуў магутных з трона і ўзвысіў пакорных (…) памятаючы пра сваю міласэрнасць, як абяцаў бацькам нашым, Абрагаму і яго патомству навекі” (пар. Лк 1, 50-55).
9. Браты і сёстры!
У першы дзень Новага года Касцёл праслаўляе Марыю як Багародзіцу. У гэтым ёсць свая мудрая логіка. З нараджэннем Езуса чалавецтва ўступіла ў новы этап свайго жыцця.
Новы год таксама распачынае новы час нашага жыцця. На яго пачатку мы просім Марыю, каб гэты час, які Божы Провід дае нам, быў часам нараджэння Езуса Ягонай ласкай у нашых сэрцах.
Зыходзячы з тэмы сёлетняга Паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру, звяртаемся да цябе, Марыя, Каралева супакою. Выпрасі ў свайго Сына Езуса Хрыста, Валадара міру, ласку сучасным палітыкам, каб атрыманы ад сваіх выбаршчыкаў мандат выкарысталі згодна з Божай воляй з мэтай усталявання сталага міру і згоды ў нашым грамадстве і ва ўсім свеце; каб зніклі войны, тэрарыстычныя акты, сваркі, непаразуменні і запанаваў прынесены Хрыстом мір.
Няхай добры Бог благаславіць нас на дасягненне трывалага міру, а Марыя суправаджае ў Новым 2019 годзе, з якім усіх вас віншую, каб нашыя сэрцы былі напоўнены ласкай Езуса Хрыста і Яго супакоем.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 25 снежня 2018 г.
Урачыстасць Божага Нараджэння
Святары могуць выкарыстаць гэты Каментар падчас набажэнстваў на Новы 2019 год.