Што звязвае Віцебск з Уладзімірам Пуціным і Баракам Абамам? Многія скажуць: фрэскі мастака Уладзіміра Кандрусевіча. Catholic.by пагутарыў з аўтарам нашумелых роспісаў пра сакральнае мастацтва ў Беларусі і яго ўспрыманне сучаснікамі.
Мастацтва і аўтар
Уладзіміра Кандрусевіча называюць адзіным у Беларусі мастаком, які ў сваіх фрэсках працягвае традыцыі італьянскага адраджэння, бо пакідае ў іх свой аўтарскі стыль.
За плячыма мастака — роспісы сямі святыняў, у ліку якіх і касцёл св. Антонія Падуанскага ў Віцебску. У гэтым касцёле знаходзяцца тыя самыя фрэскі з «палітыкамі», пра якія гудзіць увесь інтэрнэт.
— Мне імпануе, калі маё мастацтва дае нейкі штуршок да разважання, — адзначае Уладзімір Кандрусевіч. — Гэта нармальна ў практыцы мастацтва. Але такі ажыятаж быў ці не ўпершыню. Што цікава: у людзей, якія былі ў гэтым касцёле і ўсё бачылі самі, пытанняў значна менш. Той жа, хто бачыў толькі вырваныя з кантэксту фрагменты і каментарыі, робіць паспешлівыя высновы. Гэта прыкра.
— Раскажыце падрабязней пра Вашу працу з фрэскамі. Як яна звычайна праходзіць?
— Кожны выпадак асаблівы. У парафіі Св. Язафата Кунцэвіча ў Расонах праект касцёла расцягнуўся на 4-5 гадоў. Па-першае, там былі сезонныя працы. Па-другое, была распрацавана агульная канцэпцыя, якая ўключала ў сябе ўнутраныя і знешнія рашэнні. Гэта значыць, што ёсць ідэя і варыянты яе ўвасаблення, якія карэкціраваліся.
У Віцебску асноўная тэма фрэсак у касцёле — барацьба дабра са злом. Асобна мною былі намаляваныя стацыі Крыжовага шляху. Я працаваў з іржавым металам, выкарыстоўваючы пазалоту. Спалучэнне іржы і золата — тэма, якая вельмі добра кладзецца на агульную канцэпцыю. Я прапанаваў кс. Вячаславу зрабіць стацыі менавіта ў гэтай тэхніцы.
З ксяндзом Вячаславам Барком [пробашч парафій у Расонах і Віцебску — рэд.] мы працуем разам не першы год, таму існуе пэўны давер. Калі ж працуеш з заказчыкам упершыню, заўсёды больш часу прысвячаеш канцэпцыі: стараешся ўлічваць пажаданні святара — што б ён хацеў убачыць, а таксама агучваеш сваё бачанне. Вядома, не факт, што кансэнсус адразу будзе дасягнуты.
— Ці перачытваеце Вы ўрыўкі са Святога Пісання, калі пачынаеце працу над фрэскамі?
— Падчас роспісу касцёла ў Расонах я неаднаразова перачытваў урыўкі з Бібліі, якія маляваў. Дзесьці зачапіць магло нават адно канкрэтнае слова. Часам гэта дапамагала адысці ад стэрэатыпаў, назапашаных у свядомасці, калі нехта адзін намаляваў, а іншыя пачалі штампаваць, не ведаючы, што ў першакрыніцы гэтага няма...
Калі казаць пра тую скандальную фрэску з касцёла ў Віцебску, дзе многім бачацца кіраўнікі дзяржаў, то мне трапіўся ўрывак з кнігі прарока Ісаі: «Воўк і ягня будуць пасвіцца разам, і леў, як вол, будзе есці салому, а змяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй святой гары Маёй [...]» (пар. Іс 65).
На фрэсцы — прыход Трох каралёў пасля Нараджэння Пана. Працуючы над фрэскай, я спрабаваў зразумець, што азначае для мяне гэтае прароцтва. Я хацеў знайсці і зачапіцца за тое, што мяне хвалюе, каб было «з нервам», каб было шчыра — інакш атрымалася б проста ілюстрацыя да гісторыі.
Я даўно разважаю над тым, што мастацтва і рэлігія вельмі падобныя між сабой, бо іх уздзеянне пераклікаецца. Калі чалавек без унутранага настрою прыйдзе ў музей, яму будзе нецікава. Падобна і са святыняй: ён па-іншаму будзе глядзець на ўсё, а фрэскі можа і не заўважыць.
Калі ж ён уявіць, што вось тут 500 гадоў таму стаяў мастак і распісваў тыя келлі ў кляштары Сан-Марко — гэта будзе ўздзейнічаць зусім па-іншаму. У гэтым сэнсе для мяне важна, наколькі рэлігія і мастацтва пераклікаюцца з сучасным жыццём, з тым, што вакол мяне.
— Пасля сканчэння Акадэміі мастацтваў Вы працавалі ў майстэрні Міхаіла Савіцкага. Ці можна сказаць, што Савіцкі паўплываў на Вас у творчым плане?
— Тое, што я патрапіў туды, безумоўна, зрабіла свой уплыў. Гэта было кшталту аспірантуры. Сама структура была падобная на тое, як працавалі ў эпоху Адраджэння, калі майстры набіралі сабе вучняў. Міхаіл Андрэевіч Савіцкі быў ужо пажылы, але я яму верыў.
Для мяне гэта была добрая магчымасць пасля акадэміі і замежных стажыровак сабрацца з думкамі і зразумець, куды рухацца далей.
Дарэчы, пры паступленні пад уплывам мастакоў-выкладчыкаў я вагаўся паміж станковым і манументальным жывапісам. Абраў другі і ніколі не пашкадаваў.
У якасці дыпломнай працы я працаваў над роспісам фрэсак у касцёле ў Полацку. Пасля, каб удасканаліць свае ўменні ў гэтай тэхніцы, я праходзіў стажыроўку ў рэстаўрацыйных майстэрнях у Фларэнцыі. Усё гэта спрыяла фарміраванню маёй асобы як мастака сёння.
— Калі ўзяць сакральныя будынкі ў Беларусі, ці хапае ў нас прафесійных мастакоў, якія маглі б распісваць гэтыя святыні?
— Для такой працы амаль няма рынку. У 1990-я працы было больш, бо шмат чаго будавалася з нуля ці адбудоўвалася. Сёння, наколькі я ведаю, праблема больш з наяўнасцю працы, а не з мастакамі.
Пры гэтым сітуацыя ў Царкве і Касцёле розніцца. У праваслаўных практыка роспісу больш развітая — кожны праваслаўны храм павінен быць распісаны. Тут захаваліся пэўныя кананічныя ўстаноўкі і школы-майстэрні.
Касцёлы, збудаваныя ў Беларусі нядаўна, часта выглядаюць так, як гэта вырашыць мясцовы пробашч.
— Наколькі рэлігійнасць мастака ўплывае на якасць яго працы? Ці можа творца рэалізаваць свой патэнцыял у роспісе фрэсак, калі сам ён няверуючы?
— Гэта заўсёднае пытанне ў творчасці мастакоў і пісьменнікаў — ці адпавядаюць яны тым высокім маральным нормам, якія абвяшчаюць у сваіх творах?
У пачатку беларускага адраджэння ў праваслаўным іканапісе існавала адмысловая плынь, калі для роспісу шукалі максімальна глыбокадухоўнага мастака. Амаль стоўпніка, які б рэгулярна маліўся і жыў у святасці. Але такія людзі, як правіла, не ўмелі маляваць.
На гэтую тэму ёсць гісторыя пра гімн святога Францішка. Манахі звярнуліся да кампазітара Анджэло Брандуардзі з просьбай напісаць гімн святога. Музыка адказаў, што не варты гэтага, бо грэшны. Манахі ж нагадалі: святы Францішак калісьці сам называў сябе апошнім грэшнікам, бо «Бог выбірае апошніх».
Калі казаць пра мяне, то так, я далёкі ад святасці. Калі нехта лічыць, што я не варты быць у Касцёле — гэта іх права.
— Вы выраслі ў творчай сям’і: дзядуля — мастак, тата — музыкант. Ваш старэйшы сын ходзіць у 3 клас, але ўжо здолеў напісаць партрэты ўсёй сям’і — свой Вы нават апублікавалі ў Фэйсбуку. Ці бачыце сына ў мастацтве?
— Гаворка пра нашага Яна [усміхаецца — рэд.]. Насамрэч, маляванне ў цэнтр выхавання дзяцей мы з жонкай не ставім. Проста імкнёмся падтрымліваць шчырасць ва ўспрыманні дзецьмі жыцця. Калі сын хоча папырскаць фарбамі ці зрабіць нейкую абстракцыю — чаму б і не?
У школе яму падабаецца матэматыка і ўсё, што звязана з робататэхнікай. У музычнай школе Ян займаецца на барабанах. Дома мы спрабуем рабіць ценявы тэатр.
Я дапамагаю яму ажыццяўляць яго крэатыўны пачатак. І лічу, што гэты пачатак і яднае нас з вышэйшымі інстанцыямі. Куды важней, каб сын рос свабоднай творчай асобай, а не прафесійным мастаком.