Пошук

21.05.2018 10:40   Catholic.by

19 мая тры дыяканы з супольнасці ксяндзоў міхалітаў атрымалі ў Кракаве (Польшча) прэзбітэрскае пасвячэнне. Сярод новапрэзбітэраў — беларус Аляксандр Ашмянчук CSMA з Васілішак (Гродзенская дыяцэзія).

Наш суайчыннік стаў святаром разам з двума сваімі сабратамі — Патрыкам Лапам і Яраславам Віткоўскім. Яшчэ адзін іх калега, Пётр Дамброўскі, прыняў пасвячэнне дыяканату.

Урачыстая Эўхарыстыя з літургіяй пасвячэнняў адбылася ў касцёле бл. Анелі Салявы ў польскім Кракаве, дзе ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ксяндзоў міхалітаў праходзіла духоўная фармацыя будучых святароў.

Узначаліў цэлебрацыю Кракаўскі арцыбіскуп на пенсіі і былы сакратар св. Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Дзівіш.

У сваёй гаміліі найбліжэйшы супрацоўнік і сведка жыцця святога Папы, які назваў святарства «Дарам і таямніцай», падкрэсліў веліч заданняў і годнасці гэтага сакрамэнту і служэння ў Касцёле.

У пасвячэнні ўзялі ўдзел шматлікія сабраты з законніцкай супольнасці св. Міхала Арханёла на чале з яе генеральным настаяцелем кс. Дарыюшам Вількам, а таксама родныя і блізкія новапрэзбітэраў, у тым ліку з Беларусі.

 

Адразу пасля пасвячэння новапрэзбітэр Аляксандр Ашмянчук CSMA адказаў на некалькі пытанняў свайго старэйшага сабрата кс. Кшыштафа Пасвяты CSMA, які да нядаўняга часу нёс служэнне ў пасёлку Гатава пад Мінскам, але чыя місія, на жаль, была нечакана перарвана.

Кс. Кшыштаф: Калі ты вырашыў стаць святаром?

Кс. Аляксандр: Я прыняў такое рашэнне, калі заканчваў школу. Ужо ў дзяцінстве з’яўляліся першыя думкі пра тое, каб стаць ксяндзом, але гэта было толькі дзіцячае захапленне. Усур’ёз я пачаў задумвацца пра святарства толькі ў апошнім класе. Гэта быў няпросты час, я разважаў, што мне рабіць далей.

Перада мною былі два шляхі: я хацеў быць настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі, якогасьці дакладнага прадмету, або прыняць святарскае пакліканне.

Я збіраўся прыняць рашэнне ў залежнасці ад вынікаў экзаменаў. Аднак так іх і не забраў… Яшчэ да таго, як яны з’явіліся, я вырашыў уступіць у супольнасць.

Кс. Кшыштаф: Што было самым важным у распазнаванні паклікання? Магчыма, ты памятаеш пра нейкі вызначальны момант, які пакіраваў тваім жыццём?

Кс. Аляксандр: Вядома, былі сумненні, былі і крызісы. Былі таксама свае цяжкасці ў выхаваўчым працэсе, нялёгка давалася напісанне магістарскай працы.

Нягледзячы ні на што, я ніколі не думаў пра тое, каб адмовіцца ад гэтага шляху. Я ўсё рабіў з думкаю, што, хоць і цяжка, але я спраўлюся.

Кс. Кшыштаф: Семінарыя — гэта час няспыннага распазнавання, фармацыйнай працы і малітвы. Як цяпер ты ацэньваеш гэты жыццёвы этап? Што ён табе даў?

Кс. Аляксандр: Прыйшоўшы ў семінарыю, я не ўсведамляў, што гэта насамрэч такое. Я быў малады, меў усяго 18 гадоў, было страшнавата. З цягам часу я пачаў інакш на гэта глядзець.

Семінарыя — гэта для мяне, перш за ўсё, перыяд распазнавання. Хоць часам з’яўляліся пытанні, звязаныя з рознымі этапамі жыцця ў семінарыі, я ўсё гэта з пакораю прымаў. Лічу, што гэты перыяд быў карысным і, несумненна, дасць свой плён у святарскім служэнні.

Кс. Кшыштаф: Наша супольнасць вядзе разнастайную дзейнасць. Дзе ты хацеў бы працаваць?

Кс. Аляксандр: Я хацеў бы вярнуцца на Радзіму, у Беларусь, і распачаць працу ў душпастырстве.

Кс. Аляксандр Ашмянчук — першы справа

Кс. Кшыштаф: Ты чагосьці баішся ў святарстве? Тваё жыццё цяпер рэзка зменіцца, перад табою новыя выклікі. Што найбольш непакоіць?

Кс. Аляксандр: Страх адзіноты. У сужэнстве заўсёды ёсць двое. Той другі заўсёды можа выслухаць, падтрымаць.

У святарстве адносіны трэба будаваць на сувязі з Хрыстом. Ён часта «прамаўляе» праз розныя сітуацыі.

І часам можна не заўважыць прысутнасці Езуса, можна ўцячы ў іншым кірунку, не заўсёды добрым. Таму для мяне важна трапіць у добрую супольнасць, каб не згубіцца ў святарстве.

Кс. Кшыштаф: Якую цытату ты выбраў сабе на прыміцыйны абразок і чаму менавіта гэты тэкст?

Кс. Аляксандр:

«Каб Ты шчодра мяне благаславіў і пашырыў мае межы, і рука Твая была са мною, ахоўваючы мяне ад зла, каб я не спазнаў горычы» (пар. 1 Крн 4, 10). Я калісьці слухаў духоўнае настаўленне кс. Міхала Мазура падчас рэкалекцый з нагоды Першай пілігрымкі моладзі за цвярозасць народа. Сваё разважанне кс. Міхал пабудаваў менавіта на гэтай цытаце, і з таго дня я нашу гэтыя словы ў сэрцы. Яны вельмі важныя для мяне.

Абноўлена 21.05.2018 12:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа