Пошук

04.04.2026 19:17   Паводле: catholicnews.by

Віншаванні з Вялікаднем кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Хрыстос уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі… Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўленыя» (1 Кар 15, 20.22)

Супакой у свеце, які няспынна страсаюць ваенныя канфлікты, застаецца настолькі пажаданай, наколькі і вельмі крохкай каштоўнасцю. У гэтым кантэксце штораз больш актуальнымі становяцца словы Уваскрослага Езуса Хрыста да сваіх перапалоханых вучняў: «Спакой вам!» (Лк 24,36). Менавіта з гэтай мэтай Хрыстос перажыў сваю Пасхальную таямніцу: прайшоў праз пакутніцкую смерць і вярнуўся да жыцця, каб чалавецтву прынесці спакой і даць надзею!

Рыхтуючыся да святкавання гэтай падзеі, мы перажылі пост — час, калі спрабавалі больш пільна ўслухоўвацца ў Божае слова, утаймоўваючы сваё цела. Менавіта гэтая практыка павінна дапамагчы чалавеку адкрыць у сваім жыцці каштоўнасці, якія спрыяюць згодзе і ўпарадкаванню адносінаў між чалавекам і Богам, а таксама між людзьмі.

Распачынаючы Вялікі пост, мы чулі заклік да навяртання і веры, каб такім чынам наследаваць прыклад самога Хрыста, які, перш чым распачаць публічную дзейнасць, сам прыняў саракадзённы пост. Ідучы гэтым шляхам, мы становімся здольнымі браць удзел у перамозе Хрыста над грахом і смерцю не толькі ў перспектыве вечнасці, але ўжо цяпер, у нашым зямным жыцці. Гэтая перамога і заключаецца ў падпарадкаванні закону любові і шанаванні годнасці кожнага чалавека і яго жыцця. Прыняты сэрцам спакой Хрыстовы становіцца сведчаннем і крыніцай новага жыцця ў гэтым свеце, яго радасці і сэнсу.

Папа Леў ХІV, кажучы пра ўваскрасенне Хрыста, аднойчы назваў яго «выбухам жыцця і радасці, які змяняе сэнс рэчаіснасці». Няхай і сёлетняе святкаванне Вялікадня стане, паводле слоў Папы, чарговым лекам на «сучасны смутак, які пазбаўляе людзей сэнсу і радасці жыцця».

Жадаю ўсім нам, каб святло Велікоднай раніцы, асвяціўшы гэты свет, умацавала ў ім надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасці, а нашыя сэрцы напоўніла Божым спакоем і той сапраўднай радасцю, якую нясе з сабой Хрыстовае ўваскрасенне. Міру, згоды і Божага бласлаўлення кожнаму вашаму дому і ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос Уваскрос! Са Святам!

 Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Абноўлена 05.04.2026 00:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.