Пошук

12.11.2019 13:07   Тэкст: Юзэфа Савіцкая / Фота: Марына Варабей / Catholic.by

Адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар выбітнай беларускай польскамоўнай пісьменніцы ХІХ ст. Габрыэлі Пузыні (1815–1869), прымеркаванае да ўшанавання 150-х угодкаў яе адыходу ў вечнасць, адбылося 26 кастрычніка ў касцёле Божага Цела ў Беразінскім (Гарадзілаве).

Мемарыяльная дошка была з’явілася тут намаганнямі пробашча мясцовай парафіі ксяндза каноніка Сяргея Бараўнёва, які рупіцца пра ўшанаванне памяці тых слаўных продкаў, якія годна жылі і тварылі на нашай зямлі, захоўвалі жывую хрысціянскую веру, пакінулі нам, нашчадкам, цудоўную культурную спадчыну, вартую таго, каб яна напаўняла таксама нашу сучаснасць, даючы прыклад высокага мастацтва, прасякнутага любоўю да Бога і бліжняга.

Графіня Габрыэля з Гюнтэраў Пузыня нарадзілася ў Вільні, жыла ў бацькоўскім маёнтку Дабраўляны былога Смаргонскага павету. Яе маці Аляксандра паходзіла з роду Тызенгаўзаў. З 1851 г., выйшаўшы замуж за князя Тадэвуша Пузыню, Габрыэля жыла ў ягоным маёнтку Гарадзілава (цяпер гэта аг. Беразінскае Маладзечанскага раёна). Тут яна плённа працягвала сваю літаратурную, культурна-асветніцкую і хрысціянска-дабрачынную дзейнасць, тут спачыла 16 жніўня 1869 г. і была пахаваная, паводле звестак мемуарыстаў, у сямейным склепе на мясцовых могілках, ад якіх па бальшавіцка-камуністычным панаванні нічога, на жаль, не засталося. Аднак застаецца памяць удзячных нашчадкаў, без якой нельга будаваць годную будучыню.

Габрыэля Пузыня карысталася псеўданімам «Аўтарка ў Імя Божае» («W Imię Boże» называўся першы зборнік яе вершаў, выдадзены ў Вільні ў 1843 г.), яна плённа працавала ў розных жанрах літаратуры: паэзіі, прозе, драматургіі, мемуарыстыцы.

Апрача гэтага, графіня Габрыэля была арганізатаркай пастаянных культурных імпрэзаў («салонаў») у Гарадзілаве (цяпер Беразінскае), а збіралі яе «салоны» такіх выдатных дзеячаў культуры нашага краю, як Станіслаў Манюшка, Тамаш Зан, Ігнат Ходзька, Антоні Эдвард Адынец, Уладзіслаў Сыракомля і многіх іншых мастакоў, кампазітараў, літаратараў, артыстаў, асобаў духоўнага і свецкага станаў, мясцовую моладзь.

Па існуючай у ХІХ стагоддзі традыцыі графіня Габрыэля пісала свае творы на польскай мове, таму шануецца як польская і беларуская пісьменніца, а яе творчасць належыць да агульнай спадчыны гэтых народаў. Аднаўленне памяці пра пісьменніцу дапамагае будаваць культурны падмурак сённяшняй нашай краіны, а таксама спрыяе выхаванню высокай духоўнасці ў сучасным грамадстве, бо ўся яе творчасць была заснаваная на глыбокім вызнанні хрысціянскай каталіцкай веры.

Таму зусім слушна на дошцы, адкрытай у яе гонар, пасля імя і датаў жыцця ёсць такія словы: «Пісьменніца-хрысціянка, якая ўмела любіць Бога і бліжняга і гэтай любоўю напаўняла ўсё, што выходзіла з-пад яе пяра». А завяршае кароткі жыццяпіс Габрыэлі Пузыні на памятнай дошцы яе сведчанне веры, заключанае ў чатырохрадкоўі «Да Бога»:

Да Бога
Мне добра ўсё, калі Ты мной кіруеш,
Мне сумна ўсё, калі сама паную.
Ты за мяне і думаеш, і чуеш,
Са мною, Божа, будзь, — і не ўпаду я.

З такім поўным даверам да Бога Габрыэля Пузыня жыла і напаўняла ім свае літаратурныя творы.

Пасля ўрачыстага адкрыцця і благаслаўлення мемарыяльнай дошкі, адбылася малітва «Анёл Панскі», а затым Імша-рэквіем у інтэнцыі спачылай 150 гадоў таму пісьменніцы-хрысціянкі, якую цэлебравалі пробашч парафіі Божага Цела кс. канонік Сяргей Бараўнёў і кс. Павел Эйсмант, куратар 1-га курса вышэйшай духоўнай семінарыі ў Мінску.

Цэлебрацыю суправаджалі літургічныя спевы і музыка Станіслава Манюшкі ў выкананні хора касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску Cantus Cordis (мастацкі кіраўнік Яніна Хвалько) і арганіста мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы Віктара Кісценя.

Падчас Імшы адбылося таксама благаслаўленне мемарыяльнага знака ў гонар 105-й гадавіны з дня нараджэння Сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, умураванага справа ад алтара ў сцяне касцёла.

Другой часткай урачыстасці была літаратурна-музычная імпрэза «Салон Габрыэлі Пузыні», падрыхтаваная пры падтрымцы Грамадскага аб’яднання «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў», у якой узялі ўдзел прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з Мінска: літаратары, навукоўцы, мастакі, музыкі, журналісты.

Са словам пра пісьменніцу і яе значэнне для культуры ХІХ ст. і сучаснасці выступілі вядучая імпрэзы, пісьменніца і перакладчыца твораў Габрыэлі Пузыні на беларускую мову Ірына Багдановіч і літаратуразнавец, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ігар Запрудскі. Даследчыца культуры шляхецкіх сядзібаў і роду Агінскіх, музеязнаўца са Смаргоні Таццяна Кляшчонак прэзентавала буклет, прысвечаны Габрыэлі Пузыні, з новымі краязнаўчымі і радаводнымі матэрыяламі, датычнымі пісьменніцы.

Вершы Габрыэлі Пузыні «Старыя ліпы», «Да Адама Міцкевіча» і «Анёл-ахоўнік» (у арыгінале і ў беларускіх перакладах) з вялікім натхненнем прачытала маладая паэтэса і мастачка, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Маладосць» Аксана Ючкавіч. Мастацкай дэкламацыяй апавядання Габрыэлі Пузыні «Помста літвінкі» і яе верша «Касцёл у Бялынічах» у перакладах на беларускую мову зачараваў прысутных артыст і рэжысёр Беларускага радыё і тэлебачання Алег Вінярскі.

У памяць аб тым, што ў свой час госцем салона Габрыэлі Пузыні бываў выбітны кампазітар нашага краю Станіслаў Манюшка, 200-годдзе з дня нараджэння якога ўрачыста адзначалася сёлета, прагучалі духоўныя арганныя творы кампазітара і п’есы іншых музыкаў ХІХ ст. у выкананні арганіста касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) у Мінску Віктара Кісценя.

Падчас імпрэзы адбылася прэзентацыя партрэта Габрыэлі Пузыні, ва ўзнёсла-рамантычнай манеры напісанага мастаком Алесем Пушкіным, пэндзлю якога належаць і насценныя роспісы ў самім касцёле Божага Цела ў Беразінскім.

Мастак паказаў таксама выкананую ім копію абраза Маці Божай Бялыніцкай, што было сугучна чытанню верша Габрыэлі Пузыні «Касцёл у Бялынічах».

Свае вершы, якія годна прадстаўляюць традыцыю хрысціянскай паэзіі ў сучаснасці, прачыталі пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і Ave Maria Крыстына Лялько і паэтэса, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык. Музычную частку імправізаванага «Салона Габрыэлі Пузыні» працягнуў непаўторны сваёй шчыра-спавядальнай манерай выканання бард Алесь Камоцкі. Некалькі спеваў на словы вядомых беларускіх паэтаў выканаў кампазітар Аляксандр Віслаўскі ў дуэце са сваёй жонкай Аленай.

На заканчэнне хор мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены Cantus Cordis разам з прысутнымі ў касцёле праспяваў беларускі духоўны гімн «Магутны Божа».

Цяпер кожны ў прыгожым дворыку касцёла Божага Цела на сцяне справа ад уваходу ў святыню можа пабачыць гэты новы мемарыяльны знак — яшчэ адзін сімвал нашай нацыянальнай памяці — зробленую з эстэтычным густам памятную дошку з выявай натхнёнай маладосцю і талентам Аўтаркі ў Імя Божае, калісьці тутэйшай жыхаркі, і словамі пра яе асобу.

А «Салон Габрыэлі Пузыні» чакае новых гасцей: сучасных хрысціянскіх літаратараў, мастакоў, музыкантаў, навукоўцаў і ўсіх, каму дарагая культурная спадчына нашай айчыны.

Застаецца дадаць, што 25 выбраных вершаў Габрыэлі Пузыні ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову склалі кніжку «Струмень любові» (Strumień miłości), выдадзеную ў 2018 г. выдавецтвам Pro Christo. Рыхтуюцца новыя выданні яе твораў.

 

Абноўлена 12.11.2019 15:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа