2 кастрычніка, ва ўспамін святых Анёлаў Ахоўнікаў, новы біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй здзейсніў прызначэнні сярод святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, з кожным са святароў, прызначаных на новыя пасады, іерарх асабіста сустрэўся і ўручыў дэкрэт аб прызначэнні.
Ксёндз канонік Валянцін Хвядук прызначаны пробашчам парафій святога Міхала Арханёла ў Белагрудзе і святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат).
Ксёндз Віталій Сідорка вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр, мучаніц з Навагрудка, у Лідзе i прызначаны пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат).
Ксёндз Павел Ствол вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) і прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат).
Ксёндз Дзмітрый Леўчык вызвалены ад абавязкаў пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Астравецкі дэканат) і прызначаны пробашчам парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр, мучаніц з Навагрудка, у Лідзе (Лідскі дэканат).
Ксёндз Юрый Садоўскі вызвалены ад абавязкаў вікарыя парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат) і прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі ў Рэплі (Ваўкавыскі дэканат).
Ксёндз Андрэй Скамарошка прызначаны вікарыем парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат).
Ксёндз Анджэй Ганчар прызначаны сакратаром біскупа Гродзенскага і архіварыусам Гродзенскай курыі.
Ксёндз Алег Кудэрка вызвалены ад абавязкаў архіварыуса Гродзенскай курыі.
Звяртаючыся да святароў, біскуп Гуляй запэўніў іх у сваёй малітве і духоўнай падтрымцы.
«Любіце Касцёл. Любіце людзей, да якіх вы пасланыя. Няхай людзі заўсёды бачаць у вас духоўную падтрымку і атрымліваюць гэтую падтрымку», — заахвоціў іерарх, пасля чаго ўдзяліў новапрызначаным святарам благаслаўленне на выкананне новых адказных абавязкаў у Касцёле Гродзенскай дыяцэзіі.