Пошук

10.12.2018 17:09   Паводле: sviatynia.by / Фота: Марына Маўчанава / Catholic.by

Арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў Бабруйск 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая з’яўляецца парафіяльным фэстам для мясцовай каталіцкай супольнасці. Па запрашэнні пробашча ў ёй браў удзел праваслаўны епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім.

Вітаючы сабраных у святыні бабруйскіх вернікаў і іх пробашча кс. каноніка Андрэя Яркаўца, прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі адзначыў:

«Сёння нашая малітва ўздымаецца да Марыі за гэтую парафію, за гэты горад, за гэтую краіну. Няхай тут сапраўды валадарыць Твой Сын са сваёй збаўчай ласкай, сваім жыццём і супакоем. Няхай Ён вызваліць наш край ад абыякавасці, ад памылковага пераканання, што будзе ў стане выстаяць без Евангелля Твайго Сына».

У прамоўленым падчас св. Імшы Божым слове арцыбіскуп Габар Пінтэр напачатку звярнуў увагу на страшнае дэструктыўнае дзеянне зла і граху ў чалавечым жыцці.

«У пачатку чалавечага граху знаходзіцца жаданне будаваць жыццё не паводле Божай задумы для чалавека, аб’яўленай у Хрысце, а паводле свайго ўласнага ўяўлення. У аснове граху ляжыць хлусня — радыкальнае адмаўленне ад ісціны, якая знаходзіцца ва Уцелаўлёным Слове — у Езусе Хрысце, праз якога кожны з нас быў абраны Богам яшчэ да стварэння свету. Бог хоча, каб мы існавалі і жылі ў Хрысце, каб былі Ягонымі дзецьмі ў Валадарстве Любові, а не па-за ім».

Менавіта Беззаганная Марыя дае вернікам прыклад безумоўнай паслухмянасці Богу, што заключаецца ў тым, каб дабравольна і ва ўсёй паўнаце прыняць Божую волю і ніколі не адракацца ад ісціны пра нашае існаванне. Гаворачы пра значэнне ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Марыі, Апостальскі нунцый адзначыў, што ў ёй Касцёл запрашае вернікаў уважліва прыгледзецца да Божага плана збаўлення чалавека і месца Марыі ў ім.

«Марыя была падрыхтаваная да выканання сваёй місіі такім чынам, каб Яна, поўная ласкі, стала годнай Маці Божага Сына. Яна была захаваная ад першароднага граху з самага моманту зачацця, — сказаў іерарх, і дадаў:

Святкуючы сёння таямніцу Беззаганнага Зачацця Марыі, мы праслаўляем моц збаўчага дзеяння Хрыста, веліч Ягонай ласкі, здольнай вярнуць чалавеку яго сапраўдную сутнасць».

Пасля Імшы пробашч бабруйскай парафіі кс. канонік Андрэй Яркавец пазнаёміў вернікаў і высокага госця з новым адкрыццем, якое датычыцца гісторыі бабруйскай святыні. Гомельскія краязнаўцы Сяргей Ляпін і Марыя Булавінская, працуючы над біяграфіяй свайго славутага земляка, рэпрэсаванага савецкай уладай архітэктара Станіслава Шабунеўскага, знайшлі ў архівах звесткі, што менавіта ён быў аўтарам праекта бабруйскага касцёла. Сімвалічна, што сёлета прыпала 150 гадоў з дня нараджэння архітэктара Шабунеўскага, і менавіта цяпер яго імя было вярнута з забыцця ў гісторыю Касцёла на Беларусі.

Ксёндз Андрэй распавёў, як падчас архіўных даследаванняў стала вядома, што справа будаўніцтва касцёла ў Бабруйску аб’яднала прадстаўнікоў розных веравызнанняў, і гэта «спрыяла развіццю добрых адносінаў паміж хрысціянамі на нашай зямлі». Гэтыя словы пробашча з усёй справядлівасцю адносіліся і да актуальнай падзеі, паколькі ва ўрачыстасці мясцовых католікаў бралі ўдзел прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы: епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім і сакратар Бабруйскай епархіі протаіерэй Сергій (Каравінскі).

Ксёндз Андрэй падзякаваў асабіста епіскапу Серафіму за ягоную адкрытасць для дыялогу, за прыняцце запрашэнняў да ўдзелу ў каталіцкіх урачыстасцях і за спрыянне ў спрашчэнні вырашэння царкоўных фармальнасцяў у змешаных сем’ях, якіх у рэгіёне даволі шмат.

Падчас урачыстасці не абышлі маўчаннем і складаную сітуацыю з бабруйскім касцёлам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ўжо шмат гадоў не можа быць вырашана.

Апостальскі нунцый Габар Пінтэр запэўніў, што праца над пытаннем вяртання святыні гістарычнага аблічча ідзе і што касцёльныя іерархі яе не спыняюць. Але вырашэнне пытання зусім не простае.

«Я тут ужо ў другі раз, а калі быў упершыню, для мяне быў такі сюрпрыз, калі я ўбачыў гэты такі прыгожы касцёл, але знявечаны, — распавёў прадстаўнік Святога Айца. — Мы шмат працуем для вырашэння гэтай сітуацыі, і я думаю, што яна будзе вырашана, хоць праблема гэтая комплексная.

Не думайце, што біскуп Аляксандр (дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці — рэд.) ці арцыбіскуп (Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі — рэд.) нічога не робяць. Мы ведаем, памятаем і працуем, каб бабруйскія католікі нарэшце мелі годны выгляд сваёй святыні.

Але гэта не так проста, бо гэта і дыялог з уладамі, і дакументы. Гэта адміністрацыйныя, дыпламатычная праца. Таму я не магу сказаць нічога канкрэтнага па тэрмінах. Але мы ідзем далей да вырашэння сітуацыі», — падкрэсліў Апостальскі нунцый.

Абноўлена 10.12.2018 17:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.