Пошук

09.04.2019 11:38   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Яна Жалубоўская / Catholic.by

8 красавіка ў парафіі св. Андрэя, апостала, у Нарачы (Мядзельскі дэканат) незвычайна адсвяткавалі 80-годдзе святарства Казіміра Свёнтка, увасобіўшы гісторыю жыцця першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала ў… торце.

Сваю акцыю нарачанскія вернікі назвалі «кулінарны флэшмоб». Майстар па вырабе тортаў з Нарачы Марыя Галяк стварыла сапраўдны салодкі шэдэўр, у якім былі ўвасоблены асноўныя моманты святарскага жыцця кардынала Казіміра Свёнтка, а таксама адлюстравана яго багатая асоба.

У гэты дзень у касцёле св. Андрэя, апостала, у Нарачы таксама адбылася св. Імша аб вечным жыцці для святой памяці Казіміра Свёнтка, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч мясцовай парафіі а. Бэрнард Радзік OCD. Перад Эўхарыстыяй парафіяльная моладзь правяла набажэнства Крыжовага шляху на тэму «Мяне ўратавала моцная, непахісная вера ў Бога».

Разважанні падчас набажэнства, дэвізам якога сталі словы самога Казіміра Свёнтка, распавядалі пра найбольш драматычныя моманты яго жыцця; пра шматлікія выпрабаванні, якія не знішчылі ў ім любові, дабрыні і замілавання прыгажосцю навакольнага свету.

Пасля Крыжовага шляху і св. Імшы ўсе прысутныя з задавальненнем пакаштавалі кулінарны шэдэўр нарачанскай гаспадыні і такім чынам разам адзначылі юбілей святарства кардынала Казіміра Свёнтка, які для нарачанцаў, як і для ўсіх вернікаў нашай краіны, з’яўляецца прыкладам сапраўднага святара, вернага і адданага Богу.

          

 

Абноўлена 09.04.2019 11:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця