Пошук

30.09.2024 12:06   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Марцін Лудзіч / Grodnensis.by

27 верасня ў парафіі святога Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат) адбылося пахаванне ксяндза Рышарда Пэрчака, які быў пробашчам гэтай парафіі з 1997 года.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на пахавальнай Імшы сабралося больш за 100 святароў з усіх дыяцэзій Касцёла на Беларусі, у тым ліку іерархі: біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Прысутнічалі шматлікія парафіяне з Белагруды, а таксама з суседняй Дзітвы, у якой дзякуючы старанням ксяндза Рышарда быў пабудаваны касцёл.

Удзельнікі пахавальнай цырымоніі маліліся аб тым, каб Бог прыняў у Нябеснае Валадарства свайго слугу, які рупліва здзяйсняў святарскую працу на Лідчыне.

Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў біскуп Кашкевіч.

На пачатку літургіі пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што ксёндз Рышард — ужо трэці святар Гродзенскай дыяцэзіі, які ў росквіце сіл адыходзіць у вечнасць у гэтым годзе. Біскуп дадаў, што на ўсё — Божая воля і гэтую волю трэба прымаць.

Вікарый лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі айцец Андрэй Агель SP у гаміліі нагадаў жыццярыс спачылага і назваў такія яго рысы, як прастата, непасрэднасць, чуласць і адкрытасць на патрэбы людзей.

Напрыканцы Імшы родная сястра спачылага выказала ўсім шматлікім прысутным удзячнасць за дар малітвы ў яго інтэнцыі.

Біскуп Зноска выказаў словы спачування ад імя біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.

Біскуп Гуляй, звяртаючыся да прысутных, адзначыў, што ксёндз Рышард «жыў для нас, для ўсіх, каму адкрываў святую таямніцу Хрыстовага збаўлення». Яго смерць іерарх назваў стратай для ўсяго Касцёла, бо «ён памёр цяпер, калі знайсці святара так цяжка, калі пакліканняў усё менш».

«Наш брат і слуга Хрыста адыходзіць, таму мы ўсе, сабраныя вакол труны, просім аб новых, шматлікіх, добрых і святых пакліканнях да святарства і манаства. Малітва пры труне святара, душпастыра, у гэтым сэнсе бывае асабліва выслуханая», — сказаў каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп падзякаваў усім за дар малітвы і спадарожнічанне памерламу на яго апошнім зямным шляху.

Ксёндз Рышард Пэрчак быў пахаваны напярэдадні адпустовай урачыстасці Арханёла Міхала, апекуна белагрудскай парафіі, каля парафіяльнага касцёла, які многіх захоплівае сваёй прыгажосцю і мае багатую гісторыю.

Ксёндз Рышард Пэрчак нарадзіўся 21 жніўня 1959 г. у Бужысках (Драгічынская дыяцэзія, Польшча) у сям’і Антонія і Зоф’і Пэрчакаў.

У 1986–1991 гг. вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).

Дыяканскае пасвячэнне прыняў 24 ліпеня 1992 г. у касцёле Перамянення Пана ў Селіванаўцах (Гродзенская дыяцэзія, Сапоцкінскі дэканат).

Прэзбітэрскае пасвячэнне, удзеленае біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, прыняў 7 снежня 1996 г. у катэдры св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне.

Адразу пасля пасвячэння служыў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога ў Бярозаўцы (Навагрудскі дэканат).

24 лістапада 1997 г. быў прызначаны пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Белагрудзе (Лідскі дэканат), дзе служыў да смерці.

Калі ў 2007 г. была ўтворана парафія святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат), стаў яе першым пробашчам. Пад яго кіраўніцтвам там была пабудавана святыня.

Пасля працяглай хваробы адышоў у вечнасць на досвітку 25 верасня, прыняўшы святыя сакрамэнты.

Абноўлена 30.09.2024 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця