18 снежня ў Ватыкане было апублікавана пасланне папы Францішка на 52-і Сусветны дзень міру, тэма якога «Добрая палітыка стаіць на службе міру».
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, у пасланні Святога Айца на дзень міру, які адзначаецца 1 студзеня, падкрэслена, што мір займае цэнтральнае месца ў місіі вучняў Хрыста.
«Гэтая прапанова адрасавана ўсім людзям, якія спадзяюцца на мір ва ўмовах трагедый і насілля ў гісторыі чалавецтва», — піша Папа.
Ён падкрэсліў, што палітыка з’яўляецца важным сродкам пабудовы грамадства і рэалізацыі чалавечых праектаў, але калі людзі, якія яе ажыццяўляюць, не ўспрымаюць сваёй працы ў якасці служэння чалавецтву, яна можа стаць «інструментам прыгнёту, маргіналізацыі і нават знішчэння».
Тое, што любоў з’яўляецца натхненнем для дзейнасці чалавека на зямлі, павінны разумець усе палітыкі, незалежна ад іх культурнай або рэлігійнай прыналежнасці, «якія жадаюць працаваць разам на карысць чалавечай сям’і, практыкуючы тыя чалавечыя цноты, якія вызначаюць добрую палітычную дзейнасць: справядлівасць, роўнасць, узаемную павагу, шчырасць, сумленнасць, вернасць», — падкрэсліў Пантыфік. У сваім пасланні ён нагадаў так званыя «благаслаўленні палітыка», прапанаваныя в’етнамскім кардыналам Франсуа-Ксавье Нгуэн Ван Туанам.
«Кожнае абнаўленне выбарчых функцый, кожны выбарчы тэрмін, кожны этап грамадскага жыцця з’яўляецца нагодай, каб вярнуцца да крыніцы і зыходных пунктаў, якія натхняюць справядлівасць і закон», — піша папа Францішак.
Паводле яго, у палітыцы, на жаль, хапае заганаў, якія вынікаюць з асабістай некампетэнтнасці і скажэнняў у палітычным асяроддзі і ўстановах. Сярод такіх адмоўных праяваў ён назваў карупцыю, парушэнне правоў, адсутнасць павагі да агульных правілаў, незаконнае ўзбагачэнне, абгрунтаванне ўлады сілай або шляхам адвольнага звароту да аргументу «дзяржаўных інтарэсаў», нежаданне адмовіцца ад улады, ксенафобію, расізм, адсутнасць клопату пра экалогію, пагарду да тых, хто быў вымушаны ўцякаць з радзімы.
Папа Францішак заклікаў палітыкаў «падтрымліваць маладыя таленты і пакліканні, якія патрабуюць рэалізацыі». Гэта, на яго думку, спрыяе ўсталяванню міру на ўзроўні сумлення і асобы.
«Палітыка служыць міру, калі выражаецца ў прызнанні харызмы і здольнасцяў кожнага чалавека», — падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што сёння мы жывем у часы, калі пануе атмасфера недаверу, «якая караніцца ў страху перад іншым ці чужым, у страху страціць сваю выгоду». І гэта, на жаль, знаходзіць адлюстраванне на палітычным узроўні ў выглядзе закрытасці і нацыяналізму, «што ставяць пад сумнеў братэрства, якога так адчайна патрабуе наш глабалізаваны свет». Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў палітыкаў устрымлівацца ад «неабгрунтаваных палітычных заяваў, у якіх мігранты абвінавачваюцца ва ўсім зле».
«Эскалацыя запалохвання, а таксама бескантрольнае распаўсюджванне зброі супярэчаць маралі і пошуку сапраўднай згоды», — адзначыў Папа.
«Мір на самой справе з’яўляецца вынікам вялікага палітычнага праекту, заснаванага на ўзаемнай адказнасці і ўзаемазалежнасці чалавечых істот. Але гэта таксама выклік, які кожны дзень патрабуе прыняцця.
Мір — гэта перамяненне сэрца і душы», — падкрэсліў Святы Айцец. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра мір з самім сабой, мір з іншымі людзьмі, мір са стварэннем.
Папа Францішак завяршыў сваё пасланне радкамі гімну Марыі «Магніфікат», з якога, як падкрэсліў, павінна чэрпаць натхненне «мірная палітыка».