З 21 па 24 мая ў Рыме праходзіць 71-е пленарнае пасяджэнне Італьянскай біскупскай канферэнцыі (ІБК), якое напярэдадні адкрыў папа Францішак. У якасці госця на высокім сходзе з прамовай выступіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Напачатку старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзякаваў сваім італьянскім калегам за магчымасць браць удзел у такой сустрэчы, якая з'яўляецца добрай нагодай для абмену вопытам, а таксама за дапамогу, якую Касцёл у Італіі аказваў і аказвае Касцёлу на Беларусі.
Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў, што з дапамогай ІБК удалося рэалізаваць першы сацыяльна-адукацыйны праект у нашай краіне і пабудаваць у Мінску хрысціянскі цэнтр для дзяцей і моладзі ў патрэбе, які будзе благаслаўлёны 29 мая.
Прыняць удзел у благаслаўленні арцыбіскуп запрасіў удзельнікаў сустрэчы: прадстаўнікоў італьянскага епіскапату і прысутных на пасяджэнні шматлікіх гасцей.
Потым старшыня ККББ распавёў пра найбольш важныя падзеі ў жыцці беларускага Касцёла за мінулы год. Перш за ўсё ён адзначыў, што ў маі мінулага года распачало вяшчанне «Радыё Марыя — Беларусь», якое становіцца ўсё больш папулярным сярод вернікаў.
Не пакінуў без увагі арцыбіскуп Кандрусевіч і тое, што з 29 верасня па 1 кастрычніка 2017 г. упершыню ў гісторыі нашай краіны яе сталіца прымала ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ), якія сабраліся ў Мінску, каб разам абмеркаваць тэму моладзі і будучыні еўрапейскага кантынента.
Сярод іншых значных падзеяў беларускі іерарх узгадаў 500-годдзе з’яўлення першага перакладу Бібліі на беларускую мову, здзейсненага першадрукаром і асветнікам Францішкам Скарынам, а таксама з’яўленне першага афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу Новага Запавету на сучасную беларускую мову, здзейсненага секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ. Яшчэ адным дасягненнем у гэтай галіне стала з’яўленне ў сеціве беларускамоўнай электроннай версіі Літургіі гадзінаў.
Паводле словаў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, важнымі момантамі ў жыцці Касцёла на Беларусі сталі візіт Ad limina apostolorum біскупаў мясцовай канферэнцыі епіскапату ў Рым, які праходзіў з 31 студзеня па 7 лютага гэтага года, а таксама ўсебеларуская сустрэча каталіцкай моладзі, якая з 29 красавіка па 1 мая прайшла ў Гродне пад дэвізам «Пакліканыя з Марыяй да жыцця ў ласцы Божай».
Акрамя станоўчых падзей, старшыня ККББ выказаўся і пра негатыўныя з’явы, якія, на жаль, прысутнічаюць у жыцці Касцёла на Беларусі. Перадусім іерарх звярнуў увагу на недахоп касцёлаў, які асабліва востра адчуваецца ў гарадах са шматлікім насельніцтвам. Другая праблема, з якой штодзённа сутыкаецца мясцовая каталіцкая супольнасць, — гэта недахоп святароў, што абвастраецца ў выніку складанасцяў, якія ўзнікаюць з запрашэннем, прабываннем і служэннем у Беларусі святароў з замежжа.
«Напрыклад, паводле беларускага заканадаўства, калі замежнік, кіруючы аўтамабілем, на працягу аднаго года перавысіць дазволеную хуткасць, ён можа быць высланы з краіны. А замежнаму святару дастаткова перавысіць хуткасць толькі два разы на працягу года, каб Упаўнаважаны па справах рэлігій не працягнуў яму дазволу працаваць у Беларусі. Усё гэта стварае вялікую праблему, асабліва калі ўзяць пад увагу змяншэнне колькасці пакліканняў», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Пры гэтым арцыбіскуп таксама звярнуў увагу на тое, што нават калі замежны святар прыедзе ў Беларусь, скарыстаўшыся магчымасцю кароткатэрміновага бязвізавага рэжыму для грамадзян Еўрасаюза, дык ён падчас свайго прабывання не мае права цэлебраваць святую Імшу без дазволу ўсё таго ж Упаўнаважанага, для чаго неабходна падрыхтаваць вялізную колькасць дакументаў, што з’яўляецца нечуванай для цывілізаванага свету практыкай.