Пошук


4 мая вялікая і дружная сям’я беларускіх капуцынаў папоўнілася двума новымі святарамі. У докшыцкім касцёле Найсвяцейшай Тройцы з рук біскупа Рэйк’явіка (Ісландыя) Давіда Тэнцэра, таксама капуцына, прэзбітэрскае пасвячэнне атрымалі два дыяканы — брат Максім Варанюк з Маладзечна (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) і брат Ігар Колзун з Верхнядзвінска (Віцебская дыяцэзія).

Сакрамэнт пасвячэння невыпадкова адбыўся ў Докшыцах.

Шлях свайго манаскага і святарскага паклікання абодва новапрэзбітэры распачалі менавіта тут, у мясцовым капуцынскім кляштары, дзе праходзіў іхні пастулат.

Так у манаскім жыцці называецца першы год падрыхтоўкі, прысвечаны распазнанню паклікання і непасрэднаму знаёмству з жыццём супольнасці.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў мясцовы ардынарый — Віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

На пачатку літургіі ўсіх удзельнікаў урачыстасці прывітаў кусташ Беларускай кустодыі братоў меншых капуцынаў брат Алег Шэнда, які правёў паралель паміж веснавым абуджэннем прыроды і пасхальнай таямніцай Хрыста, з якой бяруць пачатак сакрамэнты Касцёла — у тым ліку і святарства, — каб вяртаць да жыцця адкуплены Божы народ. Ён таксама звярнуў увагу на кантраст паміж надвор’ем у Беларусі, дзе апошнімі днямі ўсталявалася амаль летняя спякота, і ў Ісландыі, адкуль прыбыў іх сабрат біскуп і дзе яшчэ ўчора ішоў снег.

Гэтую заўвагу біскуп Давід Тэнцэр не пакінуў без увагі і на пачатку сваёй гаміліі пацвердзіў, што яму сапраўды горача, але што яшчэ большую цеплыню ён адчувае ў сваім сэрцы, беручы ўдзел у такой важнай падзеі для капуцынскай сям’і ў Беларусі.

Божае слова, прамоўленае біскупам з далёкай паўночнай краіны, было скіравана перадусім да новапрэзбітэраў, якія пакліканы стаць для вернікаў alter Christus — другім Хрыстом.

Іерарх, які з уласнага вопыту кансэкраванага жыцця ведае вялікае значэнне супольнасці на шляху манаскага і святарскага паклікання, асабліва падкрэсліў, што Максім і Ігар, прымаючы пасвячэнне прэзбітэрату ў адзін дзень, і надалей могуць адзін аднаго падтрымліваць на супольным шляху служэння Богу і Яго народу. Як прыклад такой узаемападтрымкі біскуп Давід распавёў ісландскую сагу — кароткую гісторыю з мудрай мараллю.

Калісьці даўно жыў адзін вікінг: моцны і жорсткі. Ягоныя сябры нічога не баяліся, бо маглі заўсёды разлічваць на яго дапамогу, а той, хто станавіўся ягоным ворагам, развітваўся з жыццём. У родную сястру таго вікінга закахаўся адзін мужны і моцны хлопец, які, стаўшы шваграм вікінга, стаў таксама і яго лепшым сябрам і паплечнікам. Там, дзе рабаваў і забіваў адзін, неадменна поруч з ім быў і другі. Ворагаў у абодвух было нямала, і аднойчы яны абступілі адважных ваякаў з усіх бакоў.

Убачыўшы іх вялікую колькасную перавагу, вікінг сказаў свайму швагру: «Станем шчыльна адзін да аднаго плячыма і будзем змагацца. І ці абодва загінем, ці абодва ўратуемся». Так і сталася: сябры перамаглі, пакінуўшы на полі бою шмат забітых непрыяцеляў.

Менавіта да такой шчыльнай узаемавыручкі заклікаў сваіх маладых сабратоў новапрэзбітэраў ісландскі біскуп. Ён папярдзіў іх таксама пра небяспекі, якія чакаюць маладога святара на ягоным шляху. Гэта — не спакуса, якая крыецца ў кілішку з моцным напоем і ў прывабнай дзявочай усмешцы.

Асноўная небяспека, на думку біскупа Давіда, — гэта прызвычаенасць.

Каб глыбей растлумачыць сваю думку, іерарх прывёў прыклад з эсэ Гілберта Кіта Чэстэртана «Дванаццаць чалавек», у якім аўтар апавядае пра свой досвед быцця прысяжным у судзе.

Аднойчы яму давялося ўдзельнічаць у разглядзе справы чалавека, якога абвінавачвалі ў крадзяжы ровару, а таксама маці, абвінавачанай у тым, што яна занядбала сваіх дзяцей.

Прысяжны, у адрозненне ад суддзяў, мог убачыць у гэтых людзях не толькі злачынцаў, адзін з якіх скраў ровар, а другая забылася пра свае матчыны абавязкі, а двух няшчасных, адзін з якіх быў галодны і моцна хацеў «пахмяліцца», а другая была пакінутая і самотная. Чаму ж гэтага не бачылі суддзі? Таму што яны, прафесіяналы, проста прызвычаіліся падыходзіць да чалавека толькі як да абвінавачанага і ўжо не маглі ўбачыць у ім нічога, акрамя здзейсненага ім правапарушэння.

Менавіта ад такой прафесійнай прызвычаенасці перасцярог сваіх маладых супрацоўнікаў на ніве Пана біскуп Давід. Ён пажадаў ім, якіх Пан выбраў для таго, каб праз іх рукі і словы перамяняць хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў, ніколі не прызвычаіцца да гэтай цудоўнай блізасці да Божай таямніцы.

«І тады, калі ў вашых бародах будзе больш сівізны, чым у маёй, і нават тады, калі вы будзеце падыходзіць да алтара, хілячыся да зямлі і абапіраючыся на кій, няхай у вас не знікне здольнасць здзіўляцца таму, што Езус прыходзіць да чалавека», — сказаў надзелены паўнатой святарства іерарх сваім новапасвячаным сабратам.

Паколькі біскуп Давід прамаўляў па-польску, свае перакладчыцкія здольнасці праявіў брат Алег, кусташ, стаўшы на час гаміліі вуснамі іерарха і паказаўшы, што ён здольны спраўляцца з гэтым няпростым заданнем не горш за свайго роднага брата Юрыя Шэнду, дамініканіна, які раней цудоўна перакладаў гаміліі Апостальскага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроцці.

На заканчэнне Імшы, падчас якой браты Максім Варанюк і Ігар Колзун сталі святарамі, ад імя іх абодвух брат Максім падзякаваў усім, хто ім дапамагаў і падтрымліваў на гэтым нялёгкім шляху.

Біскуп Алег Буткевіч таксама далучыўся да гэтых цёплых словаў, асабліва падзякаваўшы бацькам новапрэзбітэраў, перадусім прысутным на ўрачыстасці іхнім мамам, якія выгадавалі такіх сыноў.

Моладзь докшыцкай парафіі павіншавала маладых святароў спевам уласнага сачынення, у якім узгадала асноўныя этапы іхняй падрыхтоўкі да святарства і даручыла іх далейшы святарскі шлях Божай апецы.

Пасля благаслаўлення на заканчэнне Імшы ўрачыстасць у цёплай сямейнай атмасферы працягнулася на адкрытым паветры, пад цёплым майскім сонейкам, дзе наймалодшыя парафіяне праславілі Пана і парадавалі прысутных сваімі спевамі і танцам, а старэйшымі вернікі разам з братамі капуцынамі, якія ўжо шмат гадоў аддана нясуць душпастырскае служэнне ў іх парафіі, падрыхтавалі шчодры і смачны пачастунак.

Такім чынам, прысмакаў і радасці хапіла ўсім. Няхай жа і ў жыцці новапрэзбітэраў Максіма і Ігара ніколі не будзе недахопу ў Божай ласцы і чалавечай добразычлівасці.

Абноўлена 05.05.2018 11:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа