Пошук

03.01.2025 10:50   Тэкст: брат Алег Шэнда OFMcap / Фота: брат Алег Шэнда OFMcap, Аляксандр Алісейка / Catholic.by

З 22 па 28 снежня 2024 года адбыўся афіцыйны візіт ў Беларусь Генеральнага міністра Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брата Рабэрто Джэнуіна OFMCap.

Асноўнай мэтай яго прыезду ў нашу краіну, дзе капуцыны з’яўляюцца адной з найбольшых манаскіх супольнасцяў, было асабістае знаёмства з братамі Кустодыі Беларусі. Як выказаўся сам брат Рабэрто, яму таксама хацелася адчуць і зразумець рэчаіснасць, у якой капуцыны знаходзяцца побач з мясцовымі людзьмі.

Падчас наведвання генеральным настаяцелем чарговых дамоў, дзе жывуць манахі, кожны з мясцовых братоў меў магчымасць падзяліцца з ім сваім вопытам паклікання і служэння.

Шмат выказванняў шчырай удзячнасці пачуў вярхоўны кіраўнік ад шматлікіх вернікаў за працу і прысутнасць братоў капуцынаў.

Генеральны міністр меў магчымасць пазнаёміцца з няпростымі момантамі гісторыі нашай зямлі і прысутнасці на яе тэрыторыі ордэна капуцынаў. Падчас сустрэч генеральнага настаяцеля з некаторымі іерархамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі прагучалі словы падзякі і спадзявання на далейшае плённае супрацоўніцтва братоў капуцынаў з мясцовым Касцёлам.

Цікавым і важным пунктам візіту брата Рабэрто ў Беларусь стаў прыём капуцынскай дэлегацыі ў адміністрацыі ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Аляксандра Румака. Брат Рабэрто высока ацаніў сардэчнасць сустрэчы і адкрытасць дыялогу.

Генеральны кіраўнік адкрыта і ахвотна знаёміўся з асаблівасцямі беларускага святкавання Божага Нараджэння, цікавіўся асаблівасцямі тутэйшай кухні і звычаяў. Са свайго боку, брат Рабэрто шчодра дзяліўся ўласным вопытам служэння ордэну ў разнастайных акалічнасцях прысутнасці капуцынаў у свеце.

«Удзячны Богу за братоў, якія тут жывуць і сведчаць Евангелле, прашу аб шматлікіх ласках з вышыні, каб шмат маладых людзей прынялі запрашэнне Бога ісці за Ім шляхам Францішка ва ўласцівым для нас ладзе жыцця», — такімі словамі брат Рабэрто Джэнуін падсумаваў свой візіт у Беларусі.

Абноўлена 03.01.2025 17:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа