Пошук

17.08.2018 10:02   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

16 жніўня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прайшла адпустовая ўрачыстасць, у межах якой адбыўся цэлы шэраг цікавых мерапрыемстваў.

Святкаванне ў гонар святога апекуна Мінска распачалося нетрывіяльна для рэлігійнага фэсту, а менавіта з выставы рэтрааўтамабіляў. Побач з машынамі рознага прызначэння, якія ездзілі па сталічных вуліцах паўстагоддзя таму і нават больш, працаваў таксама цалкам традыцыйны рэлігійны кірмаш — неад’емны атрыбут кожнага касцёльнага фэсту.

 

Проста пад голым небам на сцяне, што аддзяляе прыкасцёльны цвінтар ад унутранага дворыка палаца мастацтваў, змясціліся сямнаццаць прац фотамастачкі Ірыны Ермаковай, зробленых ёю падчас падарожжаў у Марока, Венецыю і Нью-Ёрк. Сваю першую персанальную выставу Ірына назвала «Новыя землі».

Ірына Ермакова — адна з верніц залатагорскай парафіі, у якой нямала творчых людзей: ёсць тут і мастакі, і музыканты, і літаратары.

На тое, што гэты маленькі касцёльчык у цэнтры сталіцы стаў вялікім культурным асяродкам, звярнуў увагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які ў гэты дзень узначаліў тут цэлебрацыю св. Імшы і прамовіў гамілію.

У скіраваным да вернікаў слове ён нагадаў гісторыю жыцця святога Роха, поўнага бязмежнай любові да Бога, што праяўлялася ў яго самаахвярным служэнні бліжнім, перадусім хворым на цяжкія заразныя хваробы. Святы Рох, які ратаваў безнадзейна хворых пры жыцці, і ў нябёсах з’яўляецца дзейсным апекуном і абаронцам ад згубных пошасцяў і эпідэмій. Менавіта праз яго заступніцтва жыхары Мінска былі збаўленыя ад страшнай эпідэміі халеры.

 

Арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў, што сёння жыццю чалавека пагражаюць не столькі смяротныя хваробы, з якімі змагаецца медыцына, колькі эпідэмія амаральнасці, адзіны паратунак ад якой — моцная вера і нескажоныя хрысціянскія каштоўнасці.

«Спажываючы нездаровую ежу, чалавек сваімі зубамі капае сабе магілу. Наталяючы свае прагненні маральна нездаровымі спосабамі, чалавек капае сабе духоўную магілу, пазбаўляе сябе вечнага шчасця, памірае назаўжды», — сцвердзіў іерарх.

Ён дадаў, што прыклад святых вучыць нас ахвяраваць сваімі ўласнымі выгодамі для таго, каб атрымаць вечныя, непрамінальныя даброты.

«Залатая Горка — месца, дзе, як і ў кожным касцёле, чалавек можа атрымаць аздараўленне ад хваробы граху і стаць па-сапраўднаму „залатым“ хрысціянінам: такім, які ззяе золатам веры і добрых учынкаў», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыпастыр падзякаваў пробашчу парафіі кс. каноніку Юрыю Санько за добры працяг працы, распачатай на Залатой Горцы яго папярэднікамі: кс. Міхалам Сапелем і біскупам Юрыем Касабуцкім.

Пасля заканчэння св. Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі на нядаўна перададзеную парафіі ўладамі горада частку прыкасцёльнага цвінтара, дзе напярэдадні фэсту з’явілася шматфункцыйная дзіцячая прастора з пляцоўкай для гульняў. Яна так спадабалася арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, што ён адразу ж прапанаваў святарам першымі яе выпрабаваць і сам падаў прыклад, сеўшы на арэлі разам з Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Юрыем Касабуцкім.

Гэтая шматфункцыйная прастора пры касцёле на Залатой Горцы была створана па ініцыятыве моладзевай місіі «Чыстае сэрца», якую ўзначальвае пробашч залатагорскай парафіі кс. канонік Юрый Санько, пры падтрымцы пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь у межах праекту «Формула поспеху». Пасол Польшчы ў нашай краіне пан Артур Міхальскі, які ўдзельнічаў ва ўрачыстасці св. Роха разам са сваім сынам, пазнаёміў прысутных з гэтым дабрачынным праектам, што рэалізуецца ў духу служэння бліжнім, чаму і вучыць нас прыклад св. Роха.

Пасол адзначыў, што гэтая добрая справа здзяйсняецца таксама на ўшанаванне памяці продкаў, пахаваных на старадаўніх залатагорскіх могілках, па-варварску знішчаных атэістычнай савецкай уладай.

Пасля прамовы дыпламата арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў пляцоўку.

      

Напэўна, не ўсе ведаюць, што касцёл найстарэйшай каталіцкай супольнасці ў Мінску гістарычна меў таксама тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Таму напярэдадні, калі адзначалася гэтая ўрачыстасць, перад касцёлам была асвячана фігура Маці Божай, усталяваная на ахвяраванне Марыі Жыдок, якая не дажыла да гэтай радаснай падзеі.

Наогул, уражвае ахвярнасць залатагорскіх парафіянаў і руплівасць іх пробашча. Фэсту св. Роха на Залатой Горцы папярэднічала каласальная праца па добраўпарадкаванні перададзенай парафіі вялікай тэрыторыі. Цэлае лета вернікі рэгулярна прыходзілі сюды і самааддана працавалі на цвінтары перад святыняй. Зроблена яшчэ не ўсё, і наперадзе ў залатагорскіх парафіянаў і іх пробашча яшчэ шмат працы.

Аднак, гледзячы на тое, што ім ужо ўдалося зрабіць, знікаюць усялякія сумненні: праз заступніцтва святога Роха, нябеснага апекуна Мінска і залатагорскай парафіі, гэтае месца стане сапраўды «залатым куточкам» нашай сталіцы.

Абноўлена 18.08.2018 00:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа