Пошук

02.08.2021 12:40   Catholic.by

ЗАКЛІК
біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
на жнівень — месяц малітвы аб цвярозасці

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Ужо стала пэўнай традыцыяй, што ў жніўні я заахвочваю вас звярнуць увагу на справу цвярозасці, устрымання і змагання з залежнасцямі ў іх разнастайных формах, каб уласным сведчаннем хрысціянскага жыцця і малітвай мы падтрымалі ўсіх, каго спаткалі праблемы.

У наш час выклікаць хваробу залежнасці можа амаль усё.

Да найбольш частых сучасных залежнасцяў адносяцца алкагалізм, курэнне, працагалізм, наркаманія, лекаманія, сексуальная залежнасць, азарт і адхіленні ў харчаванні.

Залежнасці знішчаюць чалавечае жыццё. Вызваліцца ад іх вельмі няпроста, хоць існуе шмат спосабаў лячэння. У большасці выпадкаў людзі звяртаюцца да псіхатэрапеўта, але выкарыстоўваецца таксама дэтаксікацыя арганізма ці фармакалагічнае лячэнне.

Залежнасці можна падзяліць на псіхічныя, фізічныя, сацыяльныя і біхевіяральныя (звычкі ў паводзінах). Гэтыя апошнія ў наш час нанава ўдакладненыя. Біхевіяральныя залежнасці схіляюць асобу да пастаяннага выканання нейкага дзеяння ці падданасці ўзнікаючаму імпульсу. Да біхевіяральных залічваюцца, найчасцей, залежнасці ад камп’ютарных гульняў, інтэрнэту, азарту, ежы, пакупак, працы, мабільных тэлефонаў, сексу, разліковых картак, сацыяльных сетак ці мас-медыя. Залежнасці прыводзяць да страты памяці, частых зменаў настрою, дэпрэсіі, раздражняльнасці, галаўных боляў, ташнаты, дэзарыентацыі, задухі, сухасці ў роце, пашырэння зрэнак, змены пульсу і ціску крыві.

Лячэнне залежнасцяў — гэта складаная справа. Кожны з нас іншы і патрабуе розных стымулаў.

У сувязі з гэтым няма ўніверсальнага метаду лячэння залежнасцяў. Часта выкарыстоўваюцца рознага тыпу тэрапіі, аднак усё залежыць ад таго, ці залежная асоба жадае выправіць і змяніць сваё жыццё.

Таму першы крок на шляху аздараўлення — гэта прызнанне перад сабой і Богам, што маеш праблему і хочаш яе вырашыць. Гэта вельмі важна, бо без такой паставы ніякі метад лячэння не мае асаблівага сэнсу. Калі, напрыклад, такі хворы будзе змушаны кімсьці з родных ці блізкіх да таго, каб наведваць тэрапію, але не захоча зразумець сваю праблему, лячэнне будзе толькі ілюзорным. Тэрапія — гэта магчымасць вярнуць здароўе і гармонію ў жыццё залежнага. Але неабходна быць шчырым перад сабой і іншымі, каб яна падзейнічала.

Існуе прынцып так званай «непахіснай любові». Яна засноўваецца не на «замятанні праблемы пад дыван», але на тым, каб сям’я дапамагала, а не рабіла выгляд, што ўсё нармальна. Калі асоба даходзіць да этапу лячэння, важна, каб уся сям’я таксама згадзілася на тэрапію або, прынамсі, на адукацыю ў хвалюючай сферы. У такім выпадку шанц на аздараўленне асобы, якая церпіць ад залежнасці, павялічваецца ў некалькі разоў.

Для нас, веруючых людзей, вельмі важнай тэрапіяй з’яўляецца малітва за залежных асобаў, а таксама гатоўнасць вырушыць разам з імі ў супольны шлях аздараўлення на розных узроўнях нашага жыцця і адносінаў.

Касцёл мае прыгожыя прыклады трывалай малітвы. Адзін з іх дала святая Моніка, маці святога Аўгустына, якая не толькі вымаліла навяртанне свайго сына да Бога, але і вырвала яго ад шматлікіх залежнасцяў. Да такой паставы заахвочвае нас святы апостал Якуб: «Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага» (Як 5, 16).

Прыгожа і ўзнёсла адважыцца разам з залежнай асобай на поўнае ўстрыманне ад алкаголю, каб спадарожнічаць ёй на шляху аздараўлення і малітвы.

Усіх тых, хто на працягу жніўня, а таксама ў іншы час, адважыцца на ўстрыманне ад усяго, што пагражае залежнасцю, а таксама тых, хто будзе ім спадарожнічаць малітвай і ўласным прыкладам, няхай добры Бог благаслаўляе.

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 19 ліпеня 2021 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа