Паколькі на бліжэйшых выходных працягваецца перыяд Адвэнту, хрысціяне ў гэты час устрымліваюцца ад удзелу ў гучных забавах. Чым жа можна заняцца ў вольны час?
Паколькі Адвэнт — асаблівы час ласкі і падрыхтоўкі да сустрэчы з Хрыстом, у гэтыя дні ў многіх парафіях праводзяцца рэкалекцыі.
У Мінску 14 снежня ўвечары рэкалекцыі распачнуцца св. Імшой а 18.30 у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы і працягнуцца на ўсіх Імшах у суботу і нядзелю. Праводзіць духоўныя практыкаванні ў самай старажытнай парафіі Мінска кс. Віталій Міснікевіч, пробашч парафіі св. Яна Паўла ІІ у Баранавічах.
У той жа час рэкалекцыі праходзяць яшчэ ў адной сталічнай супольнасці, а менавіта ў парафіі св. Францішка Асізскага ва Уруччы (Копішча, Новая Баравая). Іх праводзіць капуцын бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap.
Больш падрабязна пра расклад рэкалекцый і раратніх св. Імшаў у касцёлах Мінска можна даведацца ТУТ>>>
Хлопцы і маладыя людзі, якія адчуваюць у сваім сэрцы пакліканне да служэння Богу ў святарстве, могуць на гэты ўік-энд стаць семінарыстамі. Такую магчымасць 15–16 снежня дае ім Вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску.
Дарэчы, ужо распачынаюцца аплаткавыя сустрэчы з удзелам іерархаў.
У суботу 15 снежня ў 14.00 адбудзецца св. Імша і сустрэча са студэнтамі і выкладчыкамі «Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля», з якімі падзеліцца аплаткай біскуп Юрый Касабуцкі. А ў нядзелю 16 снежня ён сустрэнецца з удзельнікамі розных малітоўных груп і рэлігійных рухаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл).
Больш падрабязна з раскладам аплаткавых сустрэч можна пазнаёміцца ТУТ>>>
Для моладзі ў гэтыя выходныя адбудуцца адвэнтавыя малітоўныя чуванні ў Мінску і ў Гродне.
Чуванне моладзі ў Мінску пройдзе ў ноч з 15 на 16 снежня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі на тэму «Божае Нараджэнне ў XXI стагоддзі» і распачнецца св. Імшой у 22.30, пасля якой адбудзецца дзяленне аплаткай з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Чуванне моладзі ў Гродне, арганізаванае Душпастырствам студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN, адбудзецца 15 снежня ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгіцкі касцёл, г. Гродна, вул. Маладзёжная, 2). Чуванне распачнецца раратняй св. Імшой а 19-й гадзіне ўвечары, таму ўдзельнікам неабходна ўзяць з сабой ліхтарыкі.
На наступны дзень, у нядзелю 16 снежня, акадэмічнае Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN запрашае ўсіх вернікаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі на карысць хворых дзяцей «Пячэнька за пячэнька». Акцыя пройдзе ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы). Тыя, хто жадае паўдзельнічаць у акцыі, спёкшы печыва, могуць перадаць яго ў рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) 14 і 15 снежня з 19.00 да 22.00.
Дарэчы, суботу сапраўды можна прысвяціць выпечцы і паспрабаваць прыгатаваць святочны штолен. Да свята Божага Нараджэння застаецца яшчэ дзесяць дзён, і гэты незвычайны слодыч яшчэ паспее набраць смак.
Вярнуўшыся з нядзельнай св. Імшы, 16 снежня ў 16.10 у эфіры «Радыё Марыя» можна паслухаць перадачу на тэму «Мультфільмы і камп’ютарныя гульні: як пазбегнуць залежнасці ў дзяцей?». У ёй будуць абмеркаваныя актуальныя пытанні, якія непасрэдна закранаюць кожную сучасную сям’ю.
Нядзельны вечар у Мінску можна прысвяціць прагляду добрага хрысціянскага кіно ў кінаклубе «Рэха». Адвэнтавы паказ, які 16 снежня ў 19.00 пройдзе ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, складаецца з мультыплікацыйнага фільма расійскага аніматара Міхаіла Алдашына пра Божае Нараджэнне, а таксама мастацкага фільма «Чацвёрты мудрэц», знятага ў ЗША рэжысёрам Майклам Родсам паводле рамана Генры ван Дайка.
Калектыў партала Catholic.by жадае вам добрых і плённых выходных, напоўненых Божай ласкай у чаканні прыйсця Збаўцы.