25 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбылося святочнае выступленне парафіяльнага хору «Залатая Горка».
Калектыў пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы, які з’яўляецца адным з найстарэйшых і найбольш вядомых парафіяльных хораў у Беларусі падрыхтаваў музычнае віншаванне з Божым Нараджэннем, якое складалася з розных калядных спеваў.
У святочным выступе ў святыні бралі ўдзел прадстаўніцы ўжо трох пакаленяў залатагорскага хору.
У іх выкананні гучалі старадаўнія калядкі на лацінскай мове, якія ў Сярэднявеччы спявалі ваганты і міністрэлі, гучалі таксама традыцыйныя беларускія калядкі і калядкі з розных краін свету на іспанскай, французскай, украінскай мовах. Некаторыя спевы падхоплівалі і разам з харысткамі спявалі прысутныя ў касцёле шматлікія вернікі разам з пробашчам Залатагорскай парафіі ксяндзом канонікам Юрыем Санько.
Прапануем вашай увазе сусветна вядомую калядку «Щедрик» у выкананні хору «Залатая Горка»: гэты спеў быў выкананы на біс, і двойчы харысткам не давалі яго завяршыць нецярплівыя воплескі захопленых слухачоў.