Пошук


1 кастрычніка ў Мінску прайшла ўрачыстая інаўгурацыя новага навучальнага года для семінарыстаў першага курса Гродзенскай і Пінскай духоўных семінарый.

З 2018–2019 навучальнага года вышэйшыя духоўныя навучальныя ўстановы Беларусі дзейнічаюць у новым фармаце. Згодна з рашэннем, прынятым беларускім епіскапатам ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Апостальскай Сталіцы, цяпер кандыдаты ў святары распачынаюць фармацыю ў Мінску, дзе для іх арганізаваны першы курс навучання.

Знамянальна, што менавіта 100 гадоў таму Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі ўпершыню арганізаваў у Мінску каталіцкую духоўную семінарыю, якая распачала сваю дзейнасць ў кастрычніку 1918 г.

Цэлебрацыю св. Імшы з нагоды інаўгурацыі новага навучальнага года ўзначаліў старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На пачатку ён прывітаў прысутных на Імшы біскупаў, святароў, адказных за фармацыю сваіх будучых калегаў, і саміх «герояў» гэтага дня — семінарыстаў першага курса і іх блізкіх.

Звяртаючыся ў гаміліі перадусім да тых, хто распачынае шлях святарскай фармацыі, кіраўнік епіскапату зазначыў, што навучальную ўстанову на лацінскай мове называюць Alma Mater — Маці-карміцелька.

«У сценах семінарыі Касцёл корміць студэнтаў адпаведнай „ежай“. „Меню“ тут складаецца з чалавечай, духоўнай, інтэлектуальнай і душпастырскай фармацыі.

У семінарыі вы будзеце спажываць і засвойваць гэтую ежу, каб падрыхтавацца да пастырскага служэння ў нашай краіне, дзе жніво вельмі вялікае, а работнікаў усё яшчэ не хапае», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Засяродзіўшыся на прыкладзе жыцця святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, успамін якой Касцёл адзначае 1 кастрычніка, іерарх сцвердзіў, што свет змяняе не палітыка ці эканоміка, а святасць, якая дасягаецца праз любоў да Бога і да чалавека.

«Падобна павінна быць і з нашым пакліканнем. Мы павінны стаць любоў’ю ў цэнтры нашага жыцця. Гэта — той „малы шлях“, пра які кажа святая Тэрэза, але ён адначасова і вялікі», — падкрэсліў арцыпастыр.

Звяртаючыся да першакурснікаў, ён нагадаў ім, што, паводле Божага абрання, яны пакліканыя стаць настаўнікамі Божага Народа, пакліканыя яго асвячаць праз цэлебрацыю сакрамэнтаў і служыць яму з любоў’ю.

«Святарства — гэта не прафесія, а пакліканне і, як кажа папа Францішак, нам нельга яго параўноўваць з працай на прадпрыемстве. Святар — гэта не чыноўнік, не адміністратар і не менэджар, а слуга людзей», — сказаў арцыбіскуп, заклікаўшы семінарыстаў адказна распачаць шлях святарскай фармацыі, «каб агонь Святога Духа, які запаліўся ў сакрамэнце хросту і ўмацаваўся ў сакрамэнце канфірмацыі, усё мацней гарэў духам палікання».

Нагадаем, што ў гэтым навучальным годзе на першы курс духоўных семінарый у Гродне і ў Пінску было залічана 10 студэнтаў.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.