Пошук

30.12.2024 06:33   Catholic.by

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч прапануе ўвазе вернікаў свой разгорнуты каментар да Паслання Папы Францішка на 58-ы Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2025 года.

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч

Каментар да Паслання Папы Францішка
на 58-ы Сусветны дзень міру

1 студзеня 2025 года

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з Новым годам, калі ў Каталіцкім Касцёле адзначецца Юбілей пад дэвізам «Пілігрымы надзеі». Выслоўе кажа, што надзея памірае апошняй. У складанай сітуацыі сучаснасці Папа Францішак звяртае ўвагу на цноту надзеі, якая ў Езусе Хрысце. Згодна з вучэннем сятога апостала Паўла, мы павінны верыць у шчаслівую будучыню з надзеяй, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).

Старажытныя рымляне пакланяліся богу Янусу, які, паводле іх міфалогіі, меў два твары: адзін звернуты ў мінулае, а другі — у будучыню, што даволі сімвалічна. На парозе Новага года мы развітваемся з мінулым і ўваходзім у будучыню. Хочам, каб зло мінулага не паўтарылася, а ў будучыні панавала толькі дабро.

Гэта тая надзея, з якой мы ўваходзім у новае заўтра, давяраючы яго Найсвяцейшай Багародзіцы, свята якой Касцёл адзначае ў першы дзень Новага года. Яна як Маці надзеі будзе суправаджаць нас падчас гэтага новага перыяду нашага жыцця.

Сёння таксама адзначаецца традыцыйны, ужо 58-ы Сусветны дзень міру пад дэвізам: «Прабач нам правіны нашы, падаруй нам твой мір». Слова «правіны» узята з Езусавай малітвы «Ойча наш» і яно асацыюецца са словам «грэх». На некаторых мовах, як, напрыклад, на лацінскай ці рускай, выкарыстоўваецца слова са значэннем «доўг».

Ідэі «граху» і «доўгу» спалучаюцца ў біблейскім значэнні Юбілею, які паходзіць са старажытнай габрэйскай традыцыі, калі кожныя 50 гадоў гук барановага рогу — юбела — абвяшчаў час прабачэння і свабоды для ўсяго народа (пар. Лев 25, 8–55). Касцёл адзначае Юбілеі з 1300 года.

У адпаведнасці са старажытным сэнсам Юбілейнага года, Папа Францішак ў сваім Пасланні на 58-ы Сусветны дзень міру канцэнтруе ўвагу на бедных краінах.

Пасланне складаецца з чатырох частак: «Слухаючы крык чалавецтва, якое знаходзіцца пад пагрозай»; «Культурныя змены: мы ўсе ў даўгу»; «Шлях надзеі: тры магчымыя дзеянні»; «Канчатковы пункт — мір».

У першай частцы пад назваю «Слухаючы крык чалавецтва, якое знаходзіцца пад пагрозай», Папа выказвае свае пажаданні міру ўсім людзям у Юбілейным 2025 годзе. Паводле старажытнай габрэйскай традыцыі, Юбілейны год абвяшчае справялівасць у розных сферах жыцця. Ніхто не нараджаецца, каб яго прыгняталі, бо ўсе з’яўляюцца свабоднымі братамі і сёстрамі, дзецьмі аднага Бога.

Таму Юбілейны год — гэта добрая нагода шукаць Божай справядлівасці ў сітуацыі, калі, кажучы словамі святога Яна Паўла ІІ, існуючая на зямлі несправядлівасць упісваецца ў структуры граху, бо яна падтрымліваецца масавым саўдзелам. Папа Францішак падкрэслівае, што для выйсця з гэтай трывожнай сітуацыі недастатковыя эпізадычныя акты філантропіі: патрэбныя культурныя і структурныя перамены.

У другой частцы «Культурныя змены: мы ўсе ў даўгу» Папа заклікае да перамен, нагадваючы, што зямныя даброты належаць усім, а не толькі прывілеяваным. Іх стварыў Бог для ўсіх, і таму мы павінны дзякаваць Яму за гэты дар. Калі знікае ўдзячнасць, то чалавек не прызнае Божыя дары.

Пры гэтым Пантыфік падкрэслівае, што ў сваёй бязмежнай міласэрнасці Бог не пакідае нас адных. Праз Езуса Хрыста Ён пацвярджае свой дар збаўчым прабачэннем. Менавіта таму ў малітве «Ойча наш» Езус заклікае прасіць адпушчэння нашых правінаў.

Нельга будаваць адносін з іншымі на логіцы выкарыстання, калі мацнейшы прыгнятае слабейшага, што спараджае несправядлівасць.

У выніку цэлыя народы трапляюць у пастку знешняга і экалагічнага даўгавога крызісу, што становяцца двума бакамі аднаго медаля логікі эксплуатацыі.

Таму Папа заклікае да спісання знешняга доўгу і размеркавання экалагічнага паміж Поўначчу і Поўднем, чаго патрабуе цнота справядлівасці. Гэта магчыма зрабіць толькі дзякуючы структурным пераменам, якія, у сваю чаргу, наступяць тады, калі мы прызнаем сябе дзецьмі Божымі, якія патрэбныя адны адным, бо ўсе мы ўзаемна з’яўляемся даўжнікамі адно аднаму.

У трэцяй частцы «Шлях надзеі: тры магчымыя дзеянні» Папа прадстаўляе тры канкрэтныя шляхі для аднаўлення годнасці цэлых народаў і вяртання іх на шлях надзеі.

Першае — гэта спісанне даўгоў тым краінам, якія не могуць іх выплаціць. Пры гэтым Папа папярэджвае, што для таго, каб такім чынам не стварыць заганнае кола дапамога–доўг, неабходна распрацаваць новую фінансавую архітэктуру з мэтай заснавання на прынцыпах салідарнасці і гармоніі паміж народамі Глабальнай фінансавай хартыі.

Другое — гэта абарона годнасці чалавечага жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Пры гэтым Папа ў чарговы раз заклікае да адмены смяротнага пакарання, якое нішчыць надзею на прабачэнне і абнаўленне.

Трэцяе — гэта змяншэнне выдаткаў на ўзбраенне з мэтай стварэння Сусветнага фонду міру, які мог бы прадухіліць голад і дапамагчы ў адукацыйнай дзейнасці ў бедных краінах.

У чацвёртай частцы «Канчатковы пункт — мір» Папа Францішак выказвае надзею на тое, што выкарыстанне вышэйпрапанаваных трох шляхоў зможа наблізіць да міру. Цытуючы святога Папу Яна ХХІІІ, Святы Айцец Францішак кажа, што сапраўдны мір зможа нарадзіцца толькі ў свабодным ад зброі і страха вайны сэрцы.

Пастыр паўсюднага Касцёла выказвае надзею на тое, што 2025 Юбілейны год стане годам сапраўднага і моцнага міру, які не затрымліваецца на дамоўленасцях і кампрамісах. Замест гэтага неабходна шукаць міру, які Бог дае бяззбройнаму і пазбаўленаму эгаізму сэрцу з гатоўнасцю дапамагаць іншым.

Сэрца, якое прызнае сябе даўжніком перад Богам, гатовае прабачыць даўгі. Супакой наступіць не толькі з завяршэннем вайны, але з пачаткам новага міру, у якім мы знойдзем сябе іншымі і больш з’яднанымі.

Сваё Пасланне Святы Айцец завяршае заклікам: «Падаруй нам твой мір, Пане!» Такім чынам, у сваім Пасланні Папа Францішак заклікае кожнага хрысціяніна і чалавека добрай волі:

  • умацоўвацца ў веры;
  • імкнуцца да навяртання;
  • весці раззбаенне.

Умацоўвацца ў веры. Калі несправядлівасць у свеце напаўняе нас жахам і мы палохаемся бессэнсоўнага зла, якое працягваюць здзяйсняць людзі, варта скіраваць свой позірк на Уваскрослага Хрыста. Праўда Уваскрасення — гэта падмурак нашай веры. Яна нясе нам радасць і супакой.

Імкнуцца да навяртання. Касцёл і яго члены патрабуюць навяртання, бо мы ўсе грэшнікі. Навяртанне — гэта шлях любові да Хрыста, які перамяняе, арыентуе, напаўняе новай духоўнай энергіяй і натхняе на ўсталяванне вызваляючай справядлівасці Бога ў нашым свеце.

Раззбраенне. Гук барановага рога заклікае да радыкальнай змены нашага погляду на рэчаіснасць. Калі мы даверым сучаснасць Богу і будзем жыць глыбокай верай і служэннем бліжняму, то будучыня будзе шчаслівай. Сённяшні і заўтрашні дзень знаходзяцца ў міласэрных і прадбачлівых руках Бога Айца.

Дарагія браты і сёстры!

Пасланне Святога Айца Францішка на 58-ы Сусветны дзень міру з’яўляецца натхняльным заклікам да міру, які асвятляе поўны надзеі шлях, каб лячыць незагойныя раны, наладжваць разбураныя адносіны і супрацьстаяць несправядлівасці і пакутам у нашым свеце.

Праз збаўчае прабачэнне, прапанаванае ўсім ў Езусе Хрысце, Папа заклікае нас быць носьбітамі Божай міласэрнай справядлівасці ў свеце нават пры наяўнасці цяжкай віны.

Знаходзячыся на парозе новага часу, прымем гэтае Пасланне як кіраўніцтва да дзеяння. Даверымся Марыі: Яна нарадзіла свету Збаўцу, у якім наша надзея. Праз прызму Яго вучэння, умацаваныя праўдай Евангелля і пад апекай Багародзіцы, распачнем новы этап нашага жыцця, каб ён быў часам такога доўгачаканага міру паміж людзьмі і народамі.

На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амен.

Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 снежня 2024 г., урачыстасць Нараджэння Пана

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця