Адпустовай урачыстасцю з сакрамэнтам канфірмацыі 22 верасня завяршыліся святыя місіі ў парафіі святога Арханёла Міхала ў Белагрудзе (Лідскі дэканат).
На ўрачыстасць, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, сабраліся шматлікія вернікі, госці і амаль усе святары вялікага і дружнага Лідскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі на чале з біскупскім вікарыем кс. канонікам Уладзімірам Гуляем і кс. дэканам Андрэем Роўбам CRL. Перад гэтым у белагрудскай парафіі праходзілі святыя місіі. Тры нядзелі запар кс. Андрэй Агель, піяр, абвяшчаў Божае Слова тутэйшым парафіянам дзеля ўмацавання іх веры і сапраўднага хрысціянскага навяртання.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы на заканчэнне святых місій і з нагоды парафіяльнага адпусту святога Арханёла Міхала ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі.
Пры дзвярах прыгожай неагатычнай белагрудскай святыні, што ўзносіць свае стромкія вежы над маляўнічаю рэчкаю Дзітвою, Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сустрэў шматгадовы пробашч парафіі кс. Рычард Перчак, духавенства і вернікі.
На пачатку Эўхарыстыі ксёндз пробашч узгадаў, як упершыню ўбачыў святыню ў Белагрудзе, занядбаную ў савецкія часы змагання з рэлігіяй.
Касцёл у зарасніках кустоўя, насупраць — дом з выбітымі шыбамі і плябанія, зарослая высокімі каноплямі…
Першае жаданне было ўсё кінуць і пешкі вяртацца дадому. Аднак з дапамогаю Бога і ахвярных мясцовых вернікаў за гады руплівай працы ўдалося адрадзіць святыню, вярнуць ёй першапачатковую прыгажосць і згуртаваць вакол яе Касцёл, складзены не з цэглы, а з жывых людзей, сапраўдную парафіяльную сям’ю.
Падчас Эўхарыстыі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 47-і мясцовым вернікам, сярод якіх былі і чатыры браты-блізняты. Непадобныя знешне, яны аднолькава руплівыя ў служэнні пры алтары ў якасці міністрантаў разам са сваім старэйшым братам-студэнтам, які стаў для іх сведкам канфірмацыі, а па-просту кажучы, «бежмаваным бацькам».
Прыгожая ўрачыстасць у прыгожым касцёле ў Белагрудзе завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй і благаслаўленнем адноўленага місійнага крыжа.
Малітву благаслаўлення прачытаў біскуп Юрый Касабуцкі, а акрапіў крыж асвячонаю вадою ксёндз «місіянер» Андрэй Агель SP. Пасля гэтага вернікі ўшанавалі святы знак збаўлення, які, высока ўзносячыся перад касцёлам, будзе нагадваць ім пра перажытыя місіі.
…Нават нябёсы, радуючыся разам з белагрудскімі парафіянамі, падаравалі ім цудоўны і светлы дзень, сагрэты не па-восеньску лагодным сонейкам, шчырымі ўсмешкамі і цеплынёю адкрытых для ласкі Святога Духа чалавечых сэрцаў.