Пошук

03.04.2023 14:40   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by / Catholic.by

У суботу 1 красавіка ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) адбылася велікапосная сустрэча моладзі з розных парафій горада над Нёманам.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у сустрэчы, якая праходзіла ў парафіі, дзе нясуць служэнне ксяндзы рэдэмптарысты, узялі ўдзел дзясяткі гродзенцаў, якія пажадалі такім чынам распачаць перажыванне Вялікага тыдня.

Сустрэча стала не толькі супольнай малітвай маладых людзей, але таксама нагодай, каб юнакі і дзяўчаты з розных парафій маглі пазнаёміцца паміж сабой.

Напачатку адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Ядкоўскі CSsR. Літургію і спеў падрыхтавалі вернікі парафіі-гаспадыні сустрэчы.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся адказны за душпастырства моладзі OPEN ксёндз канонік Антоній Грэмза. Святар прапанаваў удзельнікам паразважаць над пытаннем «Ці шчаслівы я з Хрыстом?». Па словах душпастыра моладзі, «хоць чалавек і слабы, і грэшны, мы павінны трымацца Пана, памятаць, што з намі Езус.

Хрыстус памрэ на крыжы асабіста за цябе. Гэта — вялікая ахвяра», — дадаў ксяндз Антоній Грэмза.

Пасля Імшы адбылося набажэнства Крыжовага шляху. Велізарны і цяжкі крыж неслі ад стацыі да стацыі прадстаўнікі розных парафій горада. Напачатку планавалася правесці набажэнства на пляцы перад касцёлам, але з-за непагадзі яно прайшло ў святыні.

Падчас набажэнства вернікі разважалі над Мукай Езуса Хрыста ў супастаўленні са сваім уласным жыццём, думаючы пра тое, што можа надаць яму правільны кірунак і сэнс.

Разважанні, ад якіх у некаторых з удзельнікаў былі на вачах слёзы, чытала ад першай асобы моладзь гродзенскіх парафій. Набажэнства суправаджаў спевам гурт моладзевага душпастырства Гродна OPEN.

Крыжовы шлях з разважаннямі з’яўляецца своеасаблівымі ўводзінамі ў атмасферу Вялікага тыдня і традыцыйна праходзіць увечары ў суботу перад Пальмовай нядзеляй, або нядзеляй Мукі Пана.

Апошнім пунктам сустрэчы стала адарацыя святога Крыжа.

 

Абноўлена 03.04.2023 14:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.