Пошук

25.06.2018 14:47   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

24 чэрвеня ў парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча у межах парафіяльнага фэсту прайшла прэзентацыя кнігі, прысвечанай гісторыі краю і людзям, чый лёс быў звязаны з гэтымі мясцінамі.

Урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў вішнеўскай парафіі традыцыйна з’яўляецца адпустам. Цэлебрацыю Эўхарыстыі ў гэты святочны дзень тут узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Але не толькі гэтая нагода прывяла ардынарыя сюды, на самую ўскраіну Гродзеншчыны — даўняга Віленскага краю, дзе цяпер сыходзяцца межы трох беларускіх дыяцэзій: Гродзенскай, Віцебскай і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Вішнева, гэтае невялікае мястэчка, што схавалася непадалёк ад маляўнічага ляснога возера, узбоч ад буйных цэнтраў і ажыўленых магістраляў, насамрэч з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для многіх людзей, чые продкі паходзяць з гэтай зямлі.

Таму ў зазвычай нешматлюднай апошнім часам мясцовай святыні, якая, нібы маяк, узносіцца на высокім пагорку, у гэты дзень было поўна народу. Сабраліся святочна апранутыя і памаладзелыя ў прыгожых хустках гаспадыні з самога Вішнева і з апусцелых ужо навакольных вёсак, прыйшлі і іхнія гаспадары, якіх няшмат ужо засталося, і многім з іх няпроста ўзыходзіць на стромы пагорак па размытай дажджом сцежцы…

Прыехалі іх дзеці і ўнукі, якія жывуць у гарадах, прыехалі госці з суседніх парафій. Прыехалі для таго, каб наведаць сваіх старых, каб дапамагчы ім па гаспадарцы, а таксама каб разам, усёй вялікай сям’ёй, як у дзяцінстве, праславіць Бога ў сваім родным касцёле, пад кранальныя мілагучныя спевы мясцовага парафіяльнага хору, які гучыць на ўзроўні самабытнага народнага калектыву.

Нібы звычайны вясковы фэст. Але і незвычайны, таму што на ім быў не толькі традыцыйны кірмаш з рэлігійнымі рэчамі і слодычамі, але і прэзентацыя кнігі, прысвечанай людзям гэтага краю.

У выданні, якое выйшла ў свет у сталічным выдавецтве «Энцыклапедыкс», пад адной вокладкай змешчаны дзве кнігі: мемуары Фелікса Жылкі «Мае ўспаміны», у якіх аўтар узгадвае пра жыццё ў былой Жодзішкаўскай гміне ў першай палове ХХ ст., а таксама мастацка-дакументальная аповесць Анатоля Шчучкі «Святыняў маўклівыя цені».

Кнігу яе ўкладальнік Францішак Жылка прысвяціў тром 100-гадовым юбілеям: заканчэння Першай сусветнай вайны, абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і аднаўлення польскай дзяржаўнасці, а таксама 350-й гадавіне заканчэння вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай, падчас якой нашыя продкі мужна баранілі сваю веру і Айчыну ад ворагаў з усходу.

Распачаў прэзентацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які як пастыр прывітаў усіх прысутных, а асабліва тых, чыімі намаганнямі быў уратаваны ад забыцця і захаваны для нашчадкаў невялікі кавалачак сапраўднай, несфальсіфікаванай гісторыі гэтага куточка роднага краю. Біскуп падзякаваў за руплівасць і працу Францішку Жылку і Анатолю Шчучку і пажадаў усім прысутным у святыні вернікам ніколі не забывацца пра свае карані і пра тых, ад каго яны прынялі скарб веры, а таксама чыімі намаганнямі была пабудавана іх святыня.

Пасля біскупа Аляксандра з прывітальным словам звярнуўся пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках кс. Павел Калеснік. Ён ужо шмат гадоў нясе душпастырскае служэнне там, дзе да 1939 г. аўтар выдадзеных успамінаў Фелікс Жылка быў войтам — кіраўніком Жодзішкаўскай гміны, накшталт сучаснага старшыні райвыканкама. Святар адзначыў, што памяць вяртае чалавека да крыніцаў і такім чынам дапамагае яму наблізіцца да Бога.

      

Падчас прэзентацыі прамовілі таксама тыя, дзякуючы каму ўбачыла свет гісторыка-мастацкае выданне. Анатоль Шчучка распавёў пра гісторыю стварэння сваёй мастацка-дакументальнай аповесці, даследчыца беларускай мінуўшчыны Таццяна Кляшчонак, якая пераклала ўспаміны Фелікса Жылкі на беларускую мову, падзялілася сваімі ўражаннямі ад гэтай працы, што стала для яе знаёмствам з новымі цікавымі людзьмі і фактамі, а ўкладальнік і фундатар выдання Францішак Жылка пазнаёміў з тым, як праца над уласным радаводам прывяла яго да незвычайных адкрыццяў і падказала ідэю выдання кнігі.

Пробашч вішнеўскай парафіі кс. Антоній Казлоўскі падзякаваў Богу за незвычайныя цуды Яго ласкі, якія Ён робіць праз звычайных людзей, гатовых ахвяраваць свой час і здольнасці служэнню высакароднай справе адраджэння гістарычнай памяці сваіх землякоў.

Удзельнікі ўрачыстасці ўважліва слухалі выступоўцаў, бо жыццё іх продкаў і іх саміх таксама непарыўна звязанае з усім тым, пра што ішла гаворка на прэзентацыі. Пацверджанне іх жывой зацікаўленасці — вялікі попыт на кнігу, які не абмежаваў нават дастаткова вялікі, асабліва як для пенсіянераў, кошт выдання, што было надрукавана невялікім накладам у 200 асобнікаў. Тыя, хто набыў кнігу, тут жа атрымалі ад яе ўкладальніка Францішка Жылкі і ад аўтара аповесці «Святыняў маўклівыя цені» Анатоля Шчучкі прысвячэнне і аўтограф. Першы падпісаны экземпляр — для біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Цяпер яны будуць мець дома як частку ўласнага сямейнага архіву гэты каштоўны гістарычны дакумент — успаміны свайго земляка, ілюстраваныя ўнікальнымі фотаздымкамі з асабістых збораў. Дзякуючы гэтаму іх дзеці і ўнукі, нават жывучы далёка ад родных мясцінаў, лепш пазнаюць, кім яны ёсць і адкуль паходзяць, і так захаваюць сваю тоеснасць, перадаўшы яе наступным пакаленням.

Менавіта пра важнасць сувязі пакаленняў, якая яднае паасобных людзей у сям’ю, сем’і — у род, а роды — у народ, казаў у сваёй гаміліі кс. канонік Здзіслаў Ведэр SDB, у мінулым — дэкан Смаргонскага дэканату. Святар, які за свой працяглы жыццёвы шлях набыў вялікі душпастырскі вопыт, казаў пра найбольшыя, нязменныя каштоўнасці, якія адзіныя робяць чалавека шчаслівым і за якія варта аддаць усё, як зрабіў гэта найбольшы сярод народжаных жанчынамі — папярэднік Хрыста св. Ян Хрысціцель.

Лебядзіная сям'я на Вішнеўскім возеры

Абноўлена 26.06.2018 08:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа