Пошук

18.05.2021 10:51   Тэкст: Павел Догель / Фота: Кс. Сяргей Бараўнёў / Catholic.by

15 мая супольнасць першага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі наведала парафію Божага Цела ў Беразінскім (Маладзечанскі дэканат), дзе ў гэты дзень ладзіўся канцэрт арганнай музыкі ў выкананні вядомых беларускіх музыкаў.

Вядучы канцэрта парафіяльны арганіст Андрэй Міхневіч пазнаёміў семінарыстаў з багатай гісторыяй развіцця сусветнай і беларускай арганнай музыкі, а таксама прэзентаваў слухачам кнігу «Вялікая душа маленькай парафіі» (аўтары — ксёндз Уладзіслаў Завальнюк і Ганна Чакур), прысвечаную гісторыі парафіі ў Гервятах і яе шматгадоваму пробашчу святой памяці ксяндзу Леаніду Несцюку, які, між іншым, зрабіў унёсак у захаванне хрысціянскай культурнай спадчыны праз арганізацыю ў гервяцкім касцёле канцэртаў арганнай музыкі, што набылі вядомасць у Беларусі і за мяжой.

Падчас канцэрту выступілі лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігнат Данько (бас-барытон), саліст сімфанічнага аркестра Маладзечна Дзмітрый Апяцёнак (тэнар, арган), галоўны арганіст Новаапостальскай царквы ў Мінску Юрый Габрусь (арган), арганіст парафій Беразінскае і Палачаны Андрэй Міхневіч (барытон, арган).

У праграме прагучалі творы Ёгана Себасцьяна Баха, Робэрта Шумана, Георга Фрыдрыха Гендэля, а таксама нумары з італьянскай класікі і арыі з опер.

На заканчэнне вядучы пажадаў будучым святарам у сваёй няспыннай фармацыі клапаціцца не толькі пра духоўныя каштоўнасці, але і цікавіцца культурнымі, якія ўзбагачаюць чалавека, уплываюць на яго гарманічнае развіццё і ўспрыманне свету і бліжняга.

 

Абноўлена 18.05.2021 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа