Пошук


Ксёндз Кшыштаф Пасвята CSMA нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Мінскам, дзе будуе новы касцёл. Але cкончыць распачатую будоўлю не паспее — да 30 красавіка ён павінен выехаць з Беларусі.

За апошні год ён тройчы перавысіў хуткасць на дарозе, што прывяло да адмовы ў падаўжэнні дазволу на служэнне.

Перамовы выніку не далі

27 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Паўлавічам Гулякам, падчаc якой вырашалася, ці зможа кс. Кшыштаф несці далейшую працу на Беларусі.

Але пазітыўных навін сустрэча не прынесла.

Згодна з Пастановай аб прабыванні замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прынятай у Беларусі ў 2008 годзе, два і больш адміністратыўныя парушэнні могуць прывесці да адмовы ў прабыванні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на наступны момант:

«Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе, гаворыць, што замежнік можа не атрымаць візу, калі мае пяць і больш адміністратыўных правапарушэнняў.

Гаворка ідзе пра пяціразовае парушэнне, а не двух- ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў.

Ніхто не ставіць пад сумнеў, што беларускія законы павінны захоўвацца, але гэты юрыдычны аспект варта ўлічваць».

***

Упершыню ў Беларусь кс. Кшыштаф прыехаў у 1992 годзе яшчэ дыяканам. Тады яго вельмі кранула вера беларусаў і іх гасціннасць. Праз 20 гадоў ён вырашыў прыехаць сюды ўжо на душпастырскую працу.

                        

Сёння святар-міхаліт — пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве. Дзякуючы яго намаганням тут быў узведзены пастырскі цэнтр для дзяцей і моладзі з капліцай і араторыем. А цяпер ідзе будаўніцтва касцёла.

Гэта будзе пяціметровая святыня, адна з вежаў якой будзе дасягаць 35 метраў у вышыню.

«Касцёл разлічваем пабудаваць за пяць гадоў, гэта будзе першая каталіцкая святыня ў Гатаве», — адзначае святар. 

«На тэрыторыі парафіі, да якой адносяцца таксама прылеглыя Міханавічы і Мачулішчы, жыве каля дзевяці тысяч чалавек. Тут ёсць царква, касцёла ж яшчэ не было».

Першы паверх касцёла ўжо ўзведзены.

«Вось — уваход у святыню. Крыху далей — бакавыя навы, у адной вельмі зручна можна будзе размясціць стаенку на Божае Нараджэнне», — расказвае святар.

«У будаўніцтве вельмі дапамагаюць ахвяраванні вернікаў з Польшчы, а таксама падтрымка ордэна міхалітаў, да якога я належу, — працягвае святар. — Свой уклад робяць і мясцовыя парафіяне, ахвяруючы хто колькі можа. Святыню будуем усе разам».

***

Афіцыйнай прычынай неўзгаднення далейшага служэння сталі парушэнні правіл дарожнага руху. Святар не адмаўляе: так, парушэнні былі.

«Галава часта забітая клопатамі пра служэнне, пра парафію — і не заўсёды, націскаючы на педаль, бачыш, на якой хуткасці едзеш. Але калі парушыў, можна забраць аўтамабіль, забараніць ездзіць на нейкі перыяд, але навошта высылаць мяне з Беларусі, якую я так палюбіў?..» — уздыхае святар.

***

Мы сядзім на кухні ў пастырскім цэнтры і частуемся гарбатай, якую для нас заварыў пробашч.

Святар паказвае даведкі на служэнне, якіх за гады працы ўжо назбіралася на цэлую папку — кожную з іх ён акуратна складвае ў асобны файл.

Дазвол на служэнне заўсёды выдаваўся на пэўны тэрмін: тры месяцы, паўгода, год. І праз пэўны час яго трэба было працягваць. І так з усімі замежнымі святарамі і кансэкраванымі асобамі, якія працуюць у Беларусі.

«Так, я паляк, але святую Імшу я заўсёды цэлебрую па-беларуску. Я служу людзям і не разумею, чаму людзей трэба пазбаўляць душпастыра, які прыехаў сюды, каб служыць», — заключае святар.

Мы распытваем пробашча пра далейшы лёс парафіі, але ён толькі паціскае плячыма: пакуль невядома, хто стане яго наступнікам і працягне будаўніцтва касцёла.

Cёння ў Беларусі служаць толькі двое міхалітаў-беларусаў, але ў кожнага з іх свая парафія і свае душпастырскія абавязкі.

Ксёндз Кшыштаф прыносіць тоўстыя альбомы з раздрукаванымі здымкамі — архіў парафіі.

Гісторыю кожнага альбома кс. Кшыштаф можа расказваць гадзінамі — парафія паўставала на яго вачах.

У гэтых чатырох альбомах — жыццё гатаўскіх парафіян з 2004 года, калі парафію толькі зарэгістравалі.

     

Спачатку пабудавалі невялікі «вагончык» для малітваў, затым распачаўся этап будаўніцтва пастырскага цэнтра. Вось будаўніцтва скончылася, прыехаў біскуп на ўрачыстае адкрыццё…

«А гэта дзяўчынка, якая сядзіць на руках у мамы, сёння ўжо рыхтуецца да Першай Камуніі», — паказвае святар. Бачна, што кожны здымак нагадвае яму пра асаблівую падзею ў парафіі.

***

2 мая святар адзначыць 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. Але адсвяткаваць гэту падзею ў Беларусі з парафіянамі не зможа.

«Вельмі шкада, што так адбываецца. Ён так шмат зрабіў для Касцёла ў Беларусі і мог бы зрабіць яшчэ больш...» — з горыччу заключае Мітрапаліт Кандрусевіч.

Абноўлена 28.04.2018 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.