Пошук


Сутнасцю апостальскага руху «Маргарытка» з’яўляецца штодзённая малітва за канкрэтнага святара альбо законную сястру.

Святарства — гэта асаблівы дар Пана Бога, які ў сваёй любові і вернасці адорвае абраную ім душу пакліканнем і вядзе да святарскіх пасвячэнняў. Святарства — гэта дар, які ўплывае на жыццё кожнага католіка. Дзякуючы дару святарства мы можам прымаць такі неабходны сапраўднаму хрысціяніну Хлеб Жыцця. Праз пасрэдніцтва святароў мы прымаем сакрамэнты паяднання і намашчэння хворых. Святар знаходзіцца разам з намі, калі мы аплакваем нашых блізкіх, ён радуецца з намі падчас шлюбу, калі мы перапоўнены любоўю і надзеяй, ён разам з намі падчас Першай святой Камуніі.

Заданнем свецкіх людзей з’яўляецца малітва за святароў, любоў і шанаванне сакрамэнту святарства.

Мэтаю руху «Маргарытка» з’яўляецца таксама малітва аб лучнасці святароў са сваімі біскупамі і Апостальскай Сталіцай, малітва за Святога Айца і ўсю супольнасць Касцёла, заахвочванне вернікаў да супрацоўніцтва са святарамі, малітва аб святарскіх і манаскіх пакліканнях, падтрымка асобаў, якія рыхтуюцца да святарства і манаскага жыцця.

«Маргарыткі» акружаюць апекаю духоўных асобаў праз малітву аб святасці святароў і асобаў законных, пасвячэнне свайго цярпення за святароў, ахвяравання ім дару дня праз усё сваё жыццё.

У руху «Маргарытка» ўсё павінна быць простым і шчырым: той хто, свядома ўключыўся ў гэткую форму апекі, ахвяруе на працягу свайго жыцця адзін дзень у тыдзень у інтэнцыі выбранага святара альбо законнай сястры, асабліва памятаючы пра гадавіну святарскіх пасвячэнняў альбо законых шлюбаў.

Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, — выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і асобам законным. Сем пялёсткаў кветкі сімвалізуюць сем дзён тыдня. Сем асобаў, злучаных у адну «Маргарытку», ахвяруюць па адным дні ў тыдзень за святара альбо законную сястру, выбіраюць форму малітвы, якая ім больш адпавядае, і моляцца ўсё жыццё. Хтосьці можа ахвяраваць усе свае дні за адну духоўную асобу, напрыклад, за кагосьці з сям’і. Аднаго святара можна адарыць некалькімі «Маргарыткамі». «Маргарытку» могуць стварыць сем’і: па адной сям’і на кожны дзень тыдня. Важна, каб кожны дзень тыдня нехта маліўся.

Адзін чалавек можа належаць да некалькіх «Маргарытак», напрыклад, маліцца за сем святароў кожны дзень тыдня. Можна павялічыць колькасць святароў і маліцца за некалькіх святароў у адзін дзень тыдня, але ў гэтым выпадку неабходна маліцца за кожнага святара асобна.

Асоба, якая стварае «Маргарытку», выбірае чацвер, дзень, прысвечаны святарству, і памятае пра гадавіны святарскіх пасвячэнняў выбранага святара.

Для ўтварэння «Маргарыткі» дастаткова жадання аднаго чалавека, які ведае пэўнага святара (альбо сястру законную), за якога хоча маліцца. Гэты чалавек прысвячае малітвам за яго чацвер, а таксама моліцца за іншых асобаў, якія б дапоўнілі «Маргарытку». Часам «Маргарытка» ўтвараецца вельмі хутка, але ў іншых выпадках яе цяжка склаці і патрэбна много цярплівасці і малітвы. Трэба ўласным прыкладам заахвочваць іншых людзей да ўключэння ў гэты апостальскі рух, расказваць пра яго сваім родным і знаёмым. Маладушных, спалоханых і знявераных у сваіх магчымасцях трэба пабуджаць да складання даверу Богу, які не адмаўляе ў патрэбнай дапамозе для трывання ў вернасці складзенаму абяцанню.

Калі сабрана сем асобаў, яны запісваюцца на картцы (гл. апошнюю старонку вокладкі), інфармуюць аб гэтым дары духоўную асобу, для якой прызначана «Маргарытка», у выбраны час уручаюць картку святару, запэўніваючы яго аб памяці і малітве. Група з сямі асобаў складае вечнае абяцанне малітвы, г. зн. малітвы да канца жыцця. Калі нехта памірае раней за святара і ёсць мажлівасць замяніць яго іншай асобай, то гэта можна зрабіць. Калі такой мажлівасці няма, то асоба, склаўшая абяцанне, забірае «з сабой» абавязак маліцца таксама пасля смерці (у небе ці чыстцы), каб усе шчасліва дайшлі да неба. Калі святар памірае раней, то мы не перастаём за яго маліцца, таму што не ведаем, ці ён у небе, ці ў чыстцы, дзе яму будзе патрэбна наша заступніцтва. Верым, што міласэрны Пан Бог выкарыстае кожную малітву за святароў і дазволіць удзельнічаць у абмене духоўным дабром паміж «сямёркай» і яе святаром.

Кожны дзень добры для таго, каб скласці абяцанне вечнай малітвы, але лепей зрабіць гэта ў нядзелю альбо ў якое-небудзь касцёльнае свята ці пры нагодзе, напрыклад, рэкалекцый. Калі гэта мажліва, група з сямі чалавек прымае ўдзел у святой Імшы і пасля святой Камуніі складае абяцанне, напрыклад, у такой форме: «Пане Божа, адзіны ў Тройцы, і Марыя, Каралева супакою, абяцаю вечную малітву за ……………….. Маё абяцанне складаю да падножжа Святога Крыжа і да стопаў Марыі, Беззаганна пачатай. Амэн».

Добра скласці абяцанне пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце ўголас альбо ціха ў сэрцы, разам альбо асобна. Найважнейшае тое, каб зрабіць гэта ў поўнай свабодзе сэрца і ў стане асвячальнай ласкі. Пажадана было б, каб падчас гэтага абраду прысутнічаў святар, за якога будуць маліцца і якому на памяць даецца картка з імёнамі ўдзельнікаў «Маргарыткі». Таксама вельмі добра, калі святар можа адправіць святую Імшу за сваю «Маргарытку» ці хаця б уключыць складзенае абяцанне у Эўхарыстычную Ахвяру Хрыста.

Калі няма магчымасці арганізаваць супольнае складанне абяцання (напрыклад, калі ўдзельнікі жывуць у розных месцах), то адказная асоба дамаўляецца з усімі ўдзельнікамі «Маргарыткі», каб у вызначаны дзень яны асабіста склалі Пану Богу і Марыі абяцанні і распачалі малітву. Пры магчымасці сустрэчы «сямёркі», можна аднавіць абяцанне.

Пасля складання абяцання вечнай малітвы «Маргарытка» не абавязана збірацца на супольную малітву, кожны моліцца ў тым месцы, дзе знаходзіцца.

Малітоўныя абавязкі не павінны быць абсурднымі, каб не прывесці да расчаравання і спынення малітвы. Найважнейшым з’яўляецца трываласць і вернасць складзенаму абяцанню. Рэкамендуюцца малітвы за святароў, малітвы аб пакліканнях, і асабліва вяночак да Духа Святога.

Абноўлена 31.08.2022 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа