Пошук

27.03.2018 08:14   Ілья Лапато / Catholic.by

У Ватыкане завяршылася перадсінадальная сустрэча моладзі, у якой прымала ўдзел і Кацярына Адамчык — прадстаўніца каталіцкай моладзі з Беларусі.

Падчас сустрэчы яна вяла дзённік, а пасля вяртання на радзіму ў інтэрв’ю Catholic.by падвяла вынікі форуму.

— Каця, вітаем на беларускай зямлі. Як адчуванні пасля вяртання з Ватыкана?

— У апошні дзень я ажно не магла дачакацца самалёта: хутчэй хацелася дадому — падзяліцца ўражаннямі, не забыцца ніводнай ідэі і думкі, зафіксаваць і прывезці ўсё, каб па магчымасці ўкараніць гэта ў нас.

Спадзяюся, гэта была не апошняя сустрэча моладзі ў Ватыкане, і мы ўсе збяромся зноў, каб абмеркаваць змены, якія, магчыма, адбудуцца ў мясцовых Касцёлах.

— Ці задаволена ты працай на форуме?

— Вельмі задаволена. Думаю, усе ўдзельнікі вынеслі з форума адказы на пытанні, з якімі прыехалі. Да таго ж сустрэча стала патрэбным вопытам дыпламатыі, бо паказала, як важна слухаць і паважаць іншую думку.

Не скажу, што сустрэча «залячыла» раны, што на наступным тыдні ўсё адразу зменіцца і Касцёл стане такім, якім яго хочуць бачыць усе. Але пачатак пакладзены.

Перадсінадальная сустрэча дала зразумець, што моладзь можа і павінна ініцыяваць і ўплываць на змены ў Касцёле. Але, вядома, трэба быць адкрытым для Бога і бліжняга. Не быць раўнадушнымі і не заставацца «ў ракушцы». Падчас сустрэчы біскупы заахвочвалі нас звяртацца з ініцыятывамі да іерархаў у сваіх краінах:

«Не бойцеся гаварыць з біскупамі. Калі вы адкрыеце сябе не толькі Богу, але і бліжняму, зможаце і горы перастаўляць».

Галоўным вынікам форуму за гэтыя сем дзён стаў фінальны дакумент для будучага Сінода Біскупаў.

— Раскажы падрабязней пра дакумент: у чым яго асаблівасці?

— Дакумент апісвае праблемы моладзі ў Касцёле і магчымыя шляхі іх вырашэння. Было зазначана, што многае тут залежыць ад нас: наколькі мы самі хочам тых зменаў у сваім жыцці і жыцці Касцёла.

Выходзячы з касцёла, ці не саромеемся мы сваёй веры? Можа, варта, наадварот, паказваць яе і ганарыцца? Калі хтосьці адчувае ў сабе пакліканне да святарскага ці манаскага жыцця: што нас цікавіць? Жыццё з Богам ці знешнія выгоды, якія здаюцца такімі прывабнымі?

Ідучы ў кляштар або семінарыю, трэба да канца асэнсоўваць, дзеля чаго і дзеля каго мы гэта робім.

Уздымаецца ў дакуменце і тэма сучаснай каталіцкай сям’і, а таксама сфера сексуальных адносін. Удзельнікі выказалі пажаданне, каб біскупы і святары не баяліся гаварыць з моладдзю на гэтыя тэмы.

Адзначалася, што Касцёлу варта звяртаць увагу моладзі на прыгажосць шлюбу, каб яна не баялася браць на сябе адказнасць перад заключэннем касцёльнага шлюбу.

— Якія яшчэ моманты ў дакуменце варта назваць?

— Моладзь заўважае, што касцёльная структура павінна быць празрыстай, сумленнай і дасяжнай для ўсіх вернікаў.

Святароў варта вызваліць ад тых спраў, з якімі могуць спраўляцца і свецкія людзі. Духоўнікі такім чынам застануцца сапраўднымі душпастырамі і «праваднікамі» ў духоўным жыцці. Мы прагнем клопату нашых святароў.

У гэтым могуць дапамагчы супольнасці касцёльнай моладзі, якія добра сябе зарэкамендавалі ў іншых краінах (напрыклад, у Ліване). Калі моладзі самой даручаць ініцыятыву і даць ёй больш свабоды, яна навучыцца адказваць за свае справы, навучыцца рэалізоўваць сябе і не баяцца адказнасці. Гэта вельмі важна.

   

— Гучыць аптымістычна. Але рэальнасць не заўсёды такая ідэальная. Што рабіць у выпадку, калі біскупы пачуюць не ўсе пажаданні моладзі?

— Будзе не вельмі добра, калі дакумент так і застанецца ў сценах Ватыкана і не атрымае практычнага прымянення. Які тады сэнс нашай працы?

Касцёл куды больш шырокі за ватыканскія муры. Ён жыве верай людзей ва ўсім свеце. Спадзяюся, біскупы прымуць правільнае рашэнне па нашым дакуменце.

Я ўдзячная папу Францішку, кардыналам і біскупам за магчымасць выказаць сваю думку і паспрыяць абнаўленню становішча моладзі ў Касцёле.

Гэтаму спрыяла атмасфера сяброўства на форуме: можна было лёгка падысці да кожнага і даведацца крыху больш пра Касцёл з любога кантынента, краіны ці горада.

У любы момант можна было звярнуцца да кардыналаў і біскупаў, параіцца і проста пагаварыць пра жыццё. А найбольш парадавала прысутнасць папы Францішка, які быў побач, даваў парады, настаўляў і дзяліўся назіраннямі.

Усё гэта дало моцны штуршок і надзею на тое, што руплівая праца дасць вынікі. Што я адчуваю? Спустошанасць і стомленасць. Мы аддалі ўсё, што было ў нас на сэрцы, і зрабілі ўсё, што ад нас залежала. Цяпер настала чарга Сінода прымаць рашэнні.

— Якія рэкамендацыі па працы з моладдзю ты ўжо зараз магла б даць Касцёлу ў Беларусі?

— У структуры Касцёла ў Беларусі можна даць больш свабоды моладзі — дапусціць яе да аніматарства, душпастырства, дапамозе духавенству і больш давяраць.

Магчыма, у некаторых момантах мы не кампетэнтныя, але з падтрымкай і настаўленнем духавенства мы можам быць карыснымі.

Нашай моладзі цяжка выйсці з ініцыятывай, бо «што скажуць пра мяне іншыя?» Але Езус казаў, каб мы былі пасланцамі Бога, не трэба баяцца прапаведаваць і быць сабой. Калі адзін пакажа сябе, пакажа і другі.

Хацелася б, каб у Беларусі сустрэчы духавенства з моладдзю праходзілі часцей і не былі пратакольнымі. Каб сабрацца за круглым сталом і шчыра пагутарыць пра ўсе перажыванні і радасці. Каб іерархі былі ў курсе таго, чым жыве Касцёл па-за курыяй.

— Чаго будзеш чакаць ад Сінода Біскупаў у кастрычніку?

— Каб біскупы ўчыталіся ў гэты дакумент, а не проста праглядзелі. Каб адчулі кожны сказ гэтага дакумента і зразумелі, што ў гэтых словах — усе мы.

Каб прынялі гэта і абмеркавалі, каб гэта практычна прыйшло ў кожны Касцёл.

— Ці паспела пасябраваць з кімьсці з моладзі?

— Так, я вельмі добра кантактую са сваёй групай цяпер. Мы ўжо сазвоньваліся і паспелі зсумавацца. Група вельмі дружная. Усе інтэлігентныя і адкрытыя на розныя меркаванні.

Нават запланавалі сабрацца разам у адной з краін бліжэй да верасня, каб прыгадаць часы, якія мы перажылі разам. Магчыма, гэта будзе Літва ці Латвія, бо туды прыедзе Папа.

Абноўлена 28.03.2018 11:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа