18 красавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбылася прэзентацыя фотаальбома «Містэрыі Гервятаў» — плёну высокапрафесійнага супрацоўніцтва майстра фатаграфічнага мастацтва Валерыя Вядрэнкі і майстроў паліграфічнай справы з выдавецтва «Тэхналогія», у якім убачыла свет шыкоўнае выданне.
Аўтар прысвяціў свой фотаальбом памяці шматгадовага пробашча касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах кс. Леаніда Несцюка, які адышоў у вечнасць 24 сакавіка мінулага года.
На пачатку мерапрыемства была паказана стужка Валерыя Вядрэнкі «Пілігрымка ў Стары Свет», у якую ўвайшлі працы, зробленыя фотамастаком у розныя гады ў Беларусі і Еўропе. «Прапаную вам іх для прагляду, каб вы змаглі занурыцца ў той свет, які мне вельмі блізкі», — запрасіў аўтар.
Наступная дэманстрацыя фотафільму «Апосталы Гервятаў» сваёй вобразнасцю яшчэ больш яскрава перадала атмасферу прысутнасці Боскага ў прыгажосці.
Мятэчка Гервяты, што на беларуска-літоўскім памежжы, нездарма называюць «маленькай Швейцарыяй».
Касцёл, пабудаваны ў пачатку ХХ ст., з’яўляецца не толькі выдатным увасабленнем неагатычнага стылю, але і сімвалам духоўнага натхнення. Сваёй узнёслай прыгажосцю ён вабіць шматлікіх вандроўнікаў, мастакоў, пілігрымаў з розных частак Беларусі і з замежжа.
«Колькі б разоў я ні наведваў Гервяты, я нязменна напаўняюся пачуццём гонару за прыгажосць і высакароднасць, за высокі ўзор стылю, за дасканалы вобраз увасобленай веры», — дзеліцца сваім унутраным успрыманнем фотамастак.
Альбом «Містэрыі Гервятаў» падзелены на чатыры часткі і адлюстроўвае не толькі рэканструкцыю касцёла, яго вонкавы выгляд і інтэр’ер, але таксама гісторыю парафіяльнай супольнасці, тых людзей, якія выратавалі гэтую святыню, калі надышоў час яе аднаўлення. Тэкст альбома падрыхтаваны на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Прэзентаванае выданне для тых, хто на свае вочы пакуль не бачыў гервяцкага касцёла, а таксама для тых, хто ўжо меў такую магчымасць, пакажа гэты каменны цуд з нечаканага боку: не з такога, з якога многія прызвычаіліся бачыць яго на паштоўках.
Альбом «Містэрыі Гервятаў» — гэта адначасова фоталетапіс і мастацкая галерэя.
Ён будзе цікавым як парафіянам касцёла Найсвяцейшай Тройцы, мясцовым жыхарам, якія добра ведаюць гэтыя мясціны, так і ўсім людзям, якія цікавяцца архітэктурай і мастацтвам роднага краю.
Сярод ганаровых гасцей на прэзентацыі ў Чырвоным касцёле прысутнічалі рэдактар выдавецтва «Тэхналогія» Зміцер Санько, фотамастак і літаратар Георгій Ліхтаровіч, паэт і перакладчык Алесь Разанаў, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская. Пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк як гасцінны гаспадар зрабіў аўтару фотаальбома сімвалічны падарунак: выяву касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў промнях сонца.