
11 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску прайшоў фінал конкурсу на веданне Святога Пісання. Тэмай сёлетняга конкурсу былі абраны прыпавесці Езуса.
Ужо традыцыйна конкурс пачаўся са святой Імшы, на пачатку каторай біскуп Алег Буткевіч асобна прывітаў кожную парафію з удзельнікамі і групамі падтрымкі з Віцебска, Глыбокага, Докшыцаў, Полацка, Наваполацка, Шуміліна, Мёраў, Варапаева, Браслава (Віцебская дыяцэзія), Барысава, Бабруйска, Мінска, Заслаўя, Магілёва (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), Смаргоні, Гродна (Гродзенская дыяцэзія), Баранавіч (Пінская дыяцэзія) — адным словам — з усіх куткоў Беларусі.
«Вам дадзена ведаць таямніцы Божага Валадарства», — сказаў біскуп Алег падчас казання і патлумачыў: «Менавіта так адказваў Езус на пытанне апосталаў: "Чаму кажаш у прыпавесцях?" Калі мы чытаем, зноў і зноў вяртаемся да, здаецца, вядомых слоў, кожны раз само жывое Слова адкрываецца нам, дае тое, што нам адпавядае на гэты момант жыцця. Таму смела магу паўтарыць за Езусам Хрыстом: вам, якія чытаюць Слова Божае і разважаюць над Ім, дадзена ведаць таямніцы Божага Валадарства. Хачу пажадаць каб на гэтых таямніцах вы будавалі сваё жыццё».
У канцы святой Імшы ксёндз канонік Віктар Місевіч агучыў парадак правядзення конкурсу і прадставіў чальцоў журы. Пасля гэтага біскуп Алег блаславіў удзельнікаў, пажадаў ім поспехаў і нагадаў, што ўсе яны ўжо з’яўляюцца пераможцамі, таму што наноў адкрылі для сябе глыбокую тэму прыпавесцяў Езуса і разважалі над імі.
У фінале прыняла ўдзел 61 асоба. Як і ў мінулым годзе ўдзельнікі былі падзелены на 3 узроставыя катэгорыі: малодшая (да 11 год), сярэдняя (да 17 год) і старэйшая (ад 18 год).
Калі работы былі зданы, пачалася ціхая, але найбольш складаная праца — праверка і вызначэнне пераможцаў. Гэтым займаліся кампетэнтныя журы ў складзе старшыні сястры Наталлі Танковіч MSF — катэхеткі парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, спадарыні Марыі Ганчаронак, сястры Ліліі Казіміровіч OP, сястры Юліі Клевец FMA і айца Рамана Шульца OP.
У гэтым годзе месцы былі размеркаваны наступным чынам:
1 катэгорыя (малодшыя):
- 1 месца — Лобач Ксенія — парафія святога Міхала Арханёла (Смаргонь);
- 2 месца — Халдзей Макар — парафія святога Міхала Арханёла (Варапаева);
- 3 месца — Гацкі Іван — парафія святога Міхала Арханёла (Смаргонь).
2 катэгорыя (сярэдняя):
- 1 месца — Кароль Данііл — парафія нараджэння Маці Божай (Браслаў);
- 2 месца — Войтка Вераніка — парафія святога Міхала Арханёла (Смаргонь);
- 3 месца — Медзвядзькоў Андрэй — парафія Найсвяцейшай Тройцы (Докшыцы).
3 катэгорыя (старэйшыя):
- 1 месца — Броўка Ганна — парафія святога Міхала Арханёла (Смаргонь);
- 2 месца — Пятроўскі Сяргей — парафія святой Барбары (Віцебск);
- 3 месца — Інэсса Сулім — парафія Маці Божай Фацімскай (Шуміліна).
Броўка Ганна — пераможца ў старэйшай катэгорыі падзялілася гісторыяй свайго сёлетняга ўдзелу ў конкурсе:
«Мне прапанавала паўдзельнічаць сястра Юлія, якая працуе ў нашай парафіі. Я не змагла ёй адмовіць, але і падумаць не магла, што займу першае месца. Вельмі прыемна здзіўлена такому выніку».
Яшчэ адзін пераможца, які заняў другое месца ў старэйшай узроставай катэгорыі — Пятроўскі Сяргей — бацька чатырох дзяцей, падзяліўся, што даведаўся пра конкурс са старонак «Каталіцкага Весніка» (газеты Віцебскай дыяцэзіі), таму заахвоціў іншых удзельнікаў перыядычна чытаць каталіцкія СМІ. «Я рыхтаваўся на працягу двух апошніх месяцаў, таму задаволены дасягнутым вынікам», — кажа Сяргей.
Пасля падвядзення вынікаў і віншавання пераможцаў канцлер Віцебскай дыяцэзіі і дырэктар Карытас Віцебск ксёндз канонік Віктар Місевіч шчыра падзякаваў усім, хто прычыніўся да правядзення конкурсу, асабліва партнёрам за фінансавую падтрымку, айцу Міхаілу Ткалічу за арганізацыю конкурсу, Алене Татун за падрыхтоўку пытанняў, супрацоўнікам і валанцёрам за працу па забеспячэнні мерапрыемства, журы за адказную працу па вызначэнні пераможцаў, бацькам і катэхетам за добрую падрыхтоўку ўдзельнікаў.











































































