Пошук

27.01.2023 12:12   Падрыхтаваў: Вадзім Крывенькі / Catholic.by

22 студзеня, у Нядзелю Божага слова, прайшоў Першы Мінскі біблійны марафон, падчас якога 277 чалавек ўзялі ўдзел у агульным чытанні Бібліі.

Біблійны марафон стаў першай падобнай ініцыятывай у Беларусі. Ён быў арганізаваны ксяндзамі з законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў, якія нясуць служэнне ў парафіі святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ ў Мінску.

Сутнасць Біблійнага марафону заключалася ў тым, што кожны зарэгістраваны ўдзельнік атрымаў анлайн раздзел са Святога Пісання для самастойнага чытання ў Нядзелю Божага слова, разважання над ім і дзялення з іншымі тымі думкамі, што ў яго ўзніклі пад уздзеяннем Святога Духа.

Такім чынам падчас Марафону быў прачытаны ўвесь Новы Запавет.

«Дзякуй вялізны вам, браты! Такая простая, але цудоўная магчымасць, каб зрабіць перапынак для Божага Слова ў цішыні. Шмат прыгожых думак прыйшло», — падзялілася ўражаннямі ўдзельніца марафону Крысціна Горбач.

«Акцыя ўзнікла як адказ на заклік Папы Францішка, каб Нядзеля Божага слова ажывіла ў свядомасці хрысціянаў каштоўнасць больш глыбокага пазнавання Бібліі, каб заахвоціць людзей да часцейшага і прыватнага чытання. Мы вельмі задаволеныя яе вынікамі, хвала Пану!

Напэўна будзе працяг, і плануем, што ў будучыні гэта будзе наш агульнабеларускі Біблійны марафон, і колькасць удзельнікаў будзе такой, каб прачытаць усю Біблію. Запрашаем!» — адзначыў адзін з арганізатараў акцыі ксёндз Андрэй Лысы SChr.

30 верасня 2019 года быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы Францішка Aperuit illis з нагоды 1600-й гадавіны смерці вялікага знаўцы і перакладчыка Святога Пісання святога Гераніма. У дакуменце ў форме motu proprio, які з’явіўся з уласнай ініцыятывы Пантыфіка, Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду была абвешчана Нядзеляй Божага слова. У дакуменце, які пачынаецца словамі з Евангелля паводле святога Лукі «Адкрыў іх розум, каб яны разумелі Пісанне» (Лк 24, 45), Святы Айцец зазначыў, што ўстанаўленне нядзелі Божага слова стала адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно аб гэтым прасілі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця