Пошук

04.06.2024 16:46   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Людміла Віхаценка / Grodnensis.by

Раніцай 26 мая, на насутпны дзень пасля біскупскага пасвячэння, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй узначаліў цэлебрацыю нядзельнай святой Імшы ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара), дзе больш за 20 гадоў быў пробашчам.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, гэта была першая Эўхарыстыя, якую новапасвячаны іерарх цэлебраваў у якасці біскупа — своеасаблівая «прыміцыя».

Перад пачаткам Імшы біскупа пры ўваходзе ў касцёл сустрэлі святары, якія нясуць тут служэнне, а таксама парафіяне, міністранты, семінарысты, што паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці — адной з самых вялікіх у нашай краіне.

Урачыстая літургія сабрала вялікую колькасць вернікаў. У ёй узялі ўдзел таксама святары і прадстаўнікі іншых парафій Ліды. Яны прыйшлі, каб падзяліць радасць за новага біскупа, які з’яўляецца біскупскім вікарыем Лідскага рэгіёна Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі парафіі, за ўсіх яе вернікаў і святароў.

Ксёндз Віталій Сідорка, пробашч лідскай парафіі святога Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр, мучаніц з Навагрудка, прамовіў гамілію у якой пазнаёміў з сімволікай знакаў біскупскага служэння: мітры, пастарала, герба, а таксама падкрэсліў важнасць ролі біскупа ў супольнасці Касцёла і ў жыцці кожнага хрысціяніна.

Напрыканцы Імшы парафіяне, у тым ліку моладзь і дзеці, выказалі біскупу свае пажаданні і словы падзякі.

Іерарх, у сваю чаргу, падзякаваў вернікам за падтрымку, прысутнасць і малітву, падкрэсліўшы, што спіс тых, каму ён удзячны, вельмі вялікі і ўсіх не пералічыць, але ён заўсёды носіць іх у сэрцы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця