Свой першы навучальны год у якасці семінарыстаў у Мінску распачалі 10 хлопцаў. Разам яны будуць вучыцца толькі адзін год, пасля чаго раз’едуцца па семінарыях у Пінску і Гродне.
Журналіст Catholic.by занатаваў першую лекцыю, якую для будучых святароў прачытаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі SDB.
Калі з’явіліся першыя семінарыі?
Прататыпы сённяшніх семінарый пачынаюць фарміравацца ў ІІ стагоддзі пасля нараджэння Хрыста: тады першымі духоўнымі асяродкамі будучых святароў былі дамы біскупаў.
У той жа час пачынаюць засноўваюцца і першыя катэхетычныя школы (Рым, Александрыя, Антыёхія, Цэзарыя Палесцінская).
Пазней пра фармацыю «семінарыстаў» пачынаюць клапаціцца архідыяканы, а праз некаторы час іх функцыю бяруць на сябе спецыяльныя калегіі пры ўніверсітэтах. Сённяшнюю распаўсюджанасць у Касцёле духоўныя семінарыі атрымліваюць толькі пасля Трыдэнцкага Сабору.
Тэрміны formatio і institutio
Падрыхтоўка будучых святароў згодна з Кананічным правам Каталіцкага Касцёда абапіраецца на духоўную фармацыю і інтэлектуальную.
Formatio – духоўная, агульная і чалавечая фармацыя семінарыстаў. Institutio – навуковая, інтэлектуальная і душпастырская фармацыя кандыдатаў у святарства.
Прапедыўтычны (падрыхтоўчы) год у семінарыі
«Уступны» год у семінарыйную фармацыю ва ўсім свеце быў уведзены пасля Другога Ватыканскага Сабору.
Айцы Сабору звярнулі ўвагу, што кандыдаты ў святарства, акрамя іншага, павінны разумець сэнс і парадак навучання Касцёла ды ўсведамляць мэту душпастырскага навучання.
Такім чынам, падрыхтоўчы год семінарыі дапамагае юнаку зразумець «сапраўднасць» свайго паклікання і паглыбіцца ў яго, а таксама падцягнуць базавыя веды пра філасофска-тэалагічнае вучэнне Каталіцкага Касцёла.
Ян Павел ІІ адзначаў, што сёння існуе вялікая розніца паміж стылем жыцця і адукацыяй моладзі (нават той, якая паходзіць з хрысціянскіх сем’яў) і ладам жыцця ў семінарыі. Таму для таго, каб зрабіць гэтую розніцу менш адчувальнай, і неабходны падрыхтоўчы год.
Прапедэўтычны год у розных краінах можа адрознівацца
Значныя адрозненні паміж рэгіёнамі і краінамі, з якіх паходзяць кандыдаты, абумовілі розныя формы прапедэўтычнага года для будучых святароў.
Не толькі форма, але і працягласць, месца і прадмет такой падрыхтоўкі ў розных краінах можа быць свой.
У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі «падрыхтоўчы» год называюць першым курсам семінарыі.
«Уводны» перыяд фармацыі ў розных партыкулярных Касцёлах рэгламентуецца дакументам Кангрэгацыі Каталіцкага Выхавання, апублікаваным 1 мая 1998 года. Яго назва – II Periodo Propedeutico. Documento informativo.
Заданні прапедэўтычнага перыяду
У 2016 годзе Кангрэгацыя па справах духавенства выдала асобны дакумент Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis, які вызначае канкрэтныя заданні для падрыхтоўчага года семінарыстаў.
1. Ліквідаваць недахопы ў духоўнай фармацыі
2. Распазнаць праўдзівыя намеры паклікання
3. Набыць святарскія дух і свядомасць
4. Выправіць недахопы ў чалавечай фармацыі (псіхалагічная дапамога ў пераадоленні чалавечай нясталасці)
5. Умець жыць у супольнасці ў канкрэтным асяроддзі
6. Выправіць недахопы інтэлектуальнай фармацыі (закрыць прабелы ў школьнай праграме, паглыбіць рэлігійныя веды і г.д.)