Пошук


Кожны першы чацвер месяца — гэта дзень, асаблівым чынам прысвечаны малітвам аб пакліканнях да служэння ў Касцёле, да святарства і кансэкраванага жыцця. Пра тое, як няпроста бывае згадзіцца з выбарам свайго дзіцяці прысвяціць жыццё Богу, распавяла ў інтэрв’ю карэспандэнтцы маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» мама трох сыноў Валянціна Варанюк.

– Спадарыня Валянціна, распавядзіце пра сваю сям’ю, якая яна?

– У нас самая звычайная беларуская сям’я. <…> Да 17 гадоў я жыла з бацькамі ў Смаргоні, а пасля паехала вучыцца ў Мінск, дзе і пазнаёмілася з бацькам дзяцей. Макс нарадзіўся, калі мы яшчэ вучыліся, таму смяяліся, што ён — наш маленькі студэнт. Праз шэсць гадоў нарадзіліся блізняты, Антон і Уладзіслаў. Тады ўжо жылі ў Маладзечне.

– Якое месца ў жыцці вашай сям’і займала рэлігія?

– У касцёл мы заўсёды хадзілі, кожную нядзелю. Але хадзілі, як і многія іншыя, таму што трэба. У дзяцінстве адзначалі ўсе святы, але, хутчэй, з набожнасцю, а не з верай. Я да канца не разумела, што адбываецца ў касцёле. Часам не хацела туды ісці і чакала, калі ўсё гэта скончыцца.

Калі казаць па праўдзе, маё навяртанне і духоўнае жыццё пачалося з таго моманту, калі Макс пайшоў у манастыр.

– Калі вы даведаліся аб рашэнні Максіма пайсці ў манастыр?

– Калі ён быў у 11 класе. Для мяне гэта быў вельмі цяжкі час. На той момант нашая сям’я распалася, і я была адна з дзецьмі. Як і іншыя бацькі, рыхтавала Максу вялікую будучыню.

– Кім вы яго бачылі?

– Доктарам, бо ён выдатна вучыўся па хіміі і біялогіі. Мы знайшлі рэпетытараў у Мінску. Я нават узяла крэдыт у банку, каб яго вучыць. Яму падабалася медыцына, і ён таксама яе нібыта выбраў.

– Як увогуле ў вас складаліся стасункі з сынамі? Яны прыходзілі да вас раіцца?

– Ведаеце, у мяне атрымаліся такія сыны, што ў нас ніколі не ўзнікала праблем. У Макса не было праблемнага перыяду, а малодшыя гадоў у 12 прыйшлі і самі сказалі: «Мама, у нас пачаўся пераходны ўзрост». На гэтым ён і скончыўся.

Таму і з Максам не было канфліктаў наконт яго будучыні. Але ж я ўсё бачыла. Бачыла, як ён сходзіць у касцёл, а пасля доўга сядзіць і глядзіць у вакно. Я разумела, што з ім адбываецца.

І я як любячая мама адгаворвала яго, казала, што ён не павінен над гэтым задумвацца. Казала, што яго чакае вялікая будучыня, што хай ён спачатку скончыць медуніверсітэт, а пасля, калі захоча, ідзе ў семінарыю. Ён са мной пагаджаўся, нейкі час вучыўся, а пасля — адзін паход да братоў капуцынаў, і зноў тое самае.

Сэрцам я адчувала, што не так усё проста. Але не магла пагадзіцца з тым, што прапануе Бог. Так практычна ўсе людзі ў свеце робяць: не пагаджаюцца з тым, што прапануе Бог, а Ён прапануе найлепшае.

– Вы памятаеце той момант, калі Максім прыняў канчатковае рашэнне?

– Гэта было вясной. Я стала на яго сварыцца: колькі можна, я плачý за цябе грошы, ты будзеш вучыцца ці не? Што гэта такое? Ідзі ты ўжо ў манастыр! На што ён мне кажа: а я і іду. З такой зачэпкі ўсё пачалося.

Вядома, я гэта не прыняла. Галасіла па ім, як па памерлым. Ён хацеў патлумачыць мне, што адчувае, але ж я яго не слухала.

Калі ён абняў мяне за калені і сказаў: «Мама, дазволь мне быць шчаслівым», то, канешне, я ўжо нічога не магла яму адказаць.

І тады ўжо мой Макс з чыстым сумленнем закінуў вучобу, толькі рыхтаваўся да школьных экзаменаў.

– Як на яго рашэнне адрэагавалі сябры?

– Спрабавалі адгаварыць, як маглі. Прыходзілі да мяне і казалі: «Цётка Валя, давайце пазнаёмім яго з якой дзяўчынай». Але я казала – хлопцы, гэта ўсё бессэнсоўна! І прасіла: калі можаце, то проста падтрымлівайце яго, не рвіце яму сэрца і дайце яму ласку мець вас далей за сяброў. Так усё і адбылося.

– У школе даведаліся, што ён пайшоў у манастыр?

– Так, але не адразу. У яго быў цудоўны класны кіраўнік, Наталля Фёдараўна Карыцька. Яна была ў яго на прэзбітэрскім пасвячэнні ў Докшыцах. Вядома, настаўнікі былі здзіўленыя, але вельмі добра паставіліся. На выпускным вечары ён сказаў усім. Канешне, хто пасмяяўся, хто не паверыў, хто адгаворваў. Але гэта ўжо нас не кранала.

Я бачыла, што Бог дае яму ласку і ён ідзе за гэтай ласкай. З гэтага часу я пачала маліцца за яго кожны дзень, каб ён распазнаваў сваё пакліканне. І цяпер малюся, каб ён быў добрым святаром.

– З чаго пачаўся яго новы шлях?

– У верасні 2007 года Макс пайшоў у манастыр. Год быў у Докшыцах. Калі ён першы раз прыехаў на святы дамоў, я запыталася, ці хоча ён вяртацца ў манастыр, а ён сказаў: «Мама, мне вельмі цяжка разрывацца між двума дамамі». Я ўсё зразумела і прыняла, як бы складана гэта ні было.

І з гэтага моманту па­чалося маё шчаслівае жыццё. Я сама пайшла ў касцёл, каб зразумець, чаму мой сын выбраў Бога. Я хацела ўсё ведаць: куды, для чаго ён ідзе.

Ведаеце, дзеці ж выбіраюць свой шлях не для бацькоў, а для свайго шчасця. Таму калі другі мой сын сказаў, што пойдзе ў манастыр, я ўжо не плакала, а танцавала...

Цалкам інтэрв’ю Валянціны Варанюк «Рэгіянальнай газеце» чытайце ТУТ >>>

Абноўлена 07.06.2018 23:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа