18 жніўня ў нарачанскай парафіі св. апостала Андрэя па традыцыі адзначылі фэст св. Роха, якога з даўніх часоў асабліва ўшаноўваюць мясцовыя вернікі.
З гэтай нагоды ўрачыстую св. Імшу, падчас якой 38 маладых парафіянаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі, цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. І невыпадкова: іерарх асаблівым чынам звязаны са св. Рохам, паколькі доўгі часм быў пробашчам Залатагорскай парафіі, якая з’яўляецца, бадай што, самым вядомым у нашай краіне месцам культу святога цудатворца з Францыі.
Нарачанцы рыхтаваліся да ўрачыстасці праз Саракагадзіннае набажэнства. На працягу трох дзён у касцёле працягвалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту: на кожную гадзіну была вызначана вёска альбо вуліца ў самім мястэчку, вернікі якой ушаноўвалі Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Як духоўную падрыхтоўку да сакрамэнту Канфірмацыі перад св. Імшой увечары адарацыю праводзіла моладзь парафіі.
Падчас гаміліі біскуп Юрый нагадаў удзельнікам гісторыю жыцця св. Роха і яго незвычайныя цуды, якія здараюцца і цяпер.
«Ён сумеў даверыць Святому Духу сваё жыццё, і Бог перамяніў яго», — зазначыў пры гэтым іерарх.
Звяртаючыся да вернікаў, перадусім да кандыдатаў да канфірмацыі, пастыр падкрэсліў значэнне дзеяння Духа Святога, які дапамагае нам тут і цяпер быць сведкамі Бога ў сучасным свеце.
«Дух Святы, як казаў Езус, будзе дапамагаць, калі адкрыешся для Яго, даверышся Яму. Стань на малітву і скажы: „Божа, як мне паступіць?“, і Бог сам будзе прамаўляць праз цябе, дасць табе сілы супрастаяць злому духу», — зрабіў выснову біскуп Юрый Касабуцкі.
Да святкавання ўрачыстасці св. Роха ў парафіі было прымеркавана адкрыццё фотавыставы Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем». Экспазіцыя з’явілася ў касцёле за некалькі дзён да фэсту і выклікала вялікую цікавасць у парафіянаў і гасцей нарачанскага краю.