Пошук

28.08.2018 14:23   Тэкст: а. Пётр Фраштэнга OCD / Фота: а. Пётр Фраштэнга OCD; а. Сяргей Трысцень OCD / Catholic.by

З 21 па 26 жніўня беларускія сем’і разам са сваімі душпастырамі бралі ўдзел у ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне (Ірландыя).

20 жніўня беларуская дэлегацыя, якую ўзначаліў старшыня Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, вылецела ў Дублін на Сусветную сустрэчу сем’яў.

Увечары 21 жніўня арцыбіскуп Дублінскі Дыярмайд Марцін разам з прэфектам Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця кардыналам Кевінам Фарэлам урачыста адкрылі ІХ Сусветную сустрэчу сем’яў. У цырымоніі, якая праходзіла ў дублінскім канферэнц-цэнтры, бралі ўдзел каля 37 тысяч прадстаўнікоў са 116 краін свету, у тым ліку і дэлегаты з Беларусі.

Вітаючы ўдзельнікаў, арцыбіскуп Марцін адзначыў, што Сусветная сустрэча сем’яў — гэта месца, дзе людзі вучацца, перажываюць і практыкуюць спачуванне, добразычлівасць, лагоднасць, цярплівасць і прабачэнне. Ён сцвердзіў, што перад абліччам новых выклікаў неабходна, каб чалавечыя ўзаемаадносіны былі прасякнуты любоўю.

«Толькі моц любові можа ачысціць і аднавіць наш Касцёл, нас саміх і наша грамадства, — падкрэсліў ірландскі іерарх. — Памолімся за тых, хто ніколі не адчуваў такой любові або ў каго яе скралі здзекамі ці знявагамі».

Усяго ў міжнародным сямейным форуме, які праходзіў напрыканцы жніўня ў ірландскай сталіцы, бралі ўдзел каля 40 тысяч дэлегатаў. З іх 6 тысяч складалі дзеці і моладзь, малодшыя за 18 гадоў. Каля трэці ўдзельнікаў прыехалі на сустрэчу з-за мяжы. Больш за чвэрць сем’яў былі прадстаўлены сужэнскімі парамі ва ўзросце ад 29 да 40 гадоў.

Важнай падзеяй падчас сустрэчы стаў Сямейны кангрэс, які праходзіў з 22 па 24 жніўня і быў прысвечаны Апостальскай адгартацыі Amoris lætitia.

У першы дзень гэтага душпастырскага кангрэса гаворка ішла пра камплементарнасць жанчыны і мужчыны, крызіс заключэння сужэнстваў, сем’і з хворымі дзецьмі і дзецьмі-інвалідамі, сямейныя прадпрыемствы, а таксама пра тое, як можна эфектыўна дапамагаць сем’ям.

Крызіс сям’і

Удзельнік працоўнай групы на тэму сужэнства як шляху да радасці прымас Канады кардынал Жэраль Сіпрыян Лакруа прызнаў, што, паводле статыстыкі, вялікая колькасць сужэнстваў заканчваецца разводам, часам неўзабаве пасля шлюбу. Яшчэ адна заўважная тэндэнцыя — гэта стварэнне сям’і без заключэння сужэнства, якое лічыцца «старамоднай, састарэлай і нават абмяжоўваючай традыцыяй». Разам з тым у адгартацыі папы Францішка прадстаўлена бачанне сужэнства як «сілы, якая можа перамяніць жыццё, сужэнцаў, сям’ю, свет», падкрэсліў біскуп Квэбека.

Ардынарый ірландскай дыяцэзіі Лімерык біскуп Брэндан Ліхі, які кіраваў абмеркаваннем у дыскусійнай групе на тэму выклікаў, што сустракаюцца ў перадачы веры дзецям у сям’і, падкрэсліў значэнне «евангелізацыйнай місіі сям’і ў Касцёле». Яе ўскладняе сённяшні стыль жыцця, пачынаючы з працоўнага часу і да складанасці сучаснага свету. Аднак не варта адчайвацца. Мы можам «адчуваць, што нам не ўдалося перадаць веры, але прыклад бацькоў застаецца». Іерарх дадаў, што «ніводная сям’я не падае з неба ўжо цалкам сфармаванай», але кожная «знаходзіцца на шляху бескарыслівай любові», якая ўключае ў сябе таксама «гераічнае прабачэнне».

Камплементарнасць палоў

У працоўнай групе, дзе абмяркоўвалі камплементарнасць (узаемадапаўняльнасць) маці і бацькі, французы Эмануэль і Мары-Габрыэль Менажэ з супольнасці «Эмануэль» зазначылі, што палавыя адрозненні заклікаюць іх перажываць сваю еднасць праз прынясенне сябе ў дар на ўзор Святой Тройцы. Палавая камплементарнасць падтрымлівае гэты ўзаемны дар бацькоў, які адбываецца ў сужэнскай любові, неабходны для інтэгральнага і гарманічнага развіцця дзяцей.

Заданне падтрымліваць жыццё і ствараць узаемаадносіны асаблівым чынам датычыцца маці, «чыю прыроджаную харызму — перажыванне цяжарнасці і асаблівай любові, якую яна выклікае, — нельга недаацэньваць або абмінаць у імкненні да роўнасці».

У сваю чаргу бацькі дапаўняюць маці, вызначаючы для дзіцяці межы, падтрымліваючы «здаровую рызыку» і служачы сям’і сваёй працай. Таму Папа ў адгартацыі піша, што бацька «патрэбны нароўні з чулай маці», хоць гэтыя ролі і заданні могуць змяняцца ў залежнасці ад патрэбаў канкрэтнай сям’і. Аднак «толькі жанчыны могуць быць маці і толькі мужчыны могуць быць бацькамі ў адпаведнасці са сваімі рознымі дарамі».

Важным пунктам кангрэсу сталі сведчанні, дадзеныя сем’ямі, якія перажываюць розныя цяжкасці.

Кіраўнік Хрысціянскіх таварыства італьянскіх працоўных (ACLI) Андрэа Алессі і яго жонка Лідзія Борці не могуць мець дзяцей. На сустрэчы ў Дубліне яны казалі пра тое, што іх сужэнская любоў выражаецца ў клопаце пра найслабейшых, і такім чынам яны сталі «сацыяльна плоднымі». У таварыстве імкнуцца ўвасабляць у жыццё дзве добрыя практыкі: ствараць працоўныя месцы, што асабліва важна для маладых людзей, каб яны маглі стварыць сям’ю, а таксама арганізоўваць перадачу непраданага, але ўсё яшчэ добрага хлеба сталоўкам для бедных.

Падчас кангрэсу ўзяў слова таксама хворы на сіндром Даўна спецыяліст па маркетынгу Майкл Гэнан. Ён удзельнічаў у працоўнай групе, прысвечанай падтрымцы сем’яў са спецыяльнымі патрэбамі. Ён канстатаваў, што большасць бацькоў засмучае факт нараджэння дзіцяці з сіндромам Даўна.

«Мае бацькі і бабулі з дзядулямі верылі, што Пан Бог паклапоціцца пра мяне і дасць ім сілы для таго, каб зрабіць для мяне ўсё, як найлепш», — адзначыў Майкл. Ён распавёў, што дома навучыўся маліцца, і гэта дапамагае яму ўсвядоміць прысутнасць Бога, які яму дапамагае. Цяпер ён удзельнічае ў жыцці сваёй парафіі і напісаў дзве кнігі.

Мар’ян і Вінцэнт Брэдлі з Паўночнай Ірландыі казалі пра тое, як змяняецца жыццё ўсёй сям’і, калі ў ёй нараджаецца хворае дзіцятка «са спецыяльнымі патрэбамі». «З гэтага моманту ў нас пачалося новае жыццё, складзенае з болю, стратаў і выклікаў. Іншы і самотны шлях, па якім мы ідзем разам з безліччу людзей, што вырашылі стаць побач з намі», — вызналі бацькі, узгадаўшы пра крах прафесійнай кар’еры, немагчымасць паехаць на адпачынак або схадзіць на вячэру ў рэстаран і наогул штосьці планаваць. Ім вельмі дапамагала чытанне Бібліі і словы Езуса «Не бойцеся. Верце ў Мяне», якія суправаджаюць іх кожны дзень.

Бацькі зразумелі, што яны павінны даносіць людзям вакол сябе, як выглядае жыццё хворых. З гэтай мэтай яны пачалі арганізоўваць у парафіі набажэнствы для хворых дзяцей. Цяпер яны прызнаюцца, што, акрамя стомленасці, у іх жыцці ёсць таксама шмат радасці і любові, бо вакол дачкі, якая цалкам залежыць ад апекі, абарачаецца жыццё ўсёй сям’і, цэнтрам якой яна стала. Сапраўднымі героямі сталі два старэйшыя браты дзяўчынкі, якія дапамагаюць бацькам клапаціцца пра яе.

«Мы бачым, як свет змяняецца дзякуючы яе прысутнасці», — засведчылі бацькі. Яны таксама паклапаціліся пра будучыню сваёй дачкі пасля іх смерці, але ўсё аддалі ў рукі Бога, які з’яўляецца «Айцом іх сям’і».

На кангрэсе не пакінулі без увагі таксама сем’і, якія не маюць жылля. «Бяздомныя — гэта цэлы свет, якога не жадаюць бачыць з-за абыякавасці; гэта людзі, якія жывуць на ўзбочынах нашых гарадоў, часта наўпрост на парогах нашых дамоў. Ім адмаўляюць нават у самых элементарных правах», — казала Марыя Мерсэдэс Россі з італьянскай супольнасці Яна ХХІІІ. Грунтуючыся на дадзеных ААН, яна паведаміла, што ў свеце налічваецца каля 100 мільёнаў бяздомных, а 1,6 мільярдаў не маюць адпаведнага жылля.

Другі дзень кангрэсу праходзіў пад дэвізам «Сям’я і любоў». Гэтая тэма была ў цэнтры абмеркаванняў працоўных груп і дыскусій. Тым часам у сталіцу Ірландыі прыбывалі ўсё новыя сем’і.

«Што рабіць, калі ляцяць талеркі», «Роля дзядуляў і бабуль у перадачы веры паміж пакаленнямі», «Адказнае бацькоўства», «Плодная любоў», «Падрыхтоўка да сужэнства ў парафіях», «Гандаль людзьмі ў сучасным свеце» — вось некаторыя тэмы другога дня кангрэсу.

Важнай падзяей, якой усе чакалі, стаў фестываль сем’яў, арганізаваны 25 жніўня на адным са стадыёнаў Дубліна. Гэтая падзея адбылася з удзелам Святога Айца Францішка.

Пад вечар стадыён напоўніўся сем’ямі, якія віталі Святога Айца працяглымі воплескамі. Удзельнікі фестывалю мелі магчымасць пазнаёміцца з ірландскай культурай, танцамі і спевамі. Прагучала таксама нямала сведчанняў, якія далі Святому Айцу сем’і з усяго свету.

На заканчэнне фестывалю папа Францішак у прамове да сем’яў звярнуў увагу на сведчанне сужонкаў, якія захоўваюць вернасць адно аднаму ўжо больш за пяцьдзесят гадоў, і падкрэсліў ролю іх прыкладу. Адказваючы пасля гэтага на пытанне нарачоных пра тое, як захоўваць вернасць усё жыццё, Папа адзначыў, што гэта — няпростае заданне перад абліччам выклікаў сучаснай культуры. Ён падкрэсліў, што ў аснове сужэнства ляжыць любоў, адкрытая для дару жыцця, а сакрамэнт гэты асаблівым чынам мае ўдзел у таямніцы спрадвечнай любові Бога.

«Езус заўсёды прысутнічае сярод іх. Ён падтрымлівае іх на працягу жыцця ва ўзаемным прынясенні сябе ў дар, у вернасці і непадзельнай еднасці» (пар. Gaudium et spes, 48). Яго любоў — гэта скала і прытулак у час выпрабавання, але перадусім гэта крыніца няспыннага ўзрастання ў любові чыстай і назаўжды», — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа Францішак нагадаў, што любоў — гэта мара Бога для кожнага сужэнства і для ўсёй чалавечай сям’і.

«Не бойцеся гэтай мары! Цаніце яе і марце пра гэта разам кожны дзень нанава. Такім чынам вы зможаце падтрымліваць адно аднаго надзеяй, моцай і прабачэннем у хвіліны, калі дарога становіцца цяжкай і цяжка яе заўважыць», — заахвоціў Пантыфік.

Ён таксама адказаў на пытанне маладых сужонкаў пра тое, якім чынам бацькі могуць перадаць веру сваім дзецям. Папа падкрэсліў, што першым і самым важным месцам перадачы веры з’яўляецца дом.

«Вера перадаецца за сямейным сталом, у звычайнай размове, праз мову, на якой можа размаўляць толькі трывалая любоў», — зазначыў Святы Айцец.

Ён заахвоціў да супольнай малітвы ў сям’і, да добрага перажывання хрысціянскіх святаў а таксама да салідарнасці з беднымі і церпячымі.

«Вашыя дзеці навучацца дзяліцца з усімі зямнымі дабротамі, калі будуць ведаць, наколькі іх бацькі ўважлівыя да тых, хто бяднейшы або менш шчаслівы за іх саміх. Карацей кажучы, вашыя дзеці навучацца ў вас, як жыць па-хрысціянску, калі вы будзеце іх першымі настаўнікамі веры», — сказаў Папа.

Ён нагадаў, што чарговым этапам яго праграмы ў гэты дзень стане асабістая сустрэча з некалькімі сем’ямі, якія супрацьстаяць сур’ёзным выклікам і сапраўдным цяжкасцям, і якім з любоўю дапамагаюць айцы капуцыны.

«Нашаму свету патрэбна рэвалюцыя любові! Няхай гэтая рэвалюцыя распачнецца з вас і вашых сем’яў!» — заклікаў папа Францішак.

Ён таксама запрасіў удзельнікаў сустрэчы падзякаваць Богу за дар веры і ласку хрысціянскага сужэнства, а таксама захоўваць вернасць абяцанням, дадзеным у дзень шлюбу, і трываць у любові.

Увянчаннем Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне стала св. Імша, якую разам з прысутнымі біскупамі і святарамі цэлебраваў папа Францішак. У сваёй гаміліі пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў усіх прысутных дзяліцца з іншымі Евангеллем сям’і як радасцю для свету. Святы Айцец падкрэсліў, што сем’і пакліканыя быць вучнямі і місіянерамі, каб паяднаць свет з Богам і спрыяць стварэнню з усяго чалавецтва адзінай сям’і.

На пачатку Папа звярнуў увагу на тое, што словы Езуса — гэта дух і жыццё (пар. Ян 6, 63), што паказваюць крыніцу ўсялякага дабра — Божага Духа, які няспынна ўдыхае новае жыццё ў свет, у сэрцы, у сем’і, у дамы і парафіі.

«Кожны новы дзень у жыцці нашых сем’яў і ў кожным новым пакаленні нясе з сабой абяцанне новай Пяцідзесятніцы: Пяцідзесятніцы сямейнай, новага праліцця Святога Духа Параклета, якога Езус спасылае нам як нашага Абаронцу, нашага Суцяшальніка і таго, хто сапраўды адорвае нас мужнасцю», — адзначыў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў удзельнікаў ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў у Дубліне, каб яны, вярнуўшыся ў свае дамы, «сталі крыніцай падтрымкі для іншых, каб дзяліцца з імі „словамі вечнага жыцця“ Езуса».

Ён таксама сказаў, што жыць у любові так, як Хрыстус палюбіў нас (гл. Эф 5, 2), гэта значыць наследаваць Яго прынясенне сябе самога ў ахвяру, каб адрадзіцца да лепшай і яшчэ больш моцнай любові.

«Толькі такая любоў можа вызваліць свет з няволі граху, ад эгаізму, ад прагавітасці і абыякавасці да патрэбаў тых, каму менш пашанцавала. Гэта любоў, якую мы пазналі ў Езусе Хрысце. Яна ўцелавілася ў нашым свеце дзякуючы сям’і і праз сведчанне хрысціянскіх сем’яў у кожным пакаленні мае моц пераадольваць усе перашкоды, каб паяднаць свет з Богам і зрабіць з нас тое, дзеля чаго мы спрадвеку прызначаны: адзінай чалавечай сям’ёй, якая жыве разам у справядлівасці, святасці і міры», — сцвердзіў Пантыфік.

Ён падкрэсліў, што місіянерскае заданне звязана з пераадоленнем шэрагу выклікаў, заклікаўшы пры гэтым не расчароўвацца з-за халодных і абыякавых позіркаў або гвалтоўных варожых навальніцаў. Папа дадаў, што вучэнне Езуса нялёгкае:

«Як жа бывае цяжка заўсёды прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў! Якім вялікім выклікам з’яўляецца заўсёды прымаць мігрантаў і чужынцаў! Як жа балюча перажываць расчараванне, непрыманне або здраду! Як нязручна адстойваць правы найслабейшых, ненароджаных або старых, якія, як здаецца, не даюць нам адчуваць сябе свабодна», — падкрэсліў Святы Айцец.

Папа Францішак сцвердзіў, што крыніцай сілы для хрысціянаў з’яўляецца Святы Дух, а таксама ласка сакрамэнтаў.

«Няхай наша сённяшняе святкаванне ўмацуе кожнага з вас, бацькоў, бабуль і дзядуляў, дзяцей і моладзь, мужчын і жанчын, законнікаў і законніц, сузіральнікаў і місіянераў, дыяканаў і святароў у дзяленні радасцю Евангелля! Дзяліцеся Евангеллем сям’і як радасцю для свету!» — заклікаў папа Францішак на заканчэнне гаміліі.

Удзельнікі сустрэчы сем’яў з Беларусі ўдзячныя Богу за новы вопыт сустрэчы з Ім у іншых людзях. Асаблівую падзяку яны скіроўваюць арганізатарам сустрэчы. Дзякуючы ім беларускія сем’і маглі жыць разам з ірландскімі сем’ямі і дзяліцца з імі вопытам сужэнскай супольнасці.

Наступная Сусветная сустрэча сем’яў пройдзе праз тры гады ў Рыме.

    

 

Абноўлена 28.08.2018 23:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.