14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панне Марыі ў Удзеле (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) адбылася дыяцэзіяльнай сустрэча ўдзельнікаў апостальскага руху «Маргарытка».
Як адзначаецца на сайце Catholicnews.by, «Маргарытка» — апостальскі рух свецкіх людзей у Каталіцкім Касцёле, якія сваёй штодзённай малітвай падтрымліваюць святароў і манаскіх асобаў.
Сустрэча ў Удзеле распачалася з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвы. Удзельнікам сустрэчы была прапанавана канферэнцыя, якую прадставіў ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч з Глыбокага. Святар патлумачыў, як свецкім людзям належыць глядзець на святарства і заклікаў удзельнікаў руху не толькі маліцца за ксяндзоў, але таксама ахвяроўваць за іх свае цярпенні.
«Цярпенне і адарацыя — гэта тое, што аднаўляе святарства ў Касцёле», — падкрэсліў ксёндз Мікалай.
Цэлебрацыю святой Імшы з удзельнікамі руху «Маргартытка» ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Іерарх маліўся ў інтэнцыі тых, хто прыняў на сябе, у пэўным сэнсе, такі «крыж» — малітву за духавенства і за ўсіх пакліканых да Божай службы.
У прамоўленай гаміліі пастыр дыяцэзіі засяродзіўся на значэнні Крыжа і пашане да яго.
«Сёння глядзець на крыж Езуса азначае верыць у Яго. З верай прымаць гэты знак, шанаваць гэты знак — гэта важная рэч, да якой трэба зноў і зноў вяртацца», — заахвоціў іерарх.
Біскуп Буікевіч адзначыў, што, калі чалавек свой дзень раніцай распачынае знакам крыжа, то нават калі не паспявае прачытаць пацеры, гэта ўжо малітва. Іерарх перасцярог, каб знак крыжа не быў проста прывычным «узмахам рукі».
«Просты знак, але гэта знак нашага збаўлення. І ўжо адсюль павінна быць павага да Крыжа, якую маем праявіць», — падкрэсліў біскуп Алег Буткевіч.
На заканчэнне сустрэчы ўдзельнікі зрабілі агульны фотаздымак.