У экспазіцыю ўвойдуць як экспанаты з калекцый беларускіх музеяў, так і прадметы інтэр’ераў сучасных касцёлаў — жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Праект будзе рэалізаваны на базе Нацыянальнага гістарычнага музея і стане першым у сваім родзе зборам беларускага каталіцкага мастацтва розных часоў — ад эпохі Рэнесансу да нашых дзён.
«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — адзначае мастачка Надзея Бука, якая з’яўляецца куратарам выставы. — У экспазіцыю будзе ўключана 80 твораў мастацтва, якія дапамогуць прасачыць асноўныя старонкі Бібліі — ад стварэння чалавека да Унебаўшэсця Хрыста».
Як адзначае мастачка, працы вельмі шмат — трэба наведаць музеі і найбольш цікавыя святыні Беларусі, каб зрабіць адбор экспанатаў для выставы.
Каардынатарамі праекту з’яўляюцца мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі, Віктар Марціновіч, Глеб Вотчык і прадстаўнік Касцёла кс. Юрый Санько.
Адкрыццё выстаўкі запланавана ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі на лістапад 2018 года.
«Выстава стане адмысловай цаглінкай у справе новай евангелізацыі. Пры гэтым выстаўка будзе цікавай для ўсіх узростаў. Калі наведваць яе з дзецьмі, то праз мастацтва яны пазнаёмяцца з Бібліяй», — зазначае Надзея Бука.