Пошук


У перакладзе з французскай мовы імя Рох азначае скала. Паводле падання, Рох паходзіў з Манпелье, што на Поўдні Францыі. Ён нарадзіўся каля 1295 г. Пасля смерці бацькоў раздаў усю сваю маёмасць і без усялякіх матэрыяльных сродкаў вандраваў па свеце. Ён меў цудоўны дар аздараўляць хворых на чуму, робячы над імі знак крыжа.Такім чынам ён выратаваў шмат жыхароў Рыма падчас эпідэміі, што лютавала там у 1317 г. Вяртаючыся адтуль, Рох сам захварэў на чуму. У П’ячэнцы ён, пакінуты ўсімі, ужо не спадзяваўся падняцца і чакаў смерці. Аднак тады Роху з’явіўся Анёл, які яго падбадзёрыў, а нейкі сабака штодня прыносіў яму хлеб, пакуль Рох цалкам не ачуняў.


Вандраванні і хвароба моцна змянілі знешнасць Роха, і таму, калі ён вярнуўся ў родны Манпелье, там яго не пазналі і, прыняўшы за варожага шпега, пасадзілі ў вязніцу. Правёўшы там пяць гадоў, поўных пакутаў, Рох памёр у вязніцы ў 1327 г. Толькі пасля смерці жыхары пазналі ў памерлым свайго славутага земляка. Рэліквіі святога знаходзяцца ў Венецыі, дзе ў яго гонар быў пабудаваны касцёл і апекуном якой ён з’яўляецца. Хоць святы Рох не быў афіцыйна кананізаваны, яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Святы з’яўляецца апекуном хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў; абараняе ад заразы і пошасцяў. Святы Рох лічыцца таксама апекуном Мінска, бо дзякуючы яго заступніцтву ў горадзе спынілася эпідэмія халеры. Тытул святога Роха мае касцёл Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы і яшчэ некалькі касцёлаў і капліц у нашай краіне.

Успамін 16 жніўня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа