Пошук

29.08.2018 17:39   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

Падарожжа папы Францішка ў Ірландыю з нагоды ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў было галоўнай тэмай агульнай аўдыецыі, якая 29 жніўня прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

Падчас яе Святы Айцец падкрэсліў, што сваёй прысутнасцю на сустрэчы сем’яў, у якой бралі ўдзел таксама беларускія прадстаўнкі, ён хацеў перадусім умацаваць хрысціянскія сем’і ў іх пакліканні і місіі. Тысячы сем’яў, якія сабраліся ў Дубліне — з усёй разнастайнасцю моваў, культураў і досведаў, — сталі красамоўным знакам прыгажосці Божай мары для ўсёй чалавечай сям’і, заўважыў ён.

«Мы ведаем, што мара Бога — гэта адзінства, гармонія і мір у сем’ях і ў свеце, якія з’яўляюцца плёнам вернасці, прабачэння і прымірэння, якое Ён падараваў нам у Хрысце. У таямніцы сваёй любові Ён кліча сем’і, каб яны ўдзельнічалі ў гэтай мары і рабілі свет домам, у якім ніхто не будзе самотным, непажаданым ці адкінутым», — сказаў Папа.

Ён падзякаваў палітыкам і епіскапату Ірландыі, а таксама ўсім, хто дапамагаў падрыхтаваць яго візіт.

«Звяртаючыся да дзяржаўных уладаў у Дублінскім замку, я нагадаў, што Касцёл — гэта сям’я сем’яў і што ён, як цела, падтрымлівае гэтыя свае клеткі ў іх незаменнай ролі ў развіцці братэрскага і салідарнага грамадства», — падкрэсліў Святы Айцец.

Асаблівым чынам ён узгадаў сведчанні, якія пачуў ад сужонкаў рознага ўзросту.

«Іх гісторыі нагадалі, што любоў у сужэнстве — гэта асаблівы Божы дар, які павінен штодзённа культывавацца ў „хатнім Касцёле“, якім з’яўляецца сям’я», — зазначыў Папа. —

Як жа гэтаму свету патрэбная рэвалюцыі любові, рэвалюцыі пяшчотнасці, якая выбавіць нас ад „культуры часовага“! І гэтая рэвалюцыя пачынаецца ў сэрцы сям’і», — дадаў Пантыфік.

Папа Францішак распавёў, што сустракаўся з сужонкамі, якія прымаюць удзел у жыцці Касцёла, са шматлікімі маладымі парамі, многія з якіх былі з маленькімі дзецьмі, а таксама з беднымі сем’ямі, якім дапамагаюць ірландскія капуцыны.

«Кульмінацыйным момантам майго візіту стала вялікае Свята сем’яў, якое прайшло вечарам у суботу на дублінскім стадыёне, пасля якога, у нядзелю, адбылася св. Імша ў Фенікс-Парку. Падчас чування мы выслухалі вельмі кранальныя сведчанні сем’яў, якія пакутавалі з прычыны вайны; сем’яў, якія аднавіліся дзякуючы прабачэнню; сем’яў, якіх любоў выратавала са спіралі залежнасцяў; сем’яў, якія навучыліся разумна карыстацца мабільнікамі і планшэтамі і аддаваць прыярытэт часу, праведзенаму разам», — сцвердзіў Святы Айцец. «Адзначалася каштоўнасць камунікацыі паміж пакаленнямі і асаблівая роля, якая належыць бабулям і дзядулям ва ўмацаванні сямейных сувязяў і перадачы скарбу веры», — дадаў ён.

Распавядаючы пра свой візіт у марыйны санкуарый у мястэчку Нок, папа Францішак нагадаў, што ў капліцы, пабудаванай на месцы аб’яўленняў Панны Марыі, даверыў Яе абароне ўсе сем’і, асабліва ірландскія. Адсюль ён таксама прывітаў народ Паўночнай Ірландыі і заахвоціў працягваць працэс прымірэння, сяброўства і экуменічнага супрацоўніцтва.

«Гэты мой візіт у Ірландыю, акрамя вялікай радасці, павінен быў таксама ўзяць на сябе цяжар болю і горычы з прычыны пакутаў, выкліканых у гэтай краіне рознымі формамі злоўжыванняў, у тым ліку з боку членаў Касцёла, і таго факту, што ў мінулым касцёльныя ўлады не заўсёды былі здольнымі належным чынам адказаць на гэтыя злачынствы.

Глыбокае ўражанне на мяне зрабіла сустрэча з некаторымі ахвярамі — якіх было восем, — і я неаднаразова прасіў Пана аб прабачэнні за гэтыя грахі, за скандал і пачуццё здрады, якія яны выклікалі», — прызнаўся пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец распавёў, што ірландскія біскупы прыклалі сур’ёзныя намаганні дзеля ачышчэння і прымірэння з тымі, хто пацярпеў ад злоўжыванняў, і з дапамогай дзяржаўных уладаў вызначылі шэраг строгіх нормаў, каб гарантаваць бяспеку дзяцей.

«Падчас маёй сустрэчы з біскупамі я падтрымаў іх у выпраўленні памылак мінулага з сумленнасцю і адвагай, ускладаючы надзею на абяцанні Пана і разлічваючы на глыбокую веру ірландскага народа, каб даць пачатак перыяду аднаўлення Касцёла ў Ірландыі», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў Ірландыі ёсць вера, але з жалем заўважыў, што ў краіне вельмі мала пакліканняў да святарства, адной з прычынаў чаго з’яўляюцца скандалы, якія перажыў мясцовы Касцёл.

«Мы павінны маліцца, каб Пан паслаў святых святароў у Ірландыю», — заклікаў Пантыфік.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што многім СМІ падабаецца распавядаць пра разводы, якія становяцца нібыта модай. «Я паважаю кожнага, мы павінны паважаць людзей, але ідэалам з’яўляецца не развод. Ідэал — гэта не расставанне, не разбурэнне сям’і. Ідэал — гэта з’яднаная сям’я», — сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы сваёй катэхезы папа Францішак абвясціў, што наступная Сусветная сустрэча сем’яў адбудзецца ў 2021 г. у Рыме.

Абноўлена 30.08.2018 15:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.