Пошук

30.12.2024 20:50   Catholic.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе Пастырскі ліст на ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі і Сусветны дзень малітваў за мір, які будзе адзначацца 1 студзеня 2025 года.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

ПАСТЫРСКІ ЛІСТ
на ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі,
Сусветны дзень малітваў за мір

1 студзеня 2025 года

«Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне;
даўняе мінула, вось сталася новае».
(2 Кар 5, 17).

Любыя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

У імя Маці Божай, Святой Багародзіцы Марыі, распачынаем сёння Новы, 2025 год, Юбілейны год хрысціянства. Праз Дзеву Марыю нам дадзены Божы Сын, а «калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне; даўняе мінула, вось сталася новае» (2 Кар 5, 17).

У Пасланні да Галатаў святы апостал Павел назваў гэты момант «паўнатой часоў», бо з гэтага моманту ва ўсёй гісторыі чалавецтва адбыліся фундаментальныя перамены. Дзякуючы збаўчай місіі Езуса Хрыста мы былі адкупленыя з-пад падпарадкавання Закону, атрымаўшы годнасць усынаўлення як сыноў Божых. «Таму ты ўжо не слуга, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы» (Гал 4, 7а).

З гэтай падзеяй — Нараджэннем Езуса Хрыста — наладзіліся абсалютна новыя адносіны паміж Богам і чалавекам. З гэтага часу мы можам звяртацца да Яго, усклікаючы як сапраўдныя дзеці: «Абба, Ойча!»

Цяжка ўявіць сабе больш сардэчныя словы, якія адлюстроўваюць поўны давер і велізарнае пачуццё бяспекі дзіцяці, якое звяртаецца такім чынам да бацькоў. Варта пры гэтым узгадаць, што арамейскае слова «Абба» выяўляе не толькі вялікую пашану, якая належыць бацьку, але і цеплыню.

Менавіта гэтаю навіною і распачынаецца Новы, 2025 год. Ён распачынаецца, як зазначыў Папа Францішак, з гэтай навіны: «Бог прыходзіць у свет як Сын, каб учыніць нас дзецьмі Божымі. Які цудоўны падарунак!» — падкрэслівае Папа Францішак і адзначае вельмі канкрэтныя плёны гэтага падарунка для нас: «Нават калі гаворыш, калі адчуваеш, што не можаш справіцца, калі баішся, што ты бескарысны, калі цябе ахоплівае страх, што ты не выйдзеш з таго ці іншага тунэля нейкага цяжкага выпрабавання, Бог увесь час паўтарае табе: „Адвагі! Я з табой, ты — Маё дзіця. Ты не адзін“. І Ён гаворыць нам гэта, калі прыходзіць на свет. Ён кажа гэта літаральна, такім чынам уваходзячы ў наша чалавечае жыццё і нашы сітуацыі. „Я з табою“, — нястомна паўтарае нам Пан Бог».

Ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі мы яшчэ раз перажываем праўду аб прысутнасці Бога сярод нас. Менавіта Яна з’яўляецца для нас крыніцай сілы і благаслаўлення. Гэта непарушны цэнтр нашай надзеі, гэта гарачае ядро, якое падтрымлівае наша існаванне. Таму той, хто не глядзіць на крызіс у святле Евангелля, як падкрэслівае Папа Францішак, — глядзіць на крызіс без евангельскай надзеі, той успрымае крызіс без надзеі. А той, хто мае адвагу нагадваць нам, што Бог усё яшчэ з намі на караблі Касцёла, што Ён з намі ва ўсім і ўсюды — той знойдзе сілу ў Яго, а ў супярэчнасцях ці разгубленасці ніколі не будзе адчуваць сябе прыгнечаным.

Папа Павел VI, устанаўліваючы Сусветны дзень міру, падкрэсліваў яго надканфесійны характар.

«Прапанова прызначыць першы дзень года Днём міру не павінна быць <…> выключна нашай рэлігійнай ініцыятывай, гэта значыць каталіцкай; пажадана, каб усе сапраўдныя сябры міру далучыліся да яе як да іх уласнай ініцыятывы і каб яна выяўлялася ў тых формах, якія адпавядаюць індывідуальнаму характару ўсіх, хто бачыць, наколькі прыгожым і неабходным для ўмацавання міру — гэтага фундаментальнага дабра — з’яўляецца спалучэнне ўсіх галасоў сучаснага чалавецтва ў адзінагалосны хор».

У сваім Пасланні на 58-ы Сусветны дзень міру «Адпусці нам правіны нашы: адары нас Тваім супакоем» Папа Францішак нагадвае, што выбраная тэма «сугучная біблійнаму і касцёльнаму сэнсу Юбілейнага Года і натхнёная, у прыватнасці, энцыклікамі Laudato si’ і Fratelli tutti, у першую чаргу паняццямі надзеі і прабачэння, сэрцам Юбілею — заклікам да навяртання, скіраваным не на асуджэнне, а на прымірэнне і ўсталяванне міру». Сапраўды, толькі на падставе сапраўднага асабістага, грамадскага, міжнароднага навяртання зможа расквітнець сапраўдны мір, які праявіцца не толькі ў вырашэнні канфліктаў, але і ў выглядзе новай рэальнасці, у якой будуць аздараўляцца раны і шанавацца годнасць кожнага чалавека.

На парозе Юбілею 2025 года Святы Айцец нагадвае пра глыбокія біблійныя карані Юбілею як часу вызвалення і міласэрнасці, калі кожныя сорак дзевяць гадоў народ атрымліваў магчымасць пачаць жыццё нанава.

Папа нагадаў, што Юбілей заахвочвае да шэрагу зменаў, каб супрацьстаяць сучаснаму стану несправядлівасці і няроўнасці, падкрэсліваючы, што кожны чалавек мае права на годнае жыццё. Таму Папа заклікае трымацца «цвёрдай прыхільнасці спрыяць шанаванню годнасці чалавечага жыцця, ад зачацця да натуральнай смерці, каб кожны чалавек мог любіць сваё жыццё і глядзець у будучыню з надзеяй, жадаючы развіцця і шчасця для сябе і сваіх дзяцей». «Ніводзін чалавек не павінен быць прыгнечаны. Мы — браты і сёстры, дзеці аднаго Айца, народжаныя свабоднымі паводле волі Божай», — падкрэслівае Пантыфік, заклікаючы пачуць «роспачны крык аб дапамозе», які даносіцца з розных куткоў свету.

Папа таксама акцэнтуе ўвагу на існаванне такой з’явы як экалагічны доўг, што з’яўляецца новай формай несправядлівасці. Святы Айцец указвае на цесную сувязь паміж экалагічным і фінансавым даўгамі. «Гэта два бакі аднаго медаля — логікі эксплуатацыі, якая вядзе да крызісу запазычанасці», — тлумачыць Папа Францішак, заклікаючы да стварэння новай глабальнай фінансавай архітэктуры.

Папа прапануе канкрэтныя крокі для пераадолення крызісу, сярод якіх значнае скарачэнне або поўнае дараванне міжнародных даўгоў, стварэнне глабальнай фінансавай хартыі, заснаванай на салідарнасці, і выкарыстанне часткі сродкаў, якія ідуць на ўзбраенне, для барацьбы з голадам. Тым самым Пантыфік прыгадаў заклік святога Яна Паўла ІІ з нагоды Юбілейнага 2000 года, які ў свой час прапанаваў разгледзець «пытанне памяншэння, калі не поўнай ліквідацыі, міжнароднай запазычанасці, што цяжарам ляжыць на лёсах многіх народаў».

У гэтым Пасланні Папа падкрэслівае, што шлях да міру пралягае праз раззбраенне сэрцаў.

«Сапраўдны мір можа нарадзіцца толькі з сэрца, вызваленага ад трывогі і страху вайны», — падкрэслівае Пантыфік, цытуючы святога Яна XXIII. Ён заклікае ўсіх людзей добрай волі працаваць на карысць міру, які пачынаецца з «раззбраення сэрца» і гатоўнасці дараваць даўгі бліжнім. Папа Францішак таксама ўзнавіў заклік святога Паўла VI і Бэнэдыкта XVI да маладых пакаленняў: «Давайце вылучым хоць бы адзін працэнт сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ўзбраенне, для стварэння глабальнага Фонду, які б канчаткова ліквідаваў голад і садзейнічаў адукацыйнай дзейнасці ў найбяднейшых краінах, скіраванай на спрыянне ўстойліваму развіццю і барацьбу са змяненнем клімату».

У заключэнні Паслання Папа Францішак звяртаецца да кіраўнікоў дзяржаў, міжнародных арганізацый і рэлігійных лідэраў з заклікам зрабіць 2025 год сапраўдным годам міру і міласэрнасці: «Мір прыходзіць не толькі з заканчэннем вайны, але з пачаткам новага свету; свету, у якім мы адкрываем сябе змененымі, больш аб’яднанымі і больш братамі, чым мы сабе ўяўлялі», — падкрэслівае ў Пасланні Папа Францішак і дадае, што «будучыня — гэта дар, каб выйсці за межы памылак мінулага і пабудаваць новыя шляхі міру».

Сённяшняе Евангелле, як мы чулі, гаворыць нам пра Марыю, Маці Божую, насамрэч толькі адным сказам: «А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19). Гэта быў Яе адказ на ўсё, што адбываецца. Марыя прымала блізка да сэрца ўсё, што адбывалася з Ёю, нават нягоды, і змяшчала іх у сваім сэрцы на належнае месца. Яна зрабіла гэта таму, што ўсё з любоўю ўзяла ў сваё сэрца і ўсё даверыла Богу. Марыя з’яўляецца менавіта такой, якой Бог хоча, каб і Яго Касцёл быў у XXI стагоддзі, дадае Папа Францішак, як Маці: пяшчотны, пакорны, бедны ў сэнсе матэрыяльным і багаты на любоў, свабодны ад граху, падзелаў і нянавісці, з’яднаны з Езусам.

Святы Айцец падкрэслівае, што для сённяшняга падзеленага і збянтэжанага свету Марыя з’яўляецца Маці надзеі, заступніцай спакою і еднасці.

У гэты першы дзень новага года з асаблівай руплівасцю молімся:

Найсвяцейшая Багародзіца Марыя, Маці Касцёла і Каралева Беларусі, праз Тваё мацярынскае заступніцтва і Твае матчыныя рукі ахвяруй Езусу Хрысту, нашаму Збаўцу, усіх нас, народ Божы і нашую любую Айчыну і вядзі праведнымі шляхамі ў 2025 годзе, Юбілейным Годзе Хрысціянства.

Божа, благаславі Беларусь, благаславі ўсіх нас, каб дзякуючы адданай веры і чуйнасці нашага сэрца на патрэбы бліжняга мы змаглі паспрыяць якаснаму будаванню нашай сучаснасці, каб яна сталася трывалым і прыгожым падмуркам веры, надзеі і любові ў пілігрымцы надзеі.

Свае пажаданні на радаснае святкаванне ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі, Сусветны дзень малітваў за мір у свеце і на ўвесь Новы, 2025 год ад шчырага сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 28 снежня 2024 года, свята святых Немаўлят, мучанікаў

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.