Пошук

13.06.2017 16:48   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

11 чэрвеня парафіяльная супольнасць Святога Антонія ў Віцебску перажывала вялікую і значную падзею — у гэты дзень адбылося асвячэнне аднайменнага касцёла.

На ўрачыстасці прысутнічалі шматлікія вернікі не толькі з Віцебска, але з ўсёй дыяцэзіі.

Касцёл св. Антонія быў перабудаваны з Дома культуры Віцебскага вучэбна-вытворчага прадпрыемства «Галант». Касцёл атрымаў будынак 16 жніўня 2002 г.

«Знак прысутнасці Бога»

Падчас урачыстасці шмат разоў гучалі словы падзякі тым, хто будаваў святыню і зараз укладае шмат намаганняў у пабудову парафіяльнай супольнасці.

«Знакам прысутнасці Бога» назваў у сваёй гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч той факт, што сённяшняя святыня, якая раней была клубам, стала Божым домам. Іерарх нагадаў, што ў савецкі час касцёлы нішчыліся, бо «перашкаджалі ідаэлогіі, якая пярэчыла існаванню Бога».

Касцёл падчас перабудовы

Біскуп Віцебскі прыгадаў, што ад шматлікай культавай спадчыны Віцебска ў савецкі час практычна нічога не засталося: святыні былі знішчаны ці прыстасаваныя для свецкіх патрэбаў.

Іерарх звярнуў увагу прысутных на ідэю, якая была закладзена ў незвычайнае інтэр’ер касцёла — шэрыя сцены і падлога, вельмі ясны алтар — «знак той цемры, з якой выходзіць чалавек, у якой, шукаючы праўды, ён знаходзіць Бога».

Роспісы ў касцёле сёння

Падчас Імшы біскуп Віцебскі нагадаў, што калісьці касцёл святога Антонія будзе адбудаваны на гістарычным месцы, у цэнтры горада, і ў гэтай інтэнцыі маліліся святары і вернікі ў гэты дзень.

Пачаткі. З хронікі парафіі


Прыгожы і велічны касцёл святога Антонія, пабудаваны ў XVIII стагоддзі, быў канчатковf знішчаны раніцай 15 красавіка 1958 года. Яго ўзарвалі.

Напрыканцы 1980-ых каталіцкае рэлігійнае жыццё ў Віцебску афіцыйна была адноўлена. Парафія ж св. Антонія Падуанскага была адроджана ў горадзе 1 красавіка 2001 г. — яе выдзелілі з віцебскай парафіі Святой Барбары. Арганізацыя новай парафіі была даручана айцам франшіканам. Першым святаром, які прыбыў сюды на служэнне, быў а. Сабін Яцэк Тлок OFM.



Але ў святара былі праблемы са здароўем, таму фактычна асноўны цяжар па арганізацыі парафіі прыйшоўся на плечы дыякана, а затым і новапрэзбітэра Аляксандра Амяльчэні.

10 чэрвеня 2001 г. пасля ўрачыстай святой Імшы для парафіі быў асвячаны абраз святога Антонія Падуанскага, напісаны мясцовым мастаком Эдуардам Галуставым.



21 чэрвеня 2001 г. парафію зарэгістравалі. Шмат працы і намаганняў у гэту справу ўклала старшыня касцёльнага камітэта Таццяна Сініца. «Вельмі шмат даводзілася ездзіць па розных інстанцыях», — прыгадвае сёння жанчына.

«І ўзняўся крыж над святыняй...»


Першапачаткова Імша для парафіян цэлебравалася ў касцёле св. Барбары. 16 жніўня 2002 г. парафія атрымала свой будынак — былы Дом культуры, які належаў Віцебскаму вучэбна-вытворчаму прадпрыемству «Галант» па вул Гагарына, 46а.

Так выглядала будынак касцёла да перабудовы

Імша праходзіла ў адной з залаў былога клуба. Вось як узгадвае той час Эльвіра Карэліна: «У 1984 годзе на выпускным у школе я якраз танцавала ў той зале клуба. Цяпер жа мы яе перабудавалі пад месца малітвы».

Першым пробашчам парафіі стаў прызначаны кс. Анджэй Бочар MS, які выконваў свае абавязкі ад жніўня 2002 г. да верасня 2003 г. Абавязкі вікарыя ў парафіі ў 2002 г. выконвалі ксёндз Віталій Галец і ксёндз Аляксандр Рагіня.

Другі старшыня касцёльнага камітэта Віталій Кучынскі працягвае: «Будынак быў у жахлівым стане — працякаў дах, абшарпаныя сцены і падлога». Перш чым узяцца за рамонт будынка, спадар Віталій усталяваў на ім вялізны крыж. Адбылося гэта ў свята Узвышэння Святога Крыжа.

«Я хацеў, каб людзі бачылі, што тут моляцца католікі, — кажа мужчына. — Мы змайстравалі яго ў падвале майго дома разам з жонкай брата Аляксандра Карнійчука. Потым вернікі на руках перанеслі крыж з майго дому, а затым на вяроўках ўсцягнулі па сцяне наверх».



Тады ж мужчына зрабіў яшчэ адзін крыж — гэтым разам з дрэва — на сцяну ў прэзбітэрый. «Сцяна была голая і абшарпаная, а на яе мы і павесілі гэты крыж», — кажа  былы старшыня касцёльнага камітэта.

«Чыстай вады крыніца»


21 верасня 2003 г. душпастырскую паслугу ў парафіі распачаў ксёндз Алег Буткевіч. «Мы тады адрамантавалі для святара пакойчык, зусім невялікі, — прыгадвае Віталій. — Я нават не ведаю, як ён там жыў, бо ўмовы былі няпростымі».

«Ёсць святары, якіх я называю “чыстай вады крыніца”, — яны цалкам аддаюць сябе іншым, жывуць для Бога і людзей. Вось такім святаром і з’яўляецца наш былы пробашч, а цяпер і наш біскуп», — адзначыў мужчына.

Максім Карэлін у час арганізацыі парафіі быў яшчэ падлеткам. Паводле яго слоў, у атрыманым будынку засім дрэннымі былі камунікацыі.

«Трубы пастаянна прарывала і вада затоплівала падвал. Дык пробашч абуваў боты — і лез глядзець у затоплены падвал, што там і як». Аднак вернікі ўспамінаюць не толькі пра рамонты ды аварыі. Успамінаюць спектаклі, якія ладзіла разам з дзецьмі і падлеткамі сястра Разана Стружыньска BDNP, і вясёлыя святы, супольныя спевы пад гітару пробашча.

Глядзіце таксама:



«Першыя мае ўражанні — лёгкі шок ад таго, што я тут убачыў», — дзеліцца ўспамінамі біскуп Алег Буткевіч, дадаючы, што не гэта было галоўнае. «Хоць гэта не была мая першая самастойная парафія, але гэта былі пачаткі маёй святарскай дзейнасці. Тут я вучыўся святарскай паслузе: за 10 гадоў маёй службы я фактычна атрымаў досвед, які вельмі цаню і які важны ў жыцці кожнага святара. Вялікую радасць мне прыносіла праца з людзьмі і малітва разам з імі, праца з моладдзю. Гэта вымагала шмат часу, як і будаўніцтва святыні, але сёння ўсё гэта прынесла свой плён», — дадае іерарх.

Вікарыямі ў час службы ксяндза Буткевіча ў парафіі былі кс. Віктар Місевіч (у 2004 г.), кс. Ян Пугачоў (у 2009 г.) і кс. Антон Лагунёнак (у 2012 - 2013 гг.).

29 лістапада 2013 г. ксёндз Алег Буткевіч быў прызначаны новым біскупам Віцебскай дыяцэзіі. 18 студзеня ў катэдральным касцёле яму была ўдзелена біскупская сакра, а ўжо на наступны дзень ён цэлебраваў прыміцыйную Імшу ў гэтай парафіі ў якасці біскупа.

Знак нашай веры

23 лютага 2014 г. біскуп Алег Буткевіч прадставіў у парафіі новых пастыраў: пробашча кс. Вячаслава Барка і вікарыя а. Станіслава Памыкалу SJ. Менавіта ксёндз Вячаслаў Барок і скончыў рамонтныя працы. Роспісы ў касцёле выканаў мастак Уладзімір Кандрусевіч.

11 чэрвеня 2017 года адбылося асвячэнне касцёла і, паколькі касцёл носіць тытул святога Антонія Падуанскага, былі ўшанаваныя рэліквіі апекуна святыні.



Неафіцыйная частка святкавання адбылася на вуліцы, дзе сярод іншага былі асвячаныя хлябы св. Антонія і праведзены конкурс на лепшы каравай. Свае таленты прадэманстравалі дзеці парафіі, а затым для прысутных выступіў гурт «Рыбы».



Напрыканцы ўрачыстасці віцебскі ардынарый пажадаў, каб «каб гэтае месца, стаўшы месцам праслаўлення Бога, і надалей было знакам веры». Новая святыня ў Віцебску стала часткай культурна-рэлігійнага цэнтра, рамонтныя працы якога яшчэ працягваюцца. Але галоўная яго частка — касцёл — ужо скончаны.
Кацярына Лаўрыненка,
фота аўтара і з прыватнага архіва Ігара Красоўскага

Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 12.07.2017 01:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця