Пошук

11.12.2018 08:14   Вікторыя Навумава / Catholic.by

Беларуска Вікторыя Навумава падзялілася з рэдакцыяй рэцэптам каляднага штолена. Яго форма нагадвае спавітае Дзіцятка Езуса. Уласна таму гэты дэсерт выпякаецца ў пачатку Адвэнту —  тры з паловай тыдні, напоўненых чаканнем Хрыста.

Год таму Вікторыя разам з сям'ёй пераехала ў Таронта (Канада). Але і на другім канцы свету яна застаецца вернай каталіцкім традыцыям. Сярод іх і падрыхтоўка да Божага Нараджэння.

У сваім блогу беларуска падрабязна расказвае, як прыгатаваць святочны штолен.

«Па гэтым рэцэпце я гатую сем гадоў»

«Мне вельмі спадабалася ідэя дэсерту, які я пабачыла ў аднаго блогера ў 2009 годзе: выпякаеш у першыя дні снежня, а раскрываеш толькі на Божае Нараджэнне. З таго часу кожны год гатую штолен і ем з задавальненнем 25 снежня.

Многія пытаюцца: як хапае цярплівасці не з’есці штолены да Калядаў? Штолен добры і адразу пасля выпечкі, але пасля вытрымкі ён проста цудоўны!

Форма штолена нагадвае спавітае Дзіцятка Езуса. Уласна таму гэты дэсерт выпякаецца ў пачатку Адвэнту — усе гэтыя тры з паловай тыдні напоўнены чаканнем прыйсця Хрыста ў гэты свет.

Па гэтым рэцэпце я гатую сем гадоў. Цеста — не дрожджавае, а тварожнае, вельмі простае.

Інгрэдыенты для двух вялікіх штоленаў:

  • 250 гр масла
  • 250 гр мяккага тварагу
  • 250 гр цукру
  • 2 яйкі
  • 1 пачак ваніліну або ванільнага цукру
  • Цэдра і сок аднаго сярэдняга лімона
  • Прыкладна 700 гр мукі
  • 2,5 чайныя лыжкі разрыхляльніка
    +
  • 200 гр сумесі разынак (цёмныя і светлыя)
  • 100 гр сухой вішні (па магчымасці)
  • 150 мл каньяку
  • 100 гр цукатаў
  • 150 гр пакрышанага міндалю
    +
  • для прапіткі:
  • 200 гр масла
  • прыкладна 100 гр цукровай пудры

Крок  першы

Бяром разынкі і вішню, прамываем і запарваем кіпенем на некалькі хвілін. Зліваем ваду, заліваем іх каньяком. Пакідаем пры хатняй тэмпературы на суткі. Перыядычна перамешваем, каб усё прапіталася каньяком. У выніку каньяк цалкам упітаецца і выліваць лішкі вам не давядзецца.

Сухафрукты выкладваем на папяровую сурвэтку і крыху прасушваем.

Крок другі

Размякчанае масла ўзбіваем з цукрам і ванілінам (ванільным цукрам). Паступова ўводзім 2 яйкі. Дадаем тварог, пакрышаныя арэхі, цэдру і сок лімона. Паступова прасейваем муку з разрыхляльнікам і замешваем мяккае, не надта густое цеста. Умешваем настоеныя сухафрукты і цукаты.

Цеста не трэба мэтанакіравана доўга вымешваць, інакш штолены будуць цвёрдымі і сухімі.

Крок трэці

Дзелім цеста на 2 часткі. З кожнай часткі робім пляскаты праснак, на 1/3 праснаку праводзім мяжу рабром далоні і заварочваем да яе астатнюю частку. Гэта робіцца для таго, каб надаць штолену тую самую форму спавітага немаўляці.

Такую ж працэдуру робім з другой часткай цеста.

Ставім штолены ў разагрэтую да 180 градусаў духоўку на 40–45 хвілін. Правярайце гатоўнасць драўлянай палачкай або запалкай. Палачка павінна выходзіць сухой.

Звярніце ўвагу на тое, што цэнтральная частка атрымаецца шырэйшай, а бакі — вузейшымі. Таму часта бывае, што бакі вельмі моцна падсыхаюць пры выпечцы. Кантралюйце цэнтр.

Крок чацвёрты

Дастаём гатовыя штолены з духоўкі і выкладваем на расцеленую фольгу. Яшчэ гарачымі шчодра паліваем растопленым маслам і пасыпаем цукровай пудрай. Заварочваем у 2 слаі фольгі. Чакаем, пакуль да канца астынуць, і хаваем у халоднае месца, дзе яны і будуць захоўвацца да Божага Нараджэння.

Кулінарных поспехаў!

Абноўлена 18.12.2018 14:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця