
Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску, дзе сустрэўся з вернікамі парафіі.
Падчас неафіцыйнага візіту прадстаўнік Папы азнаёміўся са станам святыні і паабяцаў вернікам «маліцца і па магчымасці дапамагчы» ў вырашэнні гэтай праблемы.

У 1968 годзе да бабруйскага касцёла быў дабудаваны пяціпавярховы будынак. Пры яго ўзвядзенні была разбурана вежа касцёла, якая да сённяшняга часу не адноўлена, а сам гмах пяціпавярховіка захіляе фасад святыні.


«Прыгожая святыня з непрыгожым будынкам, які закрывае яе аблічча, — спадчына мінулага. Мы будзем шукаць спосабы вырашэння гэтай сітуацыі, — адзначыў іерарх, звяртаючыся да вернікаў. — Будзем жа разам маліцца ў гэтай інтэнцыі, каб нарэшце адкрылася ўся прыгажосць бабруйскай святыні, якая з’яўляецца сапраўднай пярлінай у цэнтры горада».
Апостальскі Нунцый прызнаўся, што быў вельмі рады наведаць Бабруйск і пазнаёміцца з жывой і дынамічнай супольнасцю мясцовых вернікаў.