Пошук


11 жніўня ўпершыню адбылася дыяцэзіяльная сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка», якая прайшла ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Удзеле.

Супольная малітва распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ружанца. Цэлебрацыю св. Імшы для ўдзельнікаў сустрэчы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

Пастыр дыяцэзіі маліўся ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў руху «Маргарытка», а таксама за ўсіх пакліканых да асаблівага служэння Богу і Касцёлу, якіх гэты апостальскі рух ахінае сваёй малітвай.

«Вы ахвяравалі частку свайго жыцця і свайго сэрца малітве за святароў. Гэта — вельмі важная рэч. Ад імя ўсіх тых, за каго вы моліцеся, выказваю падзяку вам і дзякую Пану Богу, што натхніў вас на гэтую Божую справу, — з такімі словамі іерарх заклікаў прысутных да далейшай малітвы. — Бо без малітвы чалавек застаецца слабы. Таму, каго Бог кліча ісці сваім шляхам, найбольш патрэбная дапамога, падтрымка і малітва. Вы сваёй малітвай умацоўваеце тых, каго Бог ставіць на падсвечніку, каб праз іх свяціць іншым сваёй ласкай».

Кожная «Маргарытка» складаецца з 7 асоб, якія ў вызначаны дзень тыдня моляцца ў інтэнцыі выбранага імі канкрэтнага святара альбо манахіні. У руху «Маргарытка» ўсё проста і шчыра: той, хто свядома ўключыўся ў гэтую форму апекі, ахвяруе на працягу свайго жыцця адзін дзень у тыдзень у інтэнцыі выбранага святара альбо сястры, асабліва памятаючы пра гадавіну прэзбітэрскага пасвячэння ці манаскіх абяцанняў.

У Віцебскай дыяцэзіі дзейнічае шмат «Маргарытак», і на першай дыяцэзіяльнай сустрэчы прысутнічала толькі частка іх удзельнікаў. На развітанне з імі біскуп Алег выказаў надзею, што такія сустрэчы павінны стаць добрай традыцыяй.

Абноўлена 13.08.2018 14:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа