Акадэмічнае Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN запрашае ўсіх вернікаў прыняць удзел у дабрачыннай акцыі на карысць хворых дзяцей «Пячэнька за пячэнька».
Акцыя пройдзе 16 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнту, у гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы).
Падчас кожнай святой Імшы моладзь будзе раздаваць за ахвяраванні печыва, зробленае сваімі рукамі.
Паўдзельнічаць у акцыі можна двума спосабамі: спячы як мага большую колькасць пячэння і перадаць яго валанцёрам або зрабіць ахвяраванне і ў знак удзячнасці атрымаць пячэнне ад валанцёраў.
Тыя, хто жадае падтрымаць моладзь, спёкшы печыва, могуць перадаць яго ў рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) 14 і 15 снежня з 19.00 да 22.00.
Aкцыя «Пячэнька за пячэнька» ўжо стала традыцыяй душпастырства моладзі. Атрыманыя сродкі накіроўваюцца на дапамогу дзецям з асаблівасцямі з Гродзенскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.