Пошук

30.11.2018 23:38   Фота: Яр Стобарт / Catholic.by

30 лістапада ў Навагрудскай раённай бібліятэцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, правёў прэзентацыю Новага Запавету на беларускай мове, пасля чаго цэлебраваў св. Імшу ў навагрудскім касцёле св. арханёла Міхала.

Прэзентаванае ў Навагрудку першае поўнае афіцыйнае рыма-каталіцкае выданне Новага Запавету, ужо прадстаўленае ў сталіцы і ў шэрагу іншых гарадоў Беларусі, было падрыхтавана Cекцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ. Звяртаючыся да ўдзельнікаў прэзентацыі, арцыбіскуп Кандрусевіч у сваім слове адзначыў, што Каталіцкі Касцёл надае вельмі вялікую ўвагу Святому Пісанню, яго вывучэнню і выкарыстанню ў набажэнствах, асабліва ў цэлебрацыі Эўхарыстыі і Літургіі гадзінаў.

«Сацыяльна-палітычныя перамены 90-х гадоў мінулага стагоддзя прынеслі свабоду рэлігіі пасля доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі актыўна ўключыўся ў працэс духоўнага адраджэння нашай Бацькаўшчыны, які немагчымы без адпаведнай літургічнай, тэалагічнай, гістарычнай і біблійнай літаратуры. Усё гэта выклікала вострую неабходнасць у яе падрыхтоўцы, што патрабуе адмысловых перакладаў, у тым ліку і Бібліі», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч, адзначыўшы неацэнны ўнёсак у гэтую справу кс. Уладзіслава Чарняўскага, якога нават вобразна назваў «беларускім Геранімам».

Іерарх дадаў, што з мэтай здзяйснення аўтарызаванага перакладу афіцыйных касцёльных тэкстаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі сёння існуе Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якая займаецца перакладам літургічных і біблійных тэкстаў. У выніку яе працы быў перакладзены ўвесь Новы Запавет і каля 70% Старога.

«Клапоцячыся пра пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, Касцёл не толькі забяспечвае надзённыя патрэбы свайго служэння і місіі, але таксама прычыняецца да развіцця беларускай культуры, бо ўзбагачае яе новай рэлігійнай і біблійнай тэрміналогіяй», — падкрэсліў кіраўнік беларускага епіскапату.

На заканчэнне ён зазначыў, што назва горада Навагрудак, або Наваградак, паходзіць ад словаў «Новы горад».

«І сапраўды, ён аднаўляецца і становіцца сучасным культурным еўрапейскім горадам з добра развітой інфраструктурай, — дадаў іерарх. — Выказваю надзею, што выданне Евангелля на беларускай мове і сённяшняя яго прэзентацыя будзе спрыяць лепшаму пазнанню Божага слова жыхарамі гэтага старажытнага і прыгожага горада, каб ён быў вядомы ў свеце не толькі як горад Адама Міцкевіча, Замкавай гары і іншых гістарычнх славутасцяў, але як горад, дзе жывуць новыя людзі, якія фармуюць сябе паводле вечна жывога, дзейснага (пар. Гбр 4, 12) і заўсёды новага Божага слова».

Пасля прэзентацыі Новага Запавету арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў навагрудскім касцёле св. арханёла Міхала.

У сваёй гаміліі ў свята св. апостала Андрэя сённяшні наступнік апосталаў засяродзіў сваю ўвагу на асобе вучня, якога Езус паклікаў першым, за што Андрэя і называюць Першазваным (гр. Πρωτόκλητος). Іерарх адзначыў, што, атрымаўшы ласку пазнання Хрыста, Андрэй не захаваў яе толькі для сябе, але падзяліўся ёю са сваім малодшым братам Пятром і прывёў яго да Езуса. Арцыбіскуп нагадаў, што героі евангельскага аповеду — Андрэй і Пётр, Якуб і Ян — былі рыбакамі, якіх Езус паклікаў стаць рыбакамі людзей. Менавіта праз абвяшчэнне Евангелля яны і сталі імі, пакінуўшы на беразе свае сеткі.

«„Ідзіце і навучыце ўсе народы“, — сказаў Езус апосталам перад Унебаўшэсцем. Гэта Яго тэстамэнт, які апосталы выдатна выканалі. Дзякуючы ім і іх наступнікам Евангелле дасягнула і нашай зямлі, і сёння ў Навагрудскай раённай бібліятэцы адбылася прэзэнтацыя першага поўнага выдання Евангелля на беларускай мове», — сказаў кіраўнік беларускага епіскапату.

Ён звярнуў увагу на тое, што, хоць у Евангеллі пакліканне апосталаў апісана даволі проста — Езус паклікаў, і яны пайшлі, — але на справе іх рашэнне, напэўна, не было такім простым, бо яны мусілі ўсё пакінуць і пайсці ў невядомы шлях за сваім вандроўным Настаўнікам.

«„Лоўля“ людзей — гэта больш складаны працэс, чым лоўля рыбы. Руская прыказка кажа: „Без труда не вытянешь рыбку из пруда“. Колькі ж працы трэба прысвяціць на тое, каб „злавіць“ чалавека ў сеці Божай ласкі, калі злы дух чыніць усё магчымае і немагчымае, каб толькі злавіць чалавека ў свае згубныя сеці», — зазначыў іерарх.

Арцыбіскуп дадаў, што калі нават апосталы і сумняваліся, яны, тым не менш, пераадолелі сумненні, адказалі на заклік Езуса, звязалі з Ім свае лёсы і сталі вялікімі прапаведнікамі Евангелля.

   

«Тое, як Езус дзейнічае ў нашых сэрцах, не адрозніваецца ад таго, як Ён дзейнічаў у сэрцах пакліканых апосталаў. Ён часта кліча нас да сябе падчас нашых штодзённых заняткаў: на працы, ва ўніверсытэце, у школе… Ён кліча нас выйсці з нашага будзённага жыцця і будаваць Божае Валадарства. Гэты заклік можа прагучаць нечакана. Мы нават можам супраціўляцца яму, але калі ўсё ж дазволім голасу Хрыста дасягнуць нашых сэрцаў і адкажам на яго, то зразумеем, што Божае дзеянне можа нас здзівіць, бо з прстых людзей Ён робіць сваімі абраннікамі», — сцвердзіў арцыпастыр, дадаўшы, што словы Хрыста «Ідзіце і навучыце ўсе народы» адносяцца таксама і да сённяшніх хрысціянаў:

«Кожны з нас пакліканы быць апосталам. Нельга скрыць у сабе гэты каштоўны дар. Ім неабходна дзяліцца з тымі, хто яго яшчэ не атрымаў, і з тымі, хто перажывае крызіс веры».

На заканчэннне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў прысутным быць апосталамі нашага часу, дзяліцца дарам веры з іншымі і абвяшчаць свету вечна жывое і дзейснае Божае слова, «каб свет паверыў».

Абноўлена 30.11.2018 23:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа