
21 кастрычніка на тэрыторыі бараўлянскай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, дзе нясуць служэнне салезіяне святога Яна Боско, адбылася сустрэча ўдзельнікаў фармацыйнай праграмы для святароў і манаскіх асобаў з розных парафій і манаскіх супольнасцяў Беларусі.
Праграма, якая паспяхова дзейнічае ўжо не першы год, скіравана на ўсебаковае развіццё і павышэнне кваліфікацыі духавенства — як манаскага, так і дыяцэзіяльнага, — і мае за мэту забяспечыць яго новымі ведамі і навыкамі, неабходнымі для плённага служэння ў сучасных умовах.
Такія актуальныя адукацыйныя ініцыятывы, як гэтая фармацыйная праграма, маюць ключавое значэнне не толькі для павышэння кваліфікацыі святароў і манаскіх асобаў, але і для ўсяго беларускага грамадства, у якім яны жывуць і працуюць.
Гэтыя праграмы спрыяюць умацаванню духоўных і маральных каштоўнасцяў, што надзвычай важна ў сучасным свеце, рыхтуюць духавенства да служэння ва ўмовах новых выклікаў і даюць інструменты для больш плённага ўзаемадзеяння з вернікамі, моладдзю і сем’ямі. Такім чынам, фармацыйная праграма робіць істотны ўнёсак у развіццё беларускага грамадства, садзейнічаючы яго духоўнаму і маральнаму адраджэнню.

Перад пачаткам форуму да прысутных звярнулася сястра Марцэліна Мігач ISSM, прадстаўніца вышэйшых настаяцеляў і дэлегатаў манаскіх супольнасцяў. Яна прывітала ўсіх удзельнікаў, падзякаваўшы ўсім, хто спрычыніўся да таго, каб фармацыйная праграма стала рэальнасцю і паспяхова функцыянавала. Таксама сястра Марцэліна павіншавала выпускнікоў першага курса праграмы, падкрэсліўшы, што яны з’яўляюцца сімвалам маладосці духа, свежасці розуму і энтузіязму, а таксама добрым прыкладам для іншых удзельнікаў.
Пасля адбыўся форум, на якім пяць каманд прадставілі прэзентацыі сваёй працы па наступных кірунках: катэхізацыя, душпастырская праца з медыкамі, узаемадзеянне са СМІ, праца з моладдзю і праца з сем’ямі.
Кожная каманда прадставіла праблемы і цяжкасці, з якімі сутыкнулася, а таксама прапанавала канкрэтныя крокі для іх вырашэння. Прэзентацыі суправаджаліся пытаннямі ад слухачоў і жывымі дэбатамі, што сведчыла пра вялікую зацікаўленасць удзельнікаў гэтымі тэмамі.

Важным момантам сустрэчы стала падвядзенне вынікаў працы групы першага набору, якая распачала фармацыю ў верасні 2022 года і завяршыла яе ў гэты панядзелак. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ўзяў удзел у мерапрыемстве і актыўна садзейнічаў папулярызацыі фармацыйнай праграмы па павышэнні кваліфікацыі для духавенства і кансэкраваных асобаў Беларусі, з зацікаўленасцю выслухаў прэзентацыі і прадстаўленыя напрацоўкі «дарожнай карты» па галоўных сектарах душпастырства.
Напрыканцы форуму ўдзельнікі выказалі падзяку спікерам і арганізацынай камандзе за тое, што суправаджалі і падтрымлівалі іх на працягу апошніх двух гадоў.

Завяршыўся дзень супольнай Эўхарыстыяй, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў, што ўдзел у фармацыйнай праграме павінен дапамагаць удасканальваць пакліканне, дазволіць лепш бачыць, што адбываецца навокал, глядзець на гэты свет, жадаючы ўбачыць змест Евангелля ў нашым жыцці праз невялікія ўчынкі любові і міласэрнасці.
Арцыбіскуп Юзаф Станескі пажадаў прысутным стварыць умовы ў сваім асяроддзі, каб людзі, гледзячы на іх жыццё, на нават дробныя ўчынкі, праз іх убачылі вобраз Бога на зямлі.









































