Пошук

10.10.2017 10:45   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Пры касцёле св. Роха ў Мінску адкрылася студыя выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам мастачкі Надзеі Бука. Развіваць і ўдасканальваць свае мастацкія здольнасці тут могуць дзеці і дарослыя розных узростаў і канфесійнай прыналежнасці. Навучанне цалкам бясплатнае.

Студыя размяшчаецца ў дольнай частцы касцёла св. Роха на Залатой Горцы. Заняткі праходзяць раз на тыдзень і працягваюцца гадзіну. Іх праводзіць каталічка, мастак і публіцыст — Надзея Бука.

Навучанне выяўленчаму мастацтву разлічана на 3 гады і ўяўляе сабой паўнацэнны курс. Пасля кожнага занятку групы атрымліваюць дамашняе заданне, а летам, восенню, зімой і вясной у навучэнцаў ёсць таксама час «канікул».

З Надзеяй размаўляем перад заняткамі дзіцячай групы. Гэта другая па ліку група, якая займаецца ў панядзелак. Першымі былі дашкаляты.

Сёння ў вучняў працягваецца тэма графікі. Яны будуць удасканальваць навыкі розных відаў штрыхоўкі. Першае заданне — намаляваць лінерам або шарыкавай ручкай букет кветак у вазе.

Гэтая студыя — не першы вопыт выкладання выяўленчага мастацтва для Надзеі.

«Пасля сканчэння мастацкага каледжа я патрапіла па размеркаванні ў вёску Краснае, працавала там кіраўніком гурткоў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — узгадвае Надзея. — Я, як той Лабановіч з трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”, — тры гады ад’ездзіла ў гэтую вёску.

Памятаю, як баялася кароў, што пасвіліся на полі, абыходзіла іх за метраў дзесяць… У вёсцы ў мяне былі вельмі таленавітыя вучні. Потым выйшла так, што я адыйшла ад выкладання і 12 гадоў прысвяціла журналістыцы. Але праз пэўны час я вярнулася да творчасці і стала выстаўляць свае працы. Тады мне прапанавалі весці студыю пры Палацы дзяцей і моладзі. Гэта была “Студыя буцінанкі” — ад назвы віду мастацтва, якім я займаюся».

Некаторыя з былых вучняў Надзеі, даведаўшыся пра адкрыццё мастацкай студыі пры касцёле, знайшлі сваю настаўніцу, запісаліся ў групы і зараз зноў малююць.

«Весці заняткі ў касцёле — гэта Божая ласка»

Стварыць студыю менавіта пры касцёле Надзея вырашыла пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку. Яна патэлефанавала пробашчу парафіі, якую наведвае, і распавяла пра сваю задуму. Як аказалася, святар раней таксама пра гэта думаў.

«Мы хацелі, каб і дзеці, і дарослыя маглі маляваць, ды не проста вучыцца маляваць нацюрморты і пейзажы, але і кампазіцыі на рэлігійныя тэмы. Калі шчыра, у мяне былі прапановы з іншых касцёлаў, але я вырашыла адкрыць студыю ў маёй парафіі, таму што ўжо прывыкла да свайго касцёла і людзей», — узгадвае Надзея, для якой студыя — ажыццяўленне мары.

Некалькі хвілін працы — і на белых аркушах паперы з’яўляюцца вазы з кветкамі. Затым надыходзіць чарга штрыхоўкі. Надзея прыносіць гіпсавы куб і ставіць яго на невялікі столік у цэнтры класа.

«Сёння мы будзем заштрыхоўваць куб, які вы намалявалі ў мінулы раз. Тыя, хто прыйшоў першы раз, пачынаюць маляваць куб з самага бліжняга вугла. Таксама не забываем пра пераходную штрыхоўку», — тлумачыць настаўніца.

Тым часам у клас прыходзяць яшчэ два новыя вучні, якія запісаліся на днях.

Усяго заняткі наведвае 90 чалавек.

«На сёння гэта вельмі шмат для мяне. Як толькі мы задумвалі студыю, я казала пробашчу кс. Юрыю Санько, што хацела б набраць хоць бы чалавек 10, маючы на ўвазе і дзяцей, і дарослых. Але ў першы ж дзень набору, пасля нядзельнай святой Імшы, да мяне прыйшло запісвацца чалавек 60. А на працягу тыдня тэлефанавалі яшчэ», — узгадвае мастачка.

Усе навучэнцы студыі размеркаваны на 6 груп. Па дзве групы для кожнага ўзросту — малодшыя школьнікі, сярэдняя школа і дарослыя. Дарослыя групы самыя шматлікія.

Ва ўсіх групах Надзея вядзе заняткі сама. Для гэтага яна спецыяльна распрацавала тры тэматычныя планы.

«Я не чакала такога. Думаю, што ў будучыні, калі так будзе ісці далей, мне патрэбна будзе дапамога і іншых выкладчыкаў. Таму што ў мяне двое дзяцей і я, бывае, хварэю, патрэбна ўсё роўна кімсьці мяне замяніць», — дадае Надзея.

На занятках у дзіцячых групах існуе свая сістэма ацэнак. Дзеці з пачатковай школы за добрыя працы атрымліваюць «пузыры», а старэйшыя — «зоркі». За 10 «пузыроў-зорак» даецца падарунак.

Перыядычна Надзея падыходзіць да дзяцей, ацэньваючы працы і паказваючы на памылкі, раіць, на што варта звярнуць увагу і што дапрацаваць.

Каля гадзіны працы — і на свет з’яўляюцца шэдэўры геаметрычнай формы. Меншыя і большыя, інтэнсіўна-цёмныя і лёгка-светлыя — кубы. Дзеці радасныя і задаволеныя. А напачатку і напрыканцы кожнага занятку — малітва.

«Мне вельмі падабаецца, што ў нас заняткі распачынаюцца і заканчваюцца малітвай. Я веруючы чалавек, таму мне здаецца, што весці заняткі ў касцёле — гэта своеасаблівая Божая ласка. Для мяне заняткі з дзецьмі і дарослымі — гэта і магчымасць паказаць Богу сваю любоў», — заўважае выкладчыца.

Школьніца Вераніка Коўш упершыню на занятках: «Мне спадабалася. Тут вельмі добра ўсё паказваецца і расказваецца». Дзяўчынку сюды запрасіла сяброўка Пелагея, якая наведвае заняткі ад самага пачатку.

«Даўно хацела заняцца маляваннем, таму, калі мне бацькі распавялі пра гэтую студыю, я адразу вырашыла пайсці», — дапаўняе сяброўку Пелагея Сяргеева-Някрасава.

«Гэта цудоўная магчымасць сумяшчаць духоўнасць і мастацтва»

Наступная група — гэта дарослыя. Іх значна больш у параўнанні з дзецьмі. Паступова навучэнцы займаюць свае месцы. Пакуль яны малююць вазу з кветкамі, Надзея правярае дамашняе заданне. Дома патрэбна было намаляваць скамечаную паперу і перадаць з дапамогай ліній аб’ём асенняга ліста. У некаторых выйшла проста цудоўна.

«Тэмы пераклікаюцца ва ўсіх групах. Спачатку аснова — графіка, малюнак. Бо, калі мастак не ўмее карыстацца простым алоўкам і не ведае правіл лінейнай перспектывы, то ў будучыні не зможа нармальна маляваць нацюрморт. А гэта таксама важна. Любы пачынаючы мастак павінен умець маляваць прадметы з натуры», — заўважае Надзея.

Апошнія штрыхі — і вазы з кветкамі гатовыя. Надыходзіць час для кубоў.

«Зараз у нас па праграме віды штрыхоўкі. Малюем з натуры гіпсавы куб і сёння будзем яго заштрыхоўваць. Гэта значыць — маляваць яго аб’ём”, — заўважае Надзея.

У праграме навучання студыі таксама розныя віды графічных матэрыялаў і тэхнік жывапісу, законы перспектывы, кампазіцыя і колеразнаўства…

«Пасля вывучэння розных тэхнік акварэлі мы прыступім да нацюрморту. Нацюрморт будзе не такі, якім мы яго звычайна прывыклі бачыць. Ён будзе тэматычна звязаны з касцёлам. Магчыма, там будзе Біблія, ружанец, але ён абавязкова павінен пераклікацца з рэлігійнай тэмай», — дадае выкладчыца.

Дарослыя групы самыя шматлікія. Тут людзі розных узростаў і прафесій. Менеджар Дзяніс Гайдук цэлы дзень працуе за камп'ютарам. Магчымасць працы з алоўкам і паперай для яго — «вялікая рэдкасць». Дзяніс заўсёды хацеў навучыцца маляваць.

«Раней я не асабліва маляваў, а ў школе больш займаўся чарчэннем, таму заўсёды здзіўляўся, як гэта ў людзей атрымліваецца. Да ўсяго, заўсёды ў жыцці хочацца разнастайнасці — навучыцца чамусьці новаму, развіць нейкі навык, які, магчыма, у табе яшчэ дрэмле, а таксама цікава правесці час і пазнаёміцца з новымі людзьмі», — заўважае мужчына.

Навучэнцы студыі будуць не толькі наведваць заняткі, але і хадзіць у музеі на выстаўкі, а летам — выязджаць на мастацкія пленэры.

«Я — мэтанакіраваны чалавек, і ўжо зараз бачу, што мае вучні будуць маляваць на трэцім годзе навучання. Спадзяюся, да гэтага часу яны будуць маляваць не за сталамі, а стоячы за мальбертамі, у іх будуць нацягнутыя халсты ці планшэты, і яны будуць маляваць з натуры не нацюрморты, а людзей, а таксама прыдумваць свае кампазіцыі, магчыма, нейкія біблейскія сюжэты ці нават іконы для інтэр’ераў», — распавядае Надзея Бука.

За гадзіну працы не ўсе паспяваюць поўнасцю завяршыць штрыхоўку куба, таму заданне можна скончыць дома. А зараз адбываецца «агульны прагляд» прац.

Навучэнцы раскладваюць свае кубы на сталах і падыходзяць разам з настаўніцай да кожнага малюнка. Выкладчыца ацэньвае якасць выканання малюнкаў і дае парады для іх паляпшэння. Дамашняе заданне — намаляваць каляровымі алоўкамі нацюрморт на тэму «Малітва».

Надзея марыць, каб хтосьці з вучняў стаў прадаўжальнікам яе ўласнага віду мастацтва — буцінанкі — выразання кампазіцыі з цэльнага ліста паперы.

«Я хачу таксама, каб мае вучні — і дарослыя, і дзеці — не тое што сталі прафесійнымі мастакамі, але каб навучыліся бачыць свет ва ўсёй шматграннасці колераў. А колераў насамрэч у прыродзе і навакольным свеце вельмі шмат… Бог — гэта сапраўды самы вялікі мастак. І мне здаецца, што Ён, калі задумваў свет такім прыгожым, усё ж думаў аб тым, каб былі людзі, якія б гэты свет адлюстроўвалі».

Абноўлена 10.10.2017 14:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа