Біскуп Юрый Касабуцкі стаў першым госцем адноўленых пасля канікул моладзевых сустрэч душпастырства Fides, якія праходзяць па серадах у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску.
Новы «сезон» распачаўся з абмеркавання Сіноду Біскупаў, гэтай тэме і быў прысвечаны першы «занятак».
***
У вечаровым прыцемку, які амаль «праглынуў» горад, арыенцірам служыць яркае святло ўключаных ліхтароў. Рэзкія кроплі з пашарэлага неба пругка адскокваюць ад раскрытага парасона і прызямляюцца ў звязаныя дажджом «павуцінкі» лужынак, у якія раз-пораз наступаюць людзі.
Светлафор усміхаецца чырвонай барваю, а я пазіраю на гадзіннік. 19.25. Яшчэ крыху — і я на месцы.
У маім вясковым дзяцінстве ў такі час па вуліцы ўжо ніхто не сноўдаў. Прыткнуўшыся спінамі да напаленай печы, мы, дзеці, сядзелі па хатах, дзе з-за шафы з намі «размаўляў» радыёспектакль, і, чакаючы, пакуль бабуля падоіць карову, любілі ўзірацца ў кручастыя барозны дажджавых кропель на шыбінах.
У вялікіх гарадах ды пры такім надвор’і ніхто на тыя шыбіны не зважае, тут галоўнае — дабегчы з пункта «А» ў пункт «Б».
Мой пункт «Б» сёння — мінскі касцёл Найсвяцейшай Тройцы.
Што такое Fides і як туды трапіць?
Fides – назва душпастырства для моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сваю ідэю Fides узяў у душпастырства OPEN Гродзенскай дыяцэзіі.
Fides створаны для каталіцкай моладзі: каб далучыцца, трэба проста прыйсці на сустрэчу, якая адбываецца кожную сераду ў 19.30 у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы.
Адрас: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 44 а (станцыя метро «Плошча Перамогі»; у двары за Палацам мастацтваў).
***
Кацярына Адамчык спускаецца па сходах у крыпту касцёла, каб прывітаць першых гасцей і праверыць, ці ўсё гатова да першай сустрэчы Fides пасля летняй паўзы.
Вы можаце яе памятаць. Каця — тая самая беларуска, якая прымала ўдзел у Перадсінадальнай сустрэчы моладзі ў Ватыкане ў сакавіку 2018 года.
У гэты вечар дзяўчына будзе мадэраваць сустрэчу з біскупам Юрыем Касабуцкім. Іерарх — першы госць адноўленых пасля канікул моладзевых сустрэч Fides. Тэма сустрэчы — Сінод Біскупаў.
Расклаўшы на талеркі печыва для ўдзельнікаў, Каця ўключае тэлефон, каб спраўдзіць час. Ёсць яшчэ 15 хвілін, каб прагледзець пытанні, дасланыя на сустрэчу падпісчыкамі Fides у сацыяльных сетках. Каця прадумвае, што і як сказаць, дзеліць пытанні на блокі.
Ці зменіцца Касцёл пасля Сіноду?
19.35. У пакоі закіпае чайнік, але на яго гул ніхто не рэагуе.
«Іерархам важна пачуць ваш голас. Не бойцеся выказвацца адносна таго, якой вы хочаце бачыць працу з моладдзю ў Касцёле», — адзначае біскуп Юрый Касабуцкі.
Каця пачынае з пытанняў. Прысутныя дзяўчаты і хлопцы ўважліва слухаюць усё, што кажа іерарх, удакладняюць.
Сустрэча транслюецца ў сторыс — падпісчыкі Fides у інстаграме пра ўсё даведваюцца першымі.
«Нельга сказаць, што духавенства не прыслухоўваецца да голасу парафіі і моладзі. Але часам трэба адрозніваць крытыку ад крытыканства, — звяртае ўвагу біскуп. — Святар павінен прыслухоўвацца, але і святара варта слухаць».
«Калі мне было 20 гадоў, касцёлы толькі пачыналі адкрывацца наноў, — прыгадвае сваю маладосць іерарх. — Памятаю, як ездзілі цягніком на нядзельную Імшу ў Краснае. Збярэшся — дык на ўвесь дзень. Моладзь сябравала, праводзіла разам шмат часу. Хадзілі разам у Будслаў — гэта нас вельмі збліжала».
«Ці зменіцца Касцёл пасля Сіноду? Чакаць рэвалюцыі не прыходзіцца. Вучэнне Касцёла не зменіцца, але Сінод паказвае напрамак, што і як мы павінны рабіць разам у розных сферах Касцёла.
Маральны кодэс, на якім усё заснавана, застаецца нязменны: вера і Божыя запаведзі», — дадаў біскуп Касабуцкі.
Чаго моладзі не хапае ў Касцёле?
Вікторыя Кезік на сустрэчы Fides упершыню. Дзяўчына паходзіць з Вілейкі, але ўжо трэці год жыве ў Мінску, дзе вучыцца на хімічным факультэце БДУ.
«Было б добра, каб для моладзі арганізоўваліся сустрэчы, нейкія выезды. Мне здаецца, гэтага не стае», — зазначае Вікторыя.
«Гэта спрыяла б новым знаёмствам і сяброўствам. Узяць хоць бы сумесны паход у кінатэатр і пазней абмеркаванне фільма», — дадаюць сябры дзяўчыны Дзіяна Талстыка і Віктар Плеско.
Гэтую ж думку раздзяляе і Уладзіслаў Даўгашэй — чацвёртакурснік БДУІР.
«Каталіцкай моладзі не хапае сумесных мерапрыемстваў: тых жа квестаў, інтэлектуальных заданняў. Трэба, каб моладзь больш знаёмілася. А прыходзіць у касцёл, калі там ёсць знаёмыя і сябры, хочацца яшчэ часцей», — лічыць хлопец.
Барысаўчанін Андрэй прызнаецца, што прыемна ўражаны адкрытасцю біскупа. Але каталіцкай моладзі, на думку 25-гадовага Андрэя, сёння ў Касцёле стала менш.
«Думаю, гэта найперш заданне для душпастыраў: прааналізаваць сітуацыю і пастарацца зрабіць так, каб зацікавіць моладзь, каб акрамя Імшы ёй было для чаго ісці сюды», — упэўнены Андрэй.
Fides. Перазагрузка.
У мінулым навучальным годзе кожная сустрэча Fides была тэматычнай і мела адмысловага госця-эксперта — святара, кансэкраваную асобу або свецкага верніка.
У новым «сезоне» падчас сустрэч Fides будуць праходзіць адмысловыя майстар-класы з экспертамі. 10 кастрычніка госцем стане беларускі мастак Уладзімір Кандрусевіч.