Пошук


З 28 па 30 лістапада ў гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі прайшлі рэкалекцыі, якія праводзіла душпастырства цвярозасці Гродзенскай дыяцэзіі.

У рэкалекцыях удзельнічалі тыя, каго клапоціць праблема цвярозасці ў сваіх сем’ях або наогул у беларускім народзе і краіне. Духоўныя практыкаванні давалі магчымасць памаліцца аб цвярозасці ў сем’ях, а таксама за ўсіх, хто мае алкагольную, наркатычную ці іншыя залежнасці, каб з Божай дапамогай яны маглі іх пераадолець. Святую Імшу, якой распачаліся рэкалекцыі, цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. 

У гаміліі біскуп назваў гэтыя рэкалекцыі «момантам праўды і надзеі, момантам, калі мы ўсе — пастыры, аніматары, бацькі і дзеці, людзі, якія праходзяць дарогу вызвалення з залежнасці, і іх сябры — стаім перад Богам як адна сям’я, якую Езус хоча ўзняць, умацаваць і аздаравіць».

Біскуп адрасаваў тым, хто змагаецца са сваёй залежнасцю, наступныя словы: «Устань. Нават калі стаў цяжка. Нават калі няма сіл. Езус бярэ за руку. Ідзі. Не стой на месцы. Маленькі крок — таксама крок. Не бойся. Бог мацнейшы за любую залежнасць, мацнейшы за любы сорам, мацнейшы за любое падзенне».

Святароў біскуп заахвоціў «прымаць, слухаць, не асуджаць, суправаджаць, умацоўваць людзей на шляху слабасці». Па словах іерарха, у душпастырстве цвярозасці святарам патрэбны «тры ключы»:

  • цярплівасць («Чалавек падае. І часта падае шмат разоў. Але пастыр не можа стамляцца. Наша трываласць — для многіх апошні масток над безданню»),
  • слуханне («Часам адна размова ратуе жыццё. Калі чалавек можа выліць свой боль — гэта ўжо палова вызвалення»);
  • малітва («Святар не павінен быць «гіперактыўным псіхолагам». Святар павінен быць чалавекам малітвы. Бо залежнасць — гэта не толькі псіхалогія, гэта таксама духоўная рана, духоўны бой. Толькі Бог лечыць глыбока. Толькі Хрыстус — сапраўдны вызваліцель»).

Членам сем’яў, у якіх існуе праблема залежнасці, іерарх сказаў:

«Вы часта самыя стомленыя. Вы ў ценю гэтай барацьбы. Вы тыя, каго часта раняць словы, крык, абяцанні, якія не спраўдзіліся. Прашу вас аб адной рэчы: аддзяліце чалавека ад залежнасці. Любіце чалавека. Ненавідзьце залежнасць. Не блытайце гэтыя рэчы. Часта сям’я можа стаць яслямі, дзе Бог зноў нараджае надзею».

У межах рэкалекцый быў час для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да споведзі і падзяліцца сваім досведам. Акрамя таго, выступіў з канцэртам гурт Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне Ave.

Абноўлена 02.12.2025 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.